Общество
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

Паэтка з Беларусі атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію

Беларуская паэтка Вальжына Морт, якая ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой, была ўганараваная прэстыжнай амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэннэна (2009 Lannan Literary Fellowship), паведамляе афіцыйны сайт фундацыі.

Літаратурныя прэміі Фундацыі Лэннэна (Lannan Literary Awards) — серыя ўзнагарод і стыпендый, заснаваная ў 1989 годзе, якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя “аўтары надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы”.

Прэмія лічыцца адной з самых фінансава прывабных у свеце. Гэтак, за апошнія 20 год узнагароды Фундацыі Лэннэна атрымалі 173 чалавекі, а агульная сума прэмій склала 13 млн даляраў. Напрыклад, у 2006 годзе памер прэмій ў галіне паэзіі, мастацкай і дакументальнай літаратуры па 150 тысяч даляраў кожная. Характэрна, што фонд не прымае заяваў на ўзнагароды або стыпендыі. Кандыдаты вылучаюцца ананімна “сеткай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў і рэдактараў", пасля чаго літаратурны камітэт фундацыі прымае канчатковае рашэнне.

Апроч Морт лаўрэаткай літаратурнай стыпендыі Фундацыі Лэннана за 2009 год стала 50-гадовая амерыканская паэтка Сара Ліндсэй.

Вальжына Морт (Мартынава) нарадзілася ў 1981 ў Мінску, дзе скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды "Крышталь Віленіцы" Міжнароднага літаратурнага фестываля "Віленіца-2004" (Славенія, 2005). У 2005 годзе ў мінскім выдавецтве “Логвінаў” выйшаў яе дэбютны зборнік вершаў "Я тоненькая, як твае вейкі".

"Яе сапраўднае прозьвішча, Мартынава, нагадвае пра трагічны фінал Лермантава. Яе псеўданім перакладаецца з французскай мовы як “мёртвая”. Дасціпны эсэіст Юрась Барысевіч тлумачыць гэта тым, што, мабыць, у школе яе пераехала… Максімам Танкам. У дадатак да ўсяго, гэта яна прышчапіла нашай паэзіі новы стыль, што я называю “какетлівым дзявочым суіцыдам”. Эстэтыка скандальных і трагічных расійскіх рок-паэтак, усіх гэтых Дзягілевых, Арэф’евых і Зэмфір, выгодна атабарылася ў вальжыніных вершах, якія проста просяцца быць пакладзеныя на музыку, - пісаў пра літаратарку на зачыне ейнай кар'еры паэт і цяперашні старшыня Беларускага Пэн-цэнтру Андрэй Хадановіч. - Падчас адной літаратурнай нарады я кінуўся абараняць паэтку ад крытыкі прызнанага літаратурнага мэтра, хоць у абароне не было ніякай патрэбы, бо і гэты мэтр, здаецца, быў зачараваны. Ейны выступ быў выбухам энэргіі, выклікам, правакацыяй, яўным хуліганствам, ледзь не здзекам з публікі, калі сядзіш агаломшаны, глыбока ўражаны, каб не сказаць “абражаны” — і хочацца крычаць: “Яшчэ! Яшчэ!”.

З 2006 года Вальжына Морт жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008-м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову “Factory of Tears” (“Фабрыка слёз”), названы амерыканскім друкам “першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў”. Пераклад выканалі пулітцэраўскі лаўрэат, паэт Франц Райт і ягоная жонка Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне.

“Вальжына Морт — маладая беларуская паэтка, якая жыве ў Амерыцы, імкнучыся стаць пасланцам Беларусі па-за яе межамі. Яе творы — крык душы аўтара, які піша пра змаганне роднай Беларусі за ўласную мову і ідэнтычнасць. Усе, апроч аднаго верша, размешчаныя ў кнізе побач з беларускамоўным арыгіналамі. Вершы прасякнуты тонкай лініяй барацьбы паміж цынізмам і патрыятызмам: Беларусь для Морт — рубец на яе сэрцы”, — напісаў у рэцэнзіі да “Фабрыка слёз” самы аўтарытэтны літчасопіс Амерыкі The New Yorker.

Ужо пасля ад’езду за акіян Вальжына Морт стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Хуберта Бурды (Нямеччына, 2008) і стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Gaude Polonia, выйгравала стыпендыі ды магчымасць працаваць у Літаратурным калоквіюме ў Берліне і Міжнародным доме пісьменнікаў у Грацы (Аўстрыя). Яе ангельскамоўныя пераклады ўсходнееўрапейскіх паэтаў друкаваліся ў анталогіі New European Poets (Graywolf Press, 2008). Аўтарытэтнае амерыканскае літаратурнае агенцтва Blue Flower Arts называе беларуску сярод "найбольш вядомых і самых таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амерыкі".

Апошнім часам Вальжына Морт выкладае ва ўніверсітэце Балтымару (ЗША). Яе муж, амерыкнец Ёзэф Скарсэзэ — уладальнік незалежнай студыі гуказапісу.

“Яшчэ да 2005 года, калі ў Беларусі выйшла яе першая кніга “Я тоненькая, як твае вейкі”, Морт стала сенсацыяй у якасці выканальніцы сваіх вершаў. Паводле характару яна пры камунікаванні з людзьмі стрыманая, але на сцэне яна дамінуе, а яе постаць, здаецца, расце з кожным радком: ступні нібы ўрастаюць у сцэну, вочы проста замарожваюць слухачоў, голас насычаны, экспрэсіўны, гучны як труба. Далёка разнесліся чуткі пра яе майстэрства, і хутка ўжо яна была запатрабаваная на літаратурных вечарынах ва ўсёй Еўропе”, — напісаў пра яе ў вялікім матэрыяле амерыканскі часопіс Poets&Writers, пераклад якога надрукаваў Arche.

У снежні 2009-га Морт стала першай паэткай, запрошанай для творчай працы і імпрэзаў ў культурны цэнтр Alice House ў сталіцы Трынідада і Табага Порт-оф-Спэйне.

“Ненавіджу, калі мяне называюць беларускай паэткай, — распвядае Вальжына Морт у інтэрв’ю трынідадскай газеце Newsday. — Я заўсёды думала, што паэт — сама па сабе нацыянальнасць, якая не мае патрэбы ў дадатковых азначэннях. Няма такога паняцця як беларускі паэт, ямайскі паэт... Ёсць добры паэт альбо дрэнны, і іншай альтэрнатывы не існуе".

Пры гэтым паэтка падкрэслівае: нягледзячы на тое, што выхоўвалася ў расійскамоўнай сям’і, заўсёды пісала толькі па-беларуску і для яе гэта жыццёва важна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)