Прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці: «З вялікай доляй верагоднасці польскі праязны дакумент будуць выдаваць на тры гады»

Кіраўніца аддзелу прававой дапамогі CBS Вольга Дабравольская — пра цяжкасці легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Вольга Дабравольская

— Мы атрымалі інфармацыю з Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, дзе нам паведамілі, што распачалася праца над падоўжаннем тэрміну дзеяння польскага праязнога дакументу, — паведаміла Вольга Дабравольская на Еўрарадыё. — Праца пачалася, толькі зараз, але мы гэта абмяркоўвалі і ў мінулым годзе, і год таму.

Па словах прадстаўніцы CBS, польскі бок пакуль не паведамляе, колькі часу зойме гэтая праца. Нагадаем, зараз польскі праязны дакумент выдаецца на год.

— Але з вялікай доляй верагоднасці дакумент будуць выдаваць на тры гады. Вельмі цяжка зараз зрабіць біяметрычным гэты дакумент, але і гэта абмяркоўваецца.

Таксама ў Еўракамісіі абмяркоўваецца падоўжанне Жэнеўскага праязнога дакументу («жэнеўскага пашпарту») да трох год. Тэрмін дзеяння абодвух дакументаў хочуць выраўняць.

Аднак гэта ўжо пытанне Еўрапейскага звязу, не толькі Польшчы. Таму, думаю, гэта зойме час і, напэўна, не будзе ў гэтым годзе, — адзначыла Дабравольская.

Яна звярнула ўвагу на тое, што працэс легалізацыі беларусаў у Польшчы ўвогуле пагаршаецца.

— Зараз польскія ўлады занятыя іншымі справамі. Ідзе праца па законе пра іншаземцаў, мяняецца закон, які рэгулюе працу іншаземцаў у Польшчы, змяняюцца яшчэ некалькі ўставаў, выпрацоўваецца міграцыйная і інтэграцыйная палітыка да 2027 года. І мне падаецца, што ім зараз трошкі не да нас.

Відавочна, ужо няма такой палітычнай волі, як раней. Паўстае шмат пытанняў, якія не вырашаюцца, хаця маглі б вырашыцца вельмі хутка.

Нас як праваабаронцаў вельмі турбуе гэта становішча, тое, што яно пагаршаецца. Цяжкая сітуацыя ва Упраўленні па справах іншаземцаў, дзе людзі чакаюць тры дні, каб проста падаць заяўку на міжнародную ахову.

З'явіліся нейкія пасярэднікі, якія патрабуюць грошы, каб толькі трапіць у чаргу. Думаю, што імі павінна зацікавіцца пракуратура. Таму трэба выклікаць паліцыю ці звяртацца са скаргамі да шэфа Упраўлення па справах іншаземцаў.

Бо супрацоўнікі міграцыйнай службы кажуць, што нічога не могуць з гэтым зрабіць. Я разумею, што ў іх зараз вельмі шмат спраў, але перш за ўсё, гэта людское жыццё, — кажа прадстаўніцы CBS.

Яна тлумачыць, што складанасці растуць у тым ліку і праз павелічэнне колькасці беларусаў, якія прыбываюць у Польшчу.

— Павялічылася колькасць зваротаў да нас. Яшчэ нядаўна было 50 зваротаў у дзень, ужо — сто. Людзі прыязджаюць і прыязджаюць, і патрабуюць дапамогі.

Беларусы едуць не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. І тут перш за ўсё паўстае пытанне з пашпартамі, якія заканчваюцца. Яно яшчэ не вырашанае.

Зноў вяртаемся да польскага праязнога дакументу, але ён, на жаль, не пацвярджае асобу. Таму здараюцца такія сітуацыі, як нядаўна, калі беларуску не ўпусцілі ў самалёт. І ў банках ёсць праблемы, і дзесьці яшчэ.

Я мяркую, што трэба вельмі грунтоўна падысці да змены заканадаўства, таксама правесці адукацыйна-інфармацыйную хвалю, каб чыноўнікі ведалі, што такое гэты праязны дакумент, і больш не здаралася такіх сітуацый з-за таго, што проста супрацоўнікі не ведаюць, што гэта, — удакладніла праваабаронца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)