Коктейль

Праўда і міфы пра сэкс у жыцці шляхты

Budzma – пра свой новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы. У гэтай серыi – пра сэксуальнае жыццё эліты Рэчы Паспалітай.

З якога ўзросту надыходзіла паўналецце? Што пагражала каханкам за здраду па законе і ў рэальнасці? Як там з прастытуцыяй? Ці былі ў магнатаў свае гарэмы? А што наконт гомасэксуальных зносінаў? Ці была цэнзура?

Міфы пра сэкс: сакральна-ідылічны і брутальны

Ад 16 стагоддзя духавенства ў Рэчы Паспалітай старанна змагалася не з маскавітамі ці туркамі, а з... сэксам. «Цела заўжды гіне ад граху». «Цела — гэта жывая клаака, нягодная сапраўднай любові». Фізічнае каханне, маўляў, памяншае любоў да Неба... А дзяржава ж была пераважна каталіцкая! Дык што — у Рэчы Паспалітай, як у тым СССР, не было сэксу?

Адказ — не. Канешне ж быў!

Ёсць два скрайнія падыходы да пытання. Адзін міф — сакральна-ідылічны.

Маўляў, шляхта ў нас толькі ваявала і малілася. А палавыя зносіны — толькі з вернай жонкай, каб рабіць крылатых гусараў ды літоўскіх гаспадынь. Такая сабе казачка.

Іншы міф — брутальны. Пра тое, што ўсе там з усімі пераспалі. А ў маладзенькай Барбары Радзівіл было 38 каханкаў: конюхі, манахі, рыцары...

Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» практыкаваў публічную мастурбацыю. А казакі на Сячы — спрэс гомасэксуалісты... І гэта — таксама казачка, заснаваная на тагачасных плётках. Чым больш ты круты, тым больш пра цябе брэшуць.

Насамрэч, шляхецкае асяроддзе не было адным вялікім кляштарам сясцёр-назарэтанак. Не было і Садомам.

Сэксам больш займаліся, чым пра яго пісалі ці распавядалі. Гэта была інтымная сфера. А выпадкі гларыфікацыі сваіх подзвігаў — далёка не заўжды праўдзівыя. Ну, пра ўсё па чарзе.

Калі жаніліся

Статут ВКЛ 1529 года вызначаў узрост паўналецця для хлопцаў — 18 гадоў, для дзяўчат — 15.

Але гэта не значыць, што адразу жаніліся. Нормай для мужчыны было жаніцца ў 28-31, а для дзяўчыны — 21-23. Часам, канешне, бывала што і ў 15, але зрэдку. Пасля, калі развод ці партнёр памірае (вельмі частая з’ява) другі, трэці, чацвёрты шлюб.

Традыцыя «пакладзінаў»

Ажно да 18 ст. шмат дзе ў Еўропе, той жа Англіі, была традыцыя «пакладзінаў». Калі госці на вяселлі ставалі сведкамі першага сэксу маладых. Радзей, але здаралася такое і ў нас. Шляхцянка Марына Мнішэх, якая выйшла замуж за Дзмітрыя Самазванца ў 1605 годзе, сутыкнулася з такой традыцыяй: разам за ёй і мужам у спальню ўвайшлі баяры... Каб стварыць хоць троху інтыму, вакол ложка апусцілі пурпуровыя заслоны.

Шляхціч не заўжды бачыў сваю нявесту перад вяселлем: дарогі дрэнныя, ехаць часта далекавата... Таму яму дасылалі партрэт нявесты, а ёй — ягоны. Пры сустрэчы тварам у твар часцяком здараліся фатальныя расчараванні. Жаніцьба часта была выгадным эканамічным ці палітычным актам. Скажам, бедны шляхціч жаніўся на багатай мяшчанцы. Усе задаволеныя: ёй герб, яму — грошы!

Пакаранне «горлам» і гарэмы

Шлюб часам быў адзіным выратаваннем ад смерці за гвалт над дзяўчынай. За такія рэчы ў нас каралі «горлам» — рэзалі. Але можна было дамовіцца з пацярпелай ды яе сям’ёй і заключыць шлюб. Калі ж дзяўчына была супраць ці замужам — толькі смерць.

Пакаранне «горлам» фармальна было прадугледжана і за здраду — прычым абодвум. Сведкамі на такіх судах маглі выступаць чэлядзь ці слугі. Але ў рэальнасці муж часта сам разбіраўся з праблемай, як лічыў правільным. А шляхціч цаніў свой гонар, таму не спускаў такія рэчы.

Януш Радзівіл у 1600 годзе ажаніўся з Зоф’яй з Алелькавічаў. Тая мела раман з надворным татарынам, нейкім Асмольскім. Ці з вялікіх пачуццяў да жонкі, ці каб трымаць марку і стыль, Януш таго татарына ўтапіў. Калі татарына вялі тапіць, Зоф’я выглянула з акна. Той крычыць: «Ратуй, твой слуга памірае!» А яна ў адказ: «Пасля смачнага кавалку, няблага і вады напіцца».

Жонка Яна Караля Хадкевіча Зоф’я Мілецкая літаральна выносіла мужу мозг. Нібыта той, не вылазячы з вайсковых паходаў, завёў сабе каханку — нейкую маскаліху ў Рызе. Дык той (вялікі гетман літоўскі!) меўся апраўдвацца ў лістах, маўляў, так яго замучыла служба, што не мае часу на «амуры».

Магнаты часам трымалі наложніц пры двары ці нават цэлыя гарэмы. Гэтак казалі пра Яна «Сабепана» Замойскага, Багуслава Радзвіла і нават пра Яна Сабескага, пакуль той яшчэ не пазнаёміўся з каханнем свайго жыцця — Марысенькай, для якой нават алеі высаджваў у форме літары «М». Калі магнат жаніўся, то звычайна выпраўляў дзевак са двара або старанна хаваў паходы «налева».

