Общество
Анастасія Зелянкова

“pARTisan” расказаў пра лузераў

Выхад сёмага нумару альманаху сучаснай беларускай культуры “pARTisan”, прысвечанага теме няўдачнікаў, адзначылі канцэптуальна. Гасцей частавалі сапраўднай лузерскай ежай -- чыпсамі, плаўленымі сыркамі “Дружба” і півам “Александрыя”, а аўтара праекту мастака Артура Клінава ўганаравалі жоўтым памідорам.

Месцам для правядзення прэзентацыі сёмага нумару часопіса “pARTisan” стала арт-галерэя “Падземка”. Пакуль госці разглядалі на сценах шэдэўры сучасных мастакоў з выявамі Джаконды, Івана Грознага на фоне унітазаў ды прыбіральняў, галоўны рэдактар альманаху Артур Клінаў заклікаў усіх пачаставацца ў сапраўдным лузерскім буфеце. У яго асартыменце значылася піва “Александрыя”, плаўлены сырок “Дружба” і чыпсы.

— А дзе “чарлік”? — цікавіліся сапраўдныя гурманы.

— “Чарлік” будзе восенню, — апраўдваўся “камандзір партызанскай суполкі” Клінаў. — Тады мы плануем зробіць вялікую прэзентацыю.

Паводле стваральнікаў часопіса, тэма лузераў не прыйшла да іх выпадкова.

— Ідэя з’явілася падчас адной нашай сустрэчы, калі мы сядзелі і выпівалі на дачы ў філосафа Алеся Анціпенкі, — патлумачыў аўтар праекту. — Увесь вечар мы абмяркоўвалі гэтую тэму.

— А зраніцы ўсталі, паглядзелі адзін на аднаго і зразумелі, што трэба рабіць нумар пра лузераў, — падтрымаў “партызанскага сябра” рэдактар нумару Максім Жбанкоў.

Паводле аўтараў, амерыканскае паняцце “лузеры” на беларускай глебе трансфармавалася ў стэрыатып нацыянальнай незайздроснай долі.

— Тэма лузераў звыш актуальная для сённяшняй Беларусі. Па вялікім рахунку, мы ўсе — лузеры. Лузеры па пашпарце, па месцы нараджэння. Такі лёс нашай краіны і народа, якія патрапілі ў гэтае лузерскае кола, з якога вельмі пакутліва спрабуем вылезці, -- патлумачыў Артур Клінаў.

— Беларус – гэта пазітыўны аўтсайдэр, — супакойваў прысутных Максім Жбанкоў. — Гэта той, хто існуе на перакрыжыванні культурніцкіх плыняў і нармальна сябе адчувае. Я таксама лічу сябе лузерам — пазітыўным паспяховым лузерам.

Каб больш яскрава праілюстраваць сваю думку, чарговы нумар часопісу гасцям прапанавалі ў адмысловай абгортцы. У яе якасці выступілі старыя газеты, якія на сённяшні дзень па тых ці іншых прычынах спынілі сваё існаванне.

— Гэта ўсе тыя выданні, якіх зараз у нас ужо няма, -- патлумачыў Максім Жбанкоў . — Гэтая медыя-прадукты, на жаль, па-лузерску зніклі з нашага інфармацыйнага краявіду.

Відаць, працягваючы думку лузерства, калегі з часопіса “Спадчына” падарылі Артуру Клінаву вялікі жоўты памідор. На іх думку, жоўты памідор – гэта такі памідор, які заўсёды хацеў быць чырвоным, але ў яго гэта ўвесь час не атрмліваецца. Да таго ж жоўты колер сімвалізуе золата, чаго пажадалі і самаму “pARTisan”у.

Сярод персон сёмага нумару – “паэт-маргінал Сяргей Прылуцкі і яго альтэр-эга Сірошка Пістончык”, філосаф Алесь Анціпенка (з яго артыкулу “Рэпрэсіўныя інтэлектуалы і Беларусь” пачынаецца часопіс), паэт Андрэй Хадановіч, “левы радыкал” Лёлік Ушкін, кінааналітык Андрэй Расінскі і эсэістка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч. Апошнія прыйшлі падтрымаць сваіх калег і адначасова выказаць сваё разуменне паняцця “лузераў”. На думку спадарыні Мартысевіч, новы нумар часопісу стаў “адной з самых актуальных спроб беларускай эліты сфармуляваць, кім з’яўляюцца беларусы”.

— Мне здаецца, нельга ператвараць гэтае паняцце ў чыста адмоўнае, — тлумачыла пісьменніца і заклікала прысутных не праводзіць паралелі паміж ёй і дзяўчынай з вокладкі, дзе месціўся ўрывак з яе эсэ.

Нягледзячы на тое, што сёмы нумар часопісу толькі выйшаў у свет, аўтары ужо актыўна рыхтуюць наступныя. Тэмай 8-га нумару стане вера (у шырокім сэнсе гэтага слова), дзевяты ж працягне тэму “Горада СОНца” -- сучаснага Мінску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)