Общество
Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё»

Пінігін адмовіўся здымаць «Каласы пад сярпом тваім»

На «Беларусьфільме» цяпер шукаюць новага рэжысёра і плануюць пачаць здымкі кіно ўжо ў гэтым годзе.

Галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін адмовіўся супрацоўнічаць з Беларусьфільмам і здымаць мастацкі фільм паводле рамана Ўладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

“Гэта немагчыма – пакінуць тэатр на паўтара гады яго кіраўніку, вы ж разумееце. Я думаў, што неяк атрымаецца, але гэта немагчыма: чатыры серыі плюс поўны метр”, – патлумачыў сваё рашэнне рэжысёр і выказаў вялікае шкадаванне, што не выпадае магчымасці папрацаваць над такой стужкай.

Хто стане рэжысёрам “Каласоў”, Еўрарадыё пацікавілася ў прэс-сакратара кінастудыі Валянціны Беляковай.

Валянціна Белякова: “Мікалай Пінігін адмовіўся некалькі дзён таму. А вы ж самі разумееце, што знайсці рэжысёра – гэта не аднаго дня справа. І таму, пакуль я вам не магу назваць ніводнага прозвішча верагодных кандыдатур бо хтосьці з рэжысёраў у нас ужо працуе, хтосьці яшчэ ў працы, заканчвае праекты, хтосьці пачаў новыя працы. Таму, нічога не магу вам сказаць”.

У той жа час, яна заявіла, што на студыі былі маральна гатовыя да таго, што Пінігін адмовіцца працаваць над фільмам. Кажа, усе выдатна разумелі, што ў яго дастаткова працы і ў Купалаўскім тэатры, і ў Санкт-Пецярбургу. Таму, супакоіла Белякова, кіраўніцтва Беларусьфільма досыць хутка зарыентуецца ў сітуацыі, і бліжэйшым часам вызначыцца з будучым рэжысёрам.

Адсутнасць рэжысёра прывяла да таго, што дагэтуль не пачалі выбіраць акцёраў. Невядома пакуль дакладна, і калі пачнуцца здымкі.

Валянціна Белякова: “Нейкія тэрміны, зразумела, ёсць. Але не трэба пакуль забягаць наперад. Магчыма, у гэтым годзе ўжо нейкая праца над гэтай карцінай пачнецца. Я маю на ўвазе – вытворчага характару”.

Дарэчы, сцэнарый таксама пакуль не гатовы. Як мы паведамлялі раней, яго піша Аляксей Качан, вядомы па стужках “Акупацыя. Містэрыі” і “Масакра”. Сцэнарыст абяцае напісаць тэкст своечасова – да сярэдзіны ліпеня.

Аляксандр Качан: “Палова сцэнарыя напісана. Я, дарэчы, ужо паказваў першую серыю – гэта чатырохсерыйны праект. І гэта цалкам адпавядае той аўтарскай дамове, якая ў мяне заключаная з Беларусьфільмам. Так што, праца ідзе адпаведна графіку, мая праца”.

Што ж тычыцца Пінігіна, то, кажа Качан, ён разумее прычыны яго адмовы. На кінастудыі сцэнарыста запэўнілі, што да таго часу, пакуль ён закончыць сваю працу, будзе названы і рэжысёр фільма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)