Политика
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

“Незалежнасць важней, чым паслабленне ці лібералізацыя”

Палітык і пісьменнік Павел Севярынец расказаў Еўрарадыё, калі, нарэшце, уся беларуская апазіцыя аб’яднаецца, чаму ўлада рэгіструе кандыдатаў у дэпутаты, якія дапусцілі памылкі ў сваіх спісах, хто напісаў перадвыбарчую праграму яго маці, і чаму для яго незалежнасць Беларусі важней, чым лібералізацыя краіны.

У той час, калі камуністы і нацыянал-патрыёты аб’ядналіся ў “адзіны спіс” каб ісці на выбары падаецца дзіўным, што адны апазіцыянеры на выбары ідуць разам, другія ганарліва асобна, трэція ўвогуле выбары байкатуюць. Ці не павінна была б апазіцыя, калі яе асноўная мэта барацьба з кіруючым рэжымам, аб’яднацца, выпрацаваць агульную платформу дзеянняў і яе прытрымлівацца?

— Безумоўна, апазіцыя мусіла б выпрацаваць адзіны план. Я не выключаю, што па меры набліжэння даты так званых выбараў такі адзіны план тым ці іншым чынам рэалізуецца. І думаю, што гэта будзе за 5 дзён да 28 верасня, калі пачнецца масавы выган людзей на датэрміновае галасаванне і пачнуцца фальсіфікацыі. Думаю, тады апазіцыя аб’явіць байкот такім псеўдавыбарам.

Мы, хрысціянскія дэмакраты, я хачу расставіць усе кропкі над “і”, хаця і не ўваходзім фармальна ў АДС, але ўдзельнічаем ў адзіным спісе, маем там 7 акругаў са 110, усе нашы кандыдаты ўжо падалі дакументы на рэгістрацыю, 5 з іх ужо атрымалі пасведчанні і працуюць, мы будзем праводзім выбарчую кампанію. Але мы не будзем заклікаць людзей ісці галасаваць на выбары да таго часу, пакуль не стане ясна, што выбары свабодныя.

Пакуль няма ніводнага намёку, што ўлада рыхтуе свабодныя выбары. Мы будзем казаць людзям: “На выбарах вас падмануць. Таму не ідзіце на выбары, ідзіце на нашы мерапрыемствы, ведайце, што выбары фальсіфікуюцца, і прымайце ўдзел у супольных акцыях пратэсту.

План, які ў нас распрацаваны на апошнія дні выбарчай кампаніі, будзе ўлічваць ступень дэмакратызацыі, на якую згодна ўлада дзеля легітымізацыі Палаты прадстаўнікоў. Іншымі словамі — калі патрэба прарыву ў Еўропу будзе такой, што галасы будуць лічыць, я ў гэта мала веру, але такое магчыма, тады мы зможам удзельнічаць у такой кампаніі. Калі ж пачнецца ўсё па старым сцэнары, і гэта найбольш верагодны варыянт, тады за 5 дзён да галасавання будзем заклікаць усіх кандыдатаў ад АДС здымаць свае кандыдатуры і байкатаваць выбары.

Апазіцыя збіраецца байкатаваць выбары, калі адчуе падман з боку ўладаў. А Гайдукевіч ужо заявіў, што ніхто з ЛДПБ балатавацца не будзе. Можа пакуль звычайная апазіцыя чакае, што будзе, лібералы адчулі, што лавіць няма чаго і вырашылі не ганьбіцца. Не баіцеся спазніцца з байкотам і страціць твар?

У маім разуменні ўдзел і роля Гайдукевіча ў выбарах нават не вартыя самастойнага аналізу. Можа нават, што гэта нейкі сігнал, з дапамогай якога ўлада хоча нешта паказаць альбо Захаду, альбо апазіцыі. Але Гайдукевіч ужо столькі разоў гэтую пазіцыю мяняў, што рабіць сур’ёзныя высновы з любога яго кроку я б не стаў.

У нас ёсць цвёрдая пазіцыя: будуць лічыць галасы, будзе адносная свабода ў сродках масавай інфармацыі і хаця б адносная роўнасць, дэклараваная законам, у дачыненні да розных кандыдатаў — гэта выбары і ў іх можна ісці да канца. Будуць рэпрэсіі, будзе падман, будзе махлярства — будзе байкот. На апошняй стадыі — калі мы вычарпаем магчымасці кампаніі. Для нас важна папрацаваць з людзьмі.

— Скарыстаўшыся выбухам 3 ліпеня ўлады распачалі татальны ўціск на апазіцыю, ёсць людзі якія пацярпелі на працы з-за таго, што аб’явілі аб сваім жаданні балатавацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Вось вам і рэпрэсіі. Ці не час аб’яўляць байкот?

Пакуль што ўлада дэманструе, што ісці на сапраўдную лібералізацыю не збіраецца. Але гісторыя з рэгістрацыяй кандыдатаў, якія дапусцілі памылкі ў сваіх спісах, гэта тычыцца і кандыдатаў ад АДС, і кандыдатаў ад “Еўрапейскай кааліцыі”, паказвае, што ўладзе любым коштам легітымізацыя патрэбна. Яны рэгіструюць гэтых кандыдатаў.

