«Папярэджанне БАЖ — спроба адцягнуць увагу арганізацыі ад праблем СМІ»

На думку Жанны Літвіной, вынесенае Мінюстам папярэджанне – у прыватнасці, патрабаванне заняцца выманнем пасведчанняў больш як у тысячы сябраў БАЖ – не што іншае, як спроба пераключыць увагу з праблем СМІ на абарону арганізацыі.

Такое меркаванне выказала старшыня БАЖ на пасяджэнні праўлення 19 студзеня.

– Я думаю, такім чынам нас выпрабоўваюць, і ўсё гэта наўпрост звязана з набліжэннем выбараў у мясцовыя саветы і падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх, – мяркуе Літвіна. – Гэты тэст трэба прайсці.

Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да пасведчанняў, якія выдае БАЖ, да дзейнасці Цэнтра прававой дапамогі СМІ і да згаданых на сайце мэтаў дзейнасці арганізацыі. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што такія пасведчанні БАЖ выдае ўжо больш за 10 гадоў, Цэнтр прававой абароны СМІ дзейнічае з 1999 года, а сайт працуе з 2003 года.

– Заўважу, што санкцыя міністэрства скіравана на тры важныя «даброты», якія прапануе БАЖ: пасведчанне, прававая дапамога і інфармацыйная падтрымка беларускіх журналістаў. Таму гэтае папярэджанне тычыцца не толькі самой арганізацыі, але і ўсіх яе сябраў, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.

Праўленне па пунктах абмеркавала загад аб вынясенні афіцыйнага папярэджання, які намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Сіманаў падпісаў 15 студзеня, і адзінагалосна выказалася за абскарджанне санкцыі ў Вярхоўным Судзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)