Пайшоў з жыцця віцебскі актывіст Хрыстафор Жаляпаў

Пра смерць сябра БНФ, пенсіянера з Віцебска Хрыстафора Жаляпава паведамілі яго паплечнікі.

— Няма больш з намі нашага найлепшага Сябры Хрыстафора Жаляпава, — напісала Іна Кулей. — Балгарын па нараджэнні, ён быў дасканалым беларусам, больш беларусам, чым шмат хто з народжаных у Беларусі.

Хрыстафор шанаваў і бараніў мову і культуру сваёй другой радзімы.

Моцны духам ваяр за дэмакратычныя каштоўнасці і незалежнасць Беларусі, шчыры і глыбокі чалавек, сапраўдны сябра.

Не ўсведамляю. Не прымаю. Не хачу верыць. Не забуду.

Вольга Быкоўская адзначае, што Жаляпаў быў чалавекам, дзякуючы якому грамадскі сектар у Віцебскай вобласці стаў такім, якім мы яго ведалі.

— Не было справы, якой бы ён не апекаваўся і якой не дапамагаў. Не змянілася гэта і ў 2020 годзе.

Хрыстафор быў аўтарытэтам, добрае слова ад якога было пачэсна заслужыць і якое надоўга заставалася ў памяці.

Вельмі шкада, што ён не дажыў да вольнай і дэмакратычнай Беларусі, для якой ён працаваў усё жыццё. Але плён гэтай працы, відавочна, будзе ў яе падмурку.

Вечная памяць!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)