Рудкоўскі: «Канфлікт з Захадам прымушае эканамічныя эліты пераасэнсоўваць цану лаяльнасці»

Санкцыі — гэта парушэнне існуючай сістэмы стымулаў.

ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада практычна адначасова прынялі новы пакет абмежавальных захадаў у дачыненні да беларускага рэжыму. МЗС Беларусі ў сваёй звыклай манеры ўжо нервова адрэагаваў на гэта і паабяцаў «адэкватныя меры ў адказ».

Наколькі насамрэч сур’ёзныя падставы для перажыванняў, ці вялікія страты панясе беларуская эканоміка, і ці варта чакаць пагаршэння сітуацыі ў 2022 годзе, калі дзейныя кантракты скончацца і пачнуць дзейнічаць санкцыі, прынятыя раней?

У каментары «Салідарнасці» акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі адзначыў, што страты ў фінансавым эквіваленце складана акрэсліць з пэўнасцю, бо тут вельмі шмат пераменных.

— Скажу пры іншы аспект санкцый, які можа быць не менш важны. Санкцыі — гэта парушэнне існуючай сістэмы стымулаў.

На любым дзяржаўным прадпрыемстве, будзь то «Белавія», «Белшына» ці «Беларуснафта», кіраўніцтва мусіць сумяшчаць лаяльнасць да рэжыму і натуральнае імкненне да прафесійнай самарэалізацыі або/і ўзбагачэння.

Канфлікт уладаў з Захадам прымушае эканамічныя эліты пераасэнсоўваць цану лаяльнасці. Лаяльнасць, асабліва для людзей бізнесовага складу, — гэта разнавіднасць «выдаткаў», якія трэба несці, каб займець нейкі даход. І калі выдаткі перавышаюць даходы, то за гэтым ідуць пошукі альтэрнатыў.

Такім чынам, санкцыі — гэта не толькі (і не столькі) грошы або немагчымасць некаторых людзей падарожнічаць па краінах Захаду. Гэта ўдар па сістэме лаяльнасці.

Расійскі фактар будзе амартызаваць гэты ўдар, але гэта даволі хісткі фактар. Крэмль у курсе крызісу ўнутранай легітымацыі рэжыму Лукашэнкі, таму мусіць лічыцца з тым, што безагаворачная падтрымка Лукашэнкі можа прывесці да яшчэ большага падзення прарасійскіх настрояў у Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)