«Любімая і паважаная, са шматгадовым болем у сэрцы і надзеяй». Памерла Вольга Завадзкая

Пайшла з жыцця маці зніклага 22 гады таму журналіста Дзмітрыя Завадзкага.

Вольга Завадзкая. Фота: Радыё Св*бода

Галіна Сіўчык паведамiла, што Вольга Завадзкая памерла сёння раніцай.

Вядома, што некалькі гадоў таму Вользе Рыгораўне дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Як паведамляе Радыё Св*бода, таксама яна мела іншыя праблемы са здароўем і апошнія гады была прыкаваная да інваліднага вазка.

Яе знаёмыя пiшуць: «Любімая і паважаная, неверагодна прыгожая, са шматгадовым болем у сэрцы і надзеяй». 

Палiтык Анатоль Лябедзька: «Яна адышла ў іншы свет так і не дачакаўшыся праўды пра скраданне і забойства свайго сына. Светлая, цёплая, неверагодна душэўная, такой яна застанецца ў нашай памяці. Мы памятаем». 

Яе сын, Дзьмітры Завадзкі, быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі, потым сышоў на ОРТ. Працаваў з апазыцыйным журналістам Паўлам Шараметам. 7 ліпеня 2000 году пры нявысветленых абставінах прапаў у раёне менскага аэрапорту. Тайна гэтага знікнення дагэтуль не раскрытая. Цела Завадзкага, пазней прызнанага памерлым, так і не знайшлі.

«Салідарнасць» выказвае шчырыя спачуванні ўсім сваякам Вольгi Рыгораўны і смуткуе разам з імі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(14)