Филин

Сяргей Васілеўскі

«Перамены ўзнікнуць з працэсаў, што народзяцца ўнутры Беларусі»

Пра аргументы, чаму не варта кідаць камяні ў тых, хто застаецца на радзіме.

Арышт музыкаў гурта Nizkiz справакаваў спрэчкі і дыскусіі сярод беларусаў. Адны даводзяць неабходнасць з’язджаць з Беларусі тым, хто знаходзіцца пад пагрозай затрымання. Іншыя прытрымліваюцца думкі пра права выбару як з’ехаць з краіны, так і застацца на радзіме.

Пракаментаваць няпростую сітуацыю Филин папрасіў аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста.

— Чаму нас навучыла гісторыя з затрыманнем музыкаў з Nizkiz? Падаецца, прапагандзе ўдалося распаліць чарговы скандал у незалежніцкім асяродку.

Вы акурат нядаўна мадэравалі на «Радыё Свабода» дыскусію паміж юрыстамі Кацярынай Дзяйкала і Міхаілам Кірылюком. На вашу думку, ці можам мы здабыць нейкую карысць у спрэчках на гэтую балючую тэму?

— Пэўную карысць мы можам атрымаць, канечне. Я, напрыклад, убачыў у гэтай дыскусіі паміж Дзяйкала і Кірылюком глыбокія і сур’ёзныя рэчы. А менавіта — права чалавека выбіраць тое, што нам можа не падабацца, што мы лічым абсурдным, неразумным.

Ну так, нам так здаецца, а ў чалавека ёсць нейкая свая матывацыя. І таму ён так робіць. Я не хачу тут пералічваць кагосьці, але ёсць іншыя людзі ў Беларусі, каторыя там застаюцца. Каторыя штосьці гавораць, можа яны і не ездзяць на гастролі, але не зусім зніклі з радараў.

Юрый Дракахруст

І пра іх таксама можна гаварыць: а чаму яны не з’язджаюць? Калі яны сабе дазваляюць такое, то на што яны ў такім разе разлічваюць? На нешта ж разлічваюць.

Трэба ж разумець, што ўсе не з’едуць. З’ехалі некалькі сотняў тысяч, ну няхай паўмільёна. Астатнія ж дзевяць застануцца там, дзе яны ёсць. І яны будуць вось так сябе паводзіць: гуляць у кошкі-мышкі, на нешта разлічваць.    

І мне ў гэтай спрэчцы бліжэй пазіцыя Дзяйкала. Я ўсё ж лічу, што кідаць камень з-за мяжы ў людзей, што засталіся ў Беларусі, не варта. Для сябе, напрыклад, я лічу гэта немагчымым.

І мне падаецца, што гэтыя спрэчкі паглыбляюць прорву, якая і так ўжо даволі шырокая і глыбокая. Нягледзячы на пераканаўчасць нейкіх крытыкаў, тых, хто з’ехаў.

Тым больш, мая поўная ўпэўненасць сыходзіць з доўгай гісторыі беларускай зямлі: нейкія новыя змены, неістотна якія — народныя, або наменклатурныя — яны адбудуцца ў Беларусі.

Яны прыйдуць дзякуючы працэсам, якія адбываюцца ўнутры краіны. І эміграцыя, пры ўсё да яе маёй павазе, пры тым, што я сам да яе адношуся, ніколі не будзе рухавіком. Гэта мой персанальны пункт гледжання.

Мне можа нехта контраргумент закінуць, што ў 2020-м канал Nехта быў газетай «Іскра» беларускай рэвалюцыі. Тым не менш, маё перакананне ў тым, што перамены ўзнікнуць з працэсаў унутры Беларусі. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, каб не кідаць камяні ў людзей, якія там засталіся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(19)