Комментарии
Сяргей Законнікаў, «Свободные новости плюс»

«Нацыянальнай ідэяй у Беларусі стала халуйства»

Аўтарытарная ўлада ў Беларусі цягам дваццаці гадоў вядзе пошук нацыянальнай ідэі. На гэта кідаліся немалыя сродкі, «спяцы» ад ідэалогіі пісалі брашуры і кнігі. Але марна. На ўручэнні прэмій «За духоўнае адраджэнне» кіраўнік краіны зноў прапанаваў сфармуляваць такую нацыянальную ідэю, якая была б зразумелай усім — «ад акадэміка да селяніна».

Яшчэ раз напомню, што прамоўца і яго спічрайтары шукаюць сякеру, якая ляжыць пад лаваю. Варта толькі згадаць спадчыну геніяў нацыі Янкі Купалы і Якуба Коласа, як ідэалагічная мітусня ўбачыцца пустой і непатрэбнай.

Раю прачытаць, як Біблію, публіцыстыку Івана Дамінікавіча — артыкулы «Ці маем мы права выракацца роднай мовы», «А ўсё ж такі мы жывём!», «Вера і нацыянальнасць», «Менск, 25-га Кастрычніка», «Беларускі сцяг уваскрос», «Будуецца беларускае гаспадарства», «За цэласць Бацькаўшчыны», «Больш самачыннасці», «Незалежнасць», «Моладзь ідзе!», «Беларускае войска», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» — і там знойдуцца выразныя абрысы нацыянальнай ідэі. Калі патрэбна фармулёўка, то вось яна: «Толькі незалежная Беларусь збавіць нас раз назаўсёды ад чужой апекі і перакідання з аднаго боку на другі. Толькі Беларуская дзяржава запэўніць нам спакой, парадак і лепшую долю».

А як не ўспомніць паэму Якуба Коласа «Новая зямля», яе неўміручую ідэю свабоднай працы вызваленага ад прыгнёту чалавека на ўласнай зямлі ў вольнай, незалежнай Беларусі!

Можна згадаць дзесяткі слаўных імёнаў пісьменнікаў, вучоных ранейшага і нашага часу, якія выспельвалі нацыянальную ідэю, але выдзелю яшчэ тры: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч. Не цытуючы канкрэтныя абзацы, прысвечаныя важнай тэме, скажу, што іхняя творчасць — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, эсэ, публіцыстыка, казкі, прыпавесці — цалкам служыць нацыянальнай ідэі, падае яе жывы вобраз.

Займацца самацытаваннем як бы не выпадае, але ў 1993 годзе выйшла мая кніга «Беларускае сэрца», дзе маецца даходлівая фармулёўка нацыянальнай ідэі: «Пабудаваць суверэнную, прававую, цывілізаваную Рэспубліку Беларусь, дзе будуць жыць заможна, разумна, культурна і годна прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей, усіх палітычных перакананняў, усіх веравызнанняў».

У свой час мне давялося наведаць шмат рэспублік СССР. Добра было ў бліжэйшай і раднейшай сэрцу Украіне, дзе бываў часцей, а таксама ў Расіі, Літве, Латвіі, Грузіі, Таджыкістане, Узбекістане, Казахстане. Але я, сціснуты з маленства прапагандысцкім хамутом суперінтэрнацыяналізму