Женщины

Улада Веснiч

Нэла Агрэніч: «Гэта галоўны мэсэдж прапаганды – каб жанчына мірылася з абставінамі і падпарадкоўвалася сістэме»

Глядзелі серыял «Давай его дождёмся»? Гэта сатыра пра расійскую мабілізацыю ад ютуб-канала «ЧынЧынЧэнэл», і сярод яе стваральніц – беларуская рэжысёрка Нэла Агрэніч, якая не так часта з’яўляецца ў медыя. «Салiдарнасць» вырашыла выправіць гэта і бліжэй пазнаёміцца з беларускай.

Тут i далей фота: архіў суразмоўцы

Нэле Агрэніч 35 гадоў, па адукацыі яна рэжысёрка. Ужо некалькі гадоў яна супрацоўнічае з «ЧынЧынЧэнэлам» – ютуб-каналам, што даў свету Алену Жалудок з яе «Шчучыншчынай», псеўдачыноўнікаў Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча, а цяпер яшчэ і праект Давай его дождёмся пра жонак расійскіх мабілізаваных.

Сцэнар да гэтага серыяла з трох невялічкіх эпізодаў Нэла напісала разам з Аленай Зуй-Вайцяхоўскай, яшчэ адной жаночай зоркай «ЧынЧынЧэнэла», таксама Алена і Нэла сыгралі ў серыяле галоўныя ролі.

Калі вы не глядзелі, «Давай его дождёмся» зняты ў фармаце псеўдапрапагандысцкага тэлешоу, дзе на прыкладзе iдэальнай жанчыны – яе і грае Нэла – паказана, як, на думку расійскай прапаганды, мусіць паводзіць сябе жонка мабілізаванага.

«Думаю, з фэйкавай ідэальнасцю сутыкаецца кожная жанчына»

Агрэніч кажа, што на першым месцы ў серыяле тэма фемінізма і жанчыны ў сістэме, праблем, з якімі яна сутыкаецца, і таго, як прапаганда падказвае гэтыя праблемы вырашаць:

– Абмінаючы слана, каб проста высунуць яго з яе жыцця, прапаганда прывучае жанчыну мірыцца – паказвае, як збіраць мужа, калі ён атрымаў спецыяльную позву, як не сумаваць, калі кожны дзень ён можа страціць жыццё, як яго сустракаць і даць рады дэпрэсіўным наплывам і яго пакалечанай псіхіцы.

Сістэма прапануе жанчыне змірацца і шукаць выйсце, як з гэтым сланом жыць далей. Напэўна, гэта галоўны мэсэдж прапаганды – каб жанчына мірылася з абставінамі і падпарадкоўвалася сістэме.

Нэла расказвае, што сцэнар серыяла напісаны пра жанчын, але гэта і ўвогуле гісторыя пра чалавека ў сістэме – асобу, якая не мае права голасу, у якой ёсць толькі, як у серыяле, аўдыявізуальная інструкцыя, як жыць, і ў гэтых умовах ён мусіць сябе неяк захоўваць. Але ў фокусе «Давай его дождёмся» – жанчыны. Бо, на думку стваральніц, жаночыя праблемы вельмі замоўчваюцца.

– Мы не даем глабальных адказаў, толькі прапануем магчымасць падумаць і паразмаўляць на гэтыя тэмы. Не хачу дэманізаваць ні адну сістэму, паўсюль ёсць і плюсы, і мінусы. Кожны робіць выбар – мірыцца з імі і далей будаваць у гэтых абставінах сваю кар’еру і жыццё або выбіраць нешта іншае, – адзначае Нэла.

Каб стварыць для серыяла вобраз ідэальнай жанчыны, Алена і Нэла бралі і сучасныя ідэі, і ледзь не дамастроеўскія. Атрымалася, на іх думку, ідэальная гераіня прапаганды, заўсёлы бадзёрая і прыгожая жанчына. Нэла называе гэты вобраз вельмі глупым і адзначае, што ён зусім не суадносіцца з рэальным жыццём.

– Мне здаецца, сацсеткі вельмі траўмуюць жанчын. Да прыкладу, там ёсць фота шчаслівай, прыгожай і свежай маладой мамачкі, але рэальнасць маладых мам не такая, і гэта развівае ў тых, хто за такім сочыць, неўроз.

Вось і мы распрацавалі такі прывабны вобраз, на які камусьці захочацца глядзець, але ў рэальным жыцці ты зусім не зможаш быць на яго падобнай. Думаю, з гэтай фэйкавай ідэальнасцю сутыкаецца кожная жанчына, пакуль яна не знойдзе апору ў сябе.

То-бок сістэма навязвае жанчыне ідэальны вобраз, які б пасаваў не чалавеку, а менавіта сістэме, у якой гэтая жанчына жыве. Само грамадства падхоплівае тое, што паказваюць па тэлебачанні і ў ютубе, і гэтыя шаблоны трапляюць у падсвядомасць, людзі пачынаюць імі кіравацца.

Але гэта ідзе не ад грамадства, а ад прапагандысцкай машыны, і ў гэтым паўстае яшчэ адна праблема – тое, што людзі вядуцца на гэтую прапаганду, – разважае беларуска.

Папулярнае пытанне да Нэлы і Алены – чаму яны стварылі гісторыю менавіта пра расіянак, чым гэта можа быць карысна беларускаму гледачу. Агрэніч адказвае, што мы, беларусы, не можам не звяртаць увагі на тое, што адбываецца ў нас за плотам, тым больш так блізка, не можам не рэагаваць на гэта, заплюшчваць вочы і казаць, што ў нас усё добра. Нам уласцівая пазіцыя «мая хата з краю», быццам праблемы суседзяў нас не турбуюць, бо маем і свае цяжкасці.