Брутальныя персанажы і нетыповыя выпадкі

Былі розныя брутальныя персанажы. Напрыклад, нейкі немец-падарожнік 18 ст. вельмі здзівіўся, калі сустрэў шляхціча, які аб’язджаў палі падчас веснавых прац ды выбіраў сабе найбольш ладную сялянку. Пасля — публічна займаўся з ёй сэксам. Але такія выпадкі нормай не былі, чаму, уласна, гэта і здзіўляла сведак.

Былі і паталагічныя маньякі. Напрыклад, Марцін Радзівіл, які шукаў філасофскі камень, фанацеў па юдаізму, верыў у перасяленне душаў (у наступным жыцці збіраўся стаць сланом). Таксама трымаў у Чарнаўчыцах на сваім двары гарэм, больш падобны на турму: дзеўкі хадзілі галодныя ды ў падраных кашулях. Іх маглі і звязваць, і біць.

Калі Марцін ужо ўсіх дастаў, яго самі ж Радзівілы адправілі ў прыватную турму ў Слуцак да іншага маньяка — Гераніма Радзівіла. Добры сюжэт для хорара.

Ці была прастытуцыя?

Ну а як! Пры корчмах, лазнях ці ў адмысловых камяніцах, якія называлі «рыцарскія» або «злыя дамы» працавалі прадстаўніцы вечнай прафесіі. Прастытуткай магла стаць нават шляхцянка, застаўшыся без грошай. Увечары прастытутка, а ўдзень — гандлярка, кухарка, нянька для дзяцей. Наймалодшым магло быць нават па 12-16 гадоў. У прафесіі ў сярэднім жанчыны перабывалі па 4-6 гадоў.

Прастытуцыя была афіцыйна забароненая і ў гэтым быў рацыянальны сэнс: бо хваробы. Прыходзіць пасля такога паходу шляхціч дадому і — прыносіць бяду цалкам чыстай здаровай жонцы... Мда. Вядомыя тады былі і сіфіліс, і іншыя інфекцыі. Мікалай Радзівіл Сіротка, напрыклад, прывёз сіфілс пасля вандроўкі па «святых месцах». Таму, панове, акурат хваробы куды больш засцерагалі ад неабдуманых учынкаў, чым мараль або царква.

А як там з кантрацэпцыяй?

Складана. Былі розныя знахарскія сродкі або магічныя: наўмысна падкласці ў ложак кавалкі труны, каб справакаваць бясплоддзе. Ведалі ўжо тады перарваны палавы акт. Ці — анальны сэкс. Хоць гэтым апошнім звычайна гідзіліся.

Захавалася гутарка з 1606 года паміж шляхцічам і праваслаўным бацюшкам:

– Маеш жонку?

– Маю, і дзяцінак з ёй 12.

– О, гэта шмат.

– Та-а-ак, было б болей, калі б..

І тут высвятляецца, што бацюшка практыкуе анальны сэкс. Шляхціч ад яго адсунуўся і больш не размаўляў.

А што наконт гомасэксуалізму

Гомасэксуалізмам таксама гідзіліся, хоць вядомы выпадак мінімум пра аднаго прадстаўніка роду Сангушкаў. Плёткі хадзілі нават пра каралевіча Уладзіслава ды некага з радні Яна Сабескага. Зразумела, што лепшымі месцамі для «братняй любові» былі манастыры ды войска. Але падобныя выпадкі старанна прыхоўвалі, не афішавалі.

Салоны, балы, маскарады і французская мода

Знешне сармацкая культура была даволі пурытанскай. Быў выпадак, што аднаму шляхцічу, аматару жывапісу, навезлі з Еўропы карцін з аголенай натурай, дык той загадаў дамаляваць дзеўкам сукенкі. Сітуацыя змянялася паступова, з надыходам барока, а ўрэшце пераламілася ў 18 ст., калі касцёл пачаў здаваць пазіцыі.

Тады ўжо ў дыярушах (дзённіках) сустракаем апісанні пачуццяў ці эратычных сноў. З’яўляецца культура салонаў і балоў, нават маскарадаў. Там ужо дзяўчаты — фантастычныя акторкі — падаюць сігналы веерам або — налепленымі мушкамі на твары. Гэта быў шыфр: мушку ў кутку вока — «я Панам зацікавілася». Крыху вышэй вуснаў — «хачу цалавацца». На шчацэ — «згода». І так далей.

Змяняецца і вопратка. На балах у Гродне ў часы Панятоўскага дзяўчаты ўжо кружыліся ў лёгкіх празрыстых сукенках, чым нагадвалі Венераў, Дыянаў і Псіхеяў. Босыя ногі, сукенка паднятая на правай назе вышэй калена, адкрытыя нічым не аслоненыя грудзі.

Мемуарыст Ахоцкі піша, што бывалі і казусы, асабліва ў танцах: нехта ззаду наступаў на хвост сукенкі, яна звальвалася ды — прымушала дзяўчыну чырванець.

Але гэта ўжо новая французская мода, якую ўвяла каханка Станіслава Аўгуста Панятоўскага маркіза Люлі.

Шляхта мела найбольш дзяцей

Большасць размоваў пра сэкс у шляхецкім асяроддзі — гэта прагулкі па тонкім лёдзе. Зашмат плётак, дадумак, анекдотаў, якія лічацца «гістарычнымі».

Дакладна ведаем адно: нашы продкі КАХАЛІСЯ. Ды яшчэ як! А шляхта сярод усіх слаёў грамадства мела найбольш дзяцей. Ва ўсім астатнім — людзі як людзі: жывыя, палкія, свае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)