«Палац», «Kriwi» і тры жонкі. Зміцеру Вайцюшкевічу – 50 гадоў

Наша Ніва расказвае пра насычанае творчае і асабістае жыццё спевака, які стаў адным з сімвалаў беларускай музыкі.

Зміцер Вайцюшкевіч. 2010 год

Выхоўваўся жанчынамі

Зміцера Вайцюшкевіча выхоўвалі тры жанчыны: бабуля, мама і цётка. «Яны на мяне кожная па-свойму паўплывалі», – прызнаваўся Зміцер.

Дзяцінства будучага спевака ў Бярозаўцы. Тады гэта было мястэчка, цяпер – горад, але не раённы цэнтр. Бярозаўка знаходзіцца ў Лідскім раёне і перш за ўсё вядомая шклозаводам «Нёман».

Зміцер з’ехаў адтуль у 15 год – спачатку ў Ліду, у музычнае вучылішча па класу кларнета. «Інтэрнат, свой свет: банда «парыжан» і «раслякоў» (так называўся раён горада. – Заўв. НН) – Ліда тады была падзеленая на банды раёнаў. Нам трэба было з цэнтра з кларнетам прайсці не збітымі да «раслякоў». Пару разоў я атрымліваў там па зубах. За што? Проста так».

З Ліды Вайцюшкевіч з’ехаў у Мінск, дзе вучыўся ва Універсітэце культуры на тым жа інструменце. Але вабіла сцэна – і Вайцюшкевіч далучыўся да групы «Палац», пайшоў вучыцца на спевака ў мінскае музычнае вучылішча.

Праекты ды асабістае жыццё

У дзевяностыя і нулявыя жыццё Вайцюшкевіча віравала. Ён спяваў у гурце Kriwi, удзельнічаў у такіх праектах як «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут» і «Святы вечар».

Першай жонкай Зміцера была спявачка Вераніка Круглова, салістка гурта Kriwi. Двойчы запар, у 1998-м і 1999-м, яна станавілася «Рок-князёўнай» на прэстыжнай айчыннай прэміі «Рок-каранацыя». Але ў пачатку «нулявых» іх сям’я распалася, і пахавала пад сабой гурт.

Калі меркаваць па інтэрв’ю Кругловай, другая жонка спевака, мастачка Алена Мелех, была супраць, каб ён выступаў з былой жонкай. «Не ведаю я, дзе Вайцюшкевіч! – раздражнёна казала на пачатку “нулявых” Круглова. – Калі яго сям’я не дазваляе яму стаяць са мной на адной сцэне – гэта, урэшце, не мае праблемы. Я ж не буду з сачком бегаць па горадзе і вылоўліваць Вайцюшкевіча на рэпетыцыю».

«У сямейным жыцці наламаў кучу дроў, якія мне давядзецца разграбаць», – прызнаваўся Вайцюшкевіч.

У выніку Круглова з’ехала ў Берлін, дзе зрэдчас дае канцэрты. А Вайцюшкевіч працгнуў сольную кар’еру, стварыўшы гурт WZ-Orkiestra. Яго выступленні збіралі поўныя залы, але ў нейкі момант ён трапіў у няласку да ўладаў.

Забароны ды «чорныя спісы»

У 2004-м Аляксандр Лукашэнка аб’явіў пра рэферэндум, перамога на якім дазваляла яму балатавацца на прэзідэнцкую пасаду без абмежаванняў па тэрміну. У Мінску прайшла акцыя пад назвай «Не трэцяму тэрміну». На ёй выступілі шэраг беларускіх гуртоў, у тым ліку і Вайцюшкевіч.

«З 2004 па 2008 год была лайт-версія: тады яшчэ ніхто толкам не мог вызначыць, хто такі Вайцюшкевіч. І чыноўнікі таксама не маглі зразумець, хто такі Дзмітрый, хто такі Зміцер, хто такі Тодар і што такое WZ-Orkiestra, – з усмешкай згадваў Вайцюшкевіч.

Але ў лістападзе 2007 года апальных музыкаў запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта на размову з Алегам Праляскоўскім, тагачасным галоўным ідэалогам.

Усе забароны знялі, але ў 2011-м у сеціве з’явіўся пералік беларускіх і замежных артыстаў, публічныя выступы якіх не варта дапускаць. Яго існаванне ўлады не пацвярджалі, але пачаліся адмены канцэртаў. Пацярпеў і Вайцюшкевіч, які сябраваў з Уладзімірам Някляевым, напісаў шмат песень на яго словы. А той як раз за год да гэтага вылучаўся ў прэзідэнты.

Уладальнік аграхутара

Вайцюшкі

«Пасля 2010 года мяне ўжо вызначылі, і з таго часу па інэрцыі гадоў на пяць-шэсць я вылецеў з мясцовага кантэксту. Я ў гэты час развіваў агратурызм і пісаў альбомы, міжнародныя ў тым ліку. Ездзіў па Амерыцы, Канадзе і Еўропах», – расказваў Вайцюшкевіч.

Спевака выратаваў яго хутар Вайцюшкі, размешчаны ў Навагрудскім раёне. Гэта родныя мясціны – Бярозаўка якраз знаходзіцца па дарозе з Навагрудка ў Ліду.

«Я вярнуўся ў Вайцюшкі, – казаў спявак у інтэрв’ю. – Туды, дзе пахаваны мае бацькі. Я вярнуўся ў якасці артыста, які праводзіць фестывалі самадзейнасці, запрашае духавыя аркестры. У нейкім сэнсе я хацеў бы паказаць, як можна жыць і не эмігрыраваць. Я хацеў бы (…) жыць там, дзе вырас. Я туды вярнуўся, і мне гэта падабаецца. Натуральна, прырода, Нёман. Раней мы не маглі прыязджаць туды без музыкі. А зараз мне падабаецца цішыня. У музыцы вельмі цяжка вызначыць ідэал і да яго прыйсці. А яшчэ адна з прычын – там можна крычаць, калі займаешся сэксам. І каб табе ніхто не казаў: «Цішэй, суседзі». А там раві сабе! », – з гумарам называе Вайцюшкевіч яшчэ адну перавагу хутара.

«Анёлкі» для дзяцей

Галіна Казіміроўская

Спявак шчаслівы ў трэцім шлюбе. Яго жонка – Галіна Казіміроўская, рэгент аматарскага хору Concordia. Спачатку ў асноўным складзе хору спявалі праграмісты кампаніі ІВА, яго наведваў тагачасны пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Галіна і Зміцер выхоўваюць дачку Стэфанію і сына Язэпа, для якіх, у тым ліку, Вайцюшкевіч стварыў альбом святочных дзіцячых песенек-апавяданняў «Анёлкі».

Восенню мінулага года Галіну, а таксама некаторых іншых харавікоў, затрымлівалі. Сам Зміцер у студзені 2021-га прэзентаваў на YouTube кліп «Неверагоднасць», прысвечанага жанчынам беларускага пратэста.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:14)