Навумчык: «Беларусы вымушаныя жыць больш страшных умовах, чым расіяне»

Палітычны аглядальнік — пра розніцу паміж сітуацыяй у Беларусі і Расіі і падыход Захаду.

— У рэпартажах з суду над мастачкай, якая выступіла супраць вайны ў расейскім Санкт-Пецярбургу, грамадзяне ў судовай залі скандуюць словы падтрымкі і абурэньня рашэньнем суду. У Беларусі гэтых грамадзянаў адразу б скруцілі, зьбілі і кінулі спачатку на Акрэсьціна (і добра, калі Акрэсьціна скончылася б), — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Але пачаць варта з таго, што ніякага тэлерэпартажу незалежныя журналісты не зрабілі б — у лукашэнкаўскай РБ ніякая незалежная журналісцкая дзейнасьць немагчымая.

Навальны, да нядаўняга часу, ледзь не онлайн-трансьляцыі з камэры вёў, усе расейскія топ-палітвязьні, ня кажучы ўжо пра «звычайных» — свабодна перапісваюцца з кім заўгодна.

У Беларусі ад некаторых палітвязьняў няма ніякіх зьвестак ужо больш як паўгады.

Вядома толькі некалькі выпадкаў, калі да «палітычных» у Расеі прымаліся «меры фізычнага ўзьдзеяньня» пасьля затрыманьня — у РБ зьбіцьцё праціўнікаў Пуціна і Лукашэнкі супрацоўнікамі КДБ і ГУБАЗІКа, а затым катаваньні ў турмах зрабіліся руціннай практыкай.

У Расеі на вуліцы паліцыянт вось проста так не падыходзіць да чалавека і не патрабуе паказаць тэлефон, каб праверыць падпіскі на сацсеткі — у Беларусі гэта норма. У Расеі перад вобшукам паказваюць ордэр — у Беларусі ператрусы робяць без такіх буржуазна-дэмакратычных фармальнасьцяў.

Гэта каб яшчэ раз нагадаць, у наколькі больш цяжкіх, больш страшных умовах вымушаныя жыць беларусы — пры тым што ўвага, якая надаецца Захадам Беларусі, на парадак (г.зн. у дзясятак разоў) меншая, чым тая, якая штодзённа надаецца Расеі.

Гэтак жа было і ў пачатку 90-х, калі ўся ўвага (падкрэсьліваю: УСЯ) была сканцэнтраваная на Расеі: Захад аддаў Беларусь у сфэру ўплыву Масквы, наіўна спадзяючыся, што «прагрэсіўная Расея», як лакаматыў, выцягне Беларусь у дэмакратычную будучыню.

Ня бачачы (ці не жадаючы бачыць), што Расея стагодзьдзямі імчыць у іншым, цалкам супрацьлеглым ад цывілізацыі накірунку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(67)