Канешне, і ў беларусаў ёсць свае праблемы, і Нэла хацела б зрабіць пра гэта асобны праект. Але пакуль што яна прапануе паставіць сябе на месца расіянак, паразважаць, як бы беларускі сябе павялі на гэтым месцы:

– Спадзяюся, мы ніколі не даведаемся на сабе, што такое мабілізацыя, але можам прэвентыўна вывучыць гэтую тэму і паглядзець, наколькі гэта страшна.

Жыццё цяпер вельмі хутка змяняецца, і сёння ў нас усё акей, а хто ведае, што будзе заўтра? Таму і беларуская жанчына можа паглядзець на гэта і падумаць, што яна будзе рабіць, калі заўтра яе мужа забяруць не на вучэнні, а на сапраўдную вайну. Таксама будзе глядзець прапаганду?

Таксама не трэба адмаўляць, што Беларусь знаходзіцца ў кантэксце расійскай прапаганды, многія беларусы глядзяць расійскія перадачы, навіны і серыялы. Такі кантэнт складае пэўную частку іх свету, таму расійская прапаганда дзейнічае і на іх, і яе вывучаць важна.

«Выказацца на тэмы, якія балелі б нам, маладым рэжысёрам, у Беларусі немагчыма»

Нэла з’ехала з Беларусі ў 2021-м з камандай «ЧынЧынЧэнэла», бо праекту пагражалі рэпрэсіі. Яна працавала на «Беларусьфільме» як асістэнт рэжысёра і другі рэжысёр, таксама працавала з прыватнымі кінастудыямі, здымала сваё кароткаметражнае кіно.

Але, кажа Агрэніч, у Беларусі яна адчувала столь: «Мне як маладому рэжысёру было вельмі цяжка знайсці сродкі на кіно, а атрымаць нешта ад Мінкульту было проста нерэальна. Гэта праз цэнзуру, праз тое, што яны хацелі бачыць на экранах. Выказацца на тэмы, якія балелі б нам, маладым рэжысёрам, там немагчыма. Ды там і няма рынку – у той час дзяржава падтрымлівала адзін-два фільмы, гэта мізэрная колькасць.

Каб падтрымалі цябе, трэба было напісаць гісторыю, якая не толькі б пасавала табе, а якая і зацікавіла б сістэму. Гэта вялікі кампраміс, на які не заўсёды пойдзе малады рэжысёр».

Цяпер Нэла жыве ў Польшчы і расказвае, што там перад ёй адкрываюцца зусім іншыя магчымасці працы. Пытанне сродкаў не знікла, але ёсць магчымасць іх знайсці – і ў Польшчы, і за яе межамі.

Беларуска працуе як другі рэжысёр і зарабляе так на жыццё, а таксама робіць свае праекты разам з польскімі фільммэйкерамі – гэта поўнаметражная драма і дакументальны фільм. Пытанне мовы для Нэлы ўжо не стаіць, бо яна вывучыла польскую.

Наколькі цяжка беларусцы зайсці на польскі кінарынак?

– Думаю, што для кожнага гэта асабістая гісторыя, адзінага ключа няма – каб ён быў, гэта было б вельмі класна і проста, – кажа яна. – У некаторых выпадках мне проста пашчасціла сутыкнуцца з людзьмі, якія цікавяцца тым жа, чым і я, і мы проста пачыналі працаваць разам.

Напэўна, галоўнае – рабіць і казаць пра тое, пра што хочаш, не думаць, што на гэтым прасторы ты нікому не патрэбны.

Важна звяртаць увагу на тэмы, з якімі мы заходзім на польскі рынак. Беларусам больш варта прыносіць свае лакальныя праблемы, бо яны могуць быць актуальнымі і для іншых краін, а мы гэта недаацэньваем. У тым ліку гэта можа быць цікава палякам, бо яны вельмі блізкія да нас, яны могуць нас зразумець і даць шлях, каб рэалізаваць гэтыя праекты.

І важна ведаць польскую мову – хаця тут і магчыма працаваць па-англійску, але нейкія працоўныя спатканні варта праводзіць па-польску.

На яе думку, ёсць багата беларускіх тэм, якія маглі б быць цікавыя еўрапейцам. Напрыклад, можна адрэфлексаваць падзеі 2020 года, паглядзець на іх на адлегласці. Гэта тэмы дэмакратыі, адносінаў чалавека і сістэмы, здрады самому сабе – шмат якія чалавечыя тэмы можна пакласці на падзеі, якія ў нас адбываліся, і гэта зміксаваць.

Але суразмоўца ні сабе, ні камусьці іншаму не раіць ісці за кан’юнктурай рынку: «Трэба адчуваць, што актуальна цяпер, але калі душа ніяк не ляжыць да гэтай тэмы, няма сэнсу за яе брацца. Лепш размаўляць на тэмы, па якіх табе ёсць што сказаць, каб табе самому было цікава з гэтым разабрацца.

Можа быць складана выжываць у эміграцыі і адначасова яшчэ спрабаваць нешта сказаць па нашых беларускіх тэмах, я па сабе бачу, што гэта жыццёвы квест».

Калі б Нэла атрымала магчымасць вярнуцца і здымаць кіно ў сённяшняй Беларусі, ці пагадзілася б?

– Не жадаю дэманізаваць беларускую кінасферу, проста думаю, што гэтая сістэма мне не падыходзіць. Там ёсць рэчы, з якімі я не гатовая пагаджацца і ісці на кампрамісы, таму я проста не бачу сябе ў тых умовах, гэта нешта з разраду фантастыкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(16)