Пяць пытанняў аб Аршанскай бітве

«Салідарнасць» прапануе простыя адказы на пытанні, якія тычацца легендарнай бітвы.

1. Чым знамянальная Аршанская бітва?

Значнасць гэтай бітвы зусім не ў тым, што нашы войскі разбілі маскоўскія, хоць гэты факт таксама займае не апошняе месца. Нават у адным з расійскіх (!) гістарычных даведнікаў Аршанская бітва аднесена да ста найбольш вялікіх бітваў еўрапейскай гісторыі. Тады, 8 верасня 1514 года, 30-тысячнае войска ВКЛ, разграміла ўтрая большае па колькасці войска Маскоўскага княства.

Як вядома, у пачатку 16-га стагоддзя адбыўся геапалітычны падзел Еўропы паміж аўстрыйскай і маскоўскай імперыямі, у адпаведнасці з якім Вялікае княства Літоўскае падпадала пад уплыў Маскоўскага княства. Бітва пад Оршай вырашыла на той момант лёс незалежнасці ВКЛ.

2. Галоўныя героі бітвы

Камандаваў беларускімі войскамі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі. Князь, стараста брацлаўскі і вінніцкі, ваявода трокскі да 37 гадоў правёў больш за пяцьдзесят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў. У 1500 годзе ён прайграў бітву Маскоўскаму княству на рацэ Вядрошы, аднак праз 14 гадоў узяў рэванш.

Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юры Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі – слуцкі князь Юрый Алелькавіч, Іван Сапега.

Літоўскае войска рабіла стаўку на ўзаемадзеянне ўсіх родаў войскаў (цяжкай і лёгкай конніцы, пяхоты і палявой артылерыі) на поле бою. І не пралічылася. Дзякуючы мужнасці і гераізму нашых жаўнераў адносна невялікае войска ВКЛ перамагло сілы, якія пераўзыходзілі яго амаль у тры разы.

На чале маскоўскага войска быў пастаўлены вялікі ваявода Іван Чаляднін.

3. Чаму «Дзень беларускай вайсковай славы»?

Перамога ў гэтай бітве з’яўляецца самай вялікай у беларускай ратнай гісторыі. Да гэтага, іншыя буйныя перамогі беларусы, як правіла, атрымлівалі пры падтрымцы войскаў іншых дзяржаваў.

Упершыню ў гэтай бітве мы змаглі ўбачыць бел-чырвона-белыя сцягі конніцы Вялікага Княства. Гэта знайшло адлюстраванне на карціне невядомага мастака «Бітва пад Оршай», напісанай некалькімі гадамі пазней за саму бітву.

На дзідах вершнікі мелі невялікія вымпелы, на якіх змяшчаліся белыя і дзве чырвоныя палоскі, якія перасякаліся крыжом каля дрэўца. Пазней гэты крыж знік, а чырвоная стужка стала павялічвацца. Фактычна гэты знак замацаваўся як наш вайсковы сцяг аж да 19-га стагоддзя і стаў правобразам беларускага сцяга.

4. У чым гістарычнае значэнне гэтай бітвы?

У бітве пад Оршай Вялікае княства Літоўскае абараніла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спынена агрэсія Маскоўскага княства. Фактычна гэтая бітва сарвала вялікі саюз Германскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе германскі імператар адмовіўся ад саюза з Масквой, а ўступіў у саюз з вялікім князем Літоўскім і польскім каралём.

Па сутнасці, у выніку той бітвы ўсталявалася мяжа, якую мы зараз маем.

5. Чаму беларускія ўлады грэбуюць гэтай падзеяй?

Гэтае пытанне хутчэй рытарычнае. Здавалася б, важнасць гэтай бітвы для беларускай дзяржаўнасці відавочная, і гэтая ідэя магла б паслужыць выдатным довадам у барацьбе за незалежнасць. Сапраўды, за савецкім часам Аршанская бітва не згадвалася нават у падручніках па гісторыі: вельмі ўжо моцна не стыкавалася яна з прапагандысцкай ідэяй аб імкненні ўсіх славянскіх народаў пад крыло вялікага брата.

Ну а сёньня гэтае сьвята для беларускага рэжыму – гэта як чырвоная ануча для быка. Прычыны, думаецца, відавочныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)