Общество
Любоў Лунёва, «Радыё Свабода»

«Неўзабаве пачну пісаць новыя вершы»

Рыгор Барадулін свой юбілей сустрэў на шпітальным ложку. 14 лютага народны паэт быў шпіталізаваны ў лякарню Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зь віруснай двухбаковай пнэўманіяй. Пакуль ён застаецца ў рэанімацыі, але хутка ідзе на папраўку, і напрыканцы тыдня яго перавядуць у палату тэрапэўтычнага аддзяленьня.

У гэтыя дні сотні людзей дасылаюць свае віншаваньні і словы падтрымкі Рыгору Барадуліну.

Паводле жонкі паэта Валянціны, яе муж пачуваецца значна лепш, чым у той дзень, калі трапіў у шпіталь. Яна вельмі непакоілася яшчэ й з-за таго, што літаральна за тры дні да рэанімацыі Барадулін выпісаўся з 10-га клінічнага шпіталя, дзе лекаваўся ў аддзяленьні кардыялёгіі.

Рыгор Барадулін прыняў віншаваньні ад карэспандэнтаў Радыё Свабода і распавёў пра сваё здароўе і пляны на бліжэйшы час.

«Дзякуй Богу, усё ідзе да лепшага. Спадзяюся, што неўзабаве буду дома і буду пісаць новыя вершы. Дзякуй усім-усім, трэба запомніць, што самыя лепшыя лекі — гэта лісты, паштоўкі, званкі, галасы сяброў. Гэта самыя лепшыя лекі, і іх ні за што ня купіш. Жыве Беларусь!»

Валянціна Барадуліна прыйшла наведаць свайго мужа і сказала «Свабодзе» некалькі слоў у рэанімацыйнай палаце:

«Дактары кажуць, што яму лепей, але да канца тыдня ён будзе заставацца тут. А потым яго ў тэрапію перавядуць. Там нейкія пабочныя рэчы зьявіліся, дык трэба і іх падлячыць. Сёньня, канечне, лепей яму. Не параўнаць. І тэмпэратуры няма, і кашаль ужо не такі, меншы. Крызісу ўжо няма.

Я казала яму, што званкі бясконцыя, і тэлеграмаў вось пачак яму прынесла, ды яшчэ паштовак. А з пошты патэлефанавалі, што яшчэ накідалі шмат. Гэта ж зразумела. Вось буду яму партыямі насіць. Усё гэта яму паказваю. Гэта ж нейкая падтрымка».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)