Тут ёсць элементы гульні — улады спрабуюць даць пернік: “Вось вам свабода на выбарах!”, але пастаянна пагражаюць і шчоўкаюць пугай рэпрэсій. І думаю, што яшчэ павінны прайсці пару тыдняў, перш, чым мы зможам даць канкрэтны адказ на пытанне: “Ці ўлады сапраўды гатовы саступіць пад ціскам Захаду, ці яны ў чарговы раз падманваюць?”

— Палітыка Паўла Севярынца ведае шмат людзей. Палітыка “маці Паўла Севярынца” наўрад ці хто ведае. Хто пісаў ёй перадвыбарчую праграму?

Праграма ў яе хрысціянска-дэмакратычная, агульная для ўсіх нашых 7 кандыдатаў. Мы працавалі з маці, я з’ўляюся сябрам яе ініцыятыўнай групы, як і ўсіх астатніх нашых кандыдатаў. Маці двойчы балатавалася ў гарсавет, таму досвед у яе ёсць. Безумоўна, і першы, і другі раз гэта заканчвалася альбо намалёўваннем нейкай лічбы, альбо зняццем з дыстанцыі, але досвед у яе ёсць. Так што ўлады пашкадуюць, што яны выкінулі яе з працы — цяпер яна можа спакойна аддаваць усе сілы партыі і перадвыбарчай барацьбе.

У перадвыбарчай праграме кандыдатаў ад АДС ёсць абяцанне выдаць усім сем’ям з 2 дзецьмі безпрацэнтны крэдыт на будаўніцтва кватэры на 25 гадоў. Ці рэальныя такія абяцанні?

Рэальна можна даваць яшчэ і больш выгадныя абяцанні. Прычым рэальныя, падмацаваныя магчымасцямі. Калі ідзе гаворка пра лібералізацыю Беларусі, то заходнія крэдыты, патэнцыял дробнага і сярэдняга прадпрымальніцтва і энергія свабоды, якая вызваляецца ў сапраўды дэмакратычным грамадстве, яны дазваляюць правесці рэформы на стадыі абязбольваючай эйфарыі. Калі людзі гатовыя нешта ператрываць і пацярпець. Самае галоўнае, каб гэта было шчыра і з вераю ў перамогу.

Такое ўражанне, што праграма кандыдатаў ад АДС спісана з колішняй прэзідэнцкай праграмы Мілінкевіча…

— Ёсць троху з гэтага, але шляхоў выхаду з крызісу шмат не напрыдумляеш. Пытанне нават не ў тым, у каго лепш праграма. Адбываецца нешта іншае — той у каго хапае духу, хапае веры, хапае любові да тых людзей, да якіх ён ідзе, гэта і перамагае, гэта і вырашае.

У інтэрв’ю Еўрарадыё нямецкі палітолаг Аляксандр Рар заявіў, што заходні бізнес згодны весці перамовы з атачэннем Лукашэнкі. Ці ёсць у гэтым небяспека для апазіцыі?

Мы, як сябры нацыянальнага руху, расцэньваем такія заявы даволі пазітыўна. Калі будзе кантакт у заходніх палітыкаў і заходніх бізнесменаў з элітамі сённяшнімі, калі будуць рэалізоўвацца супольныя праекты заходне-беларускія, будзе больш гарантый незалежнасці. Для нас незалежнасць важней, чым паслабленне ці лібералізацыя. Бо яна ёсць пастаяннай і неад’емнай каштоўнасцю.

Дэмакратыя і лібералізацыя, рэчы досыць адносныя. Зараз існуе недэмакратычны рэжым, які не можа гарантаваць незалежнасці Беларусі. Але чым болей стасункаў з Захадам, тым болей падмуркаў для такіх гарантый.

Уявім, што 10 апазіцыянераў сталі дэпутатамі. Што яны могуць зрабіць супраць 100 астатніх?

10 супраць 100 гэта вялікая сіла. Гэта людзі, з якім будзе працаваць Захад, на якіх будзе арыентавацца апазіцыя. Якія будуць мець дэпутацкі імунітэт, а значыць — арганізоўваць нейкія акцыі пратэсту і нейкія мерапрыемствы. 10 прадстаўнікоў апазіцыі гэта, магчыма, рэальны варыянт для сённяшніх раскладаў, калі б адбываліся свабодныя выбары, але, мяркую, Лукашэнка пабаіцца ісці на такі крок, як прызнанне перамогі 10, 15, 20 апазіцыянераў.

Прагнозы, усё ж, больш песімістычныя?

Пакуль што выглядае на тое, што ідзе гульня, спроба абдурыць Еўропу. Здаецца, нейкія перамены, але кардынальна не мяняецца нічога. Загаду не чапаць апазіцыю, даць свабодны эфір не было. Гэта можна сказаць па дзеяннях выбарчых камісій і карных органаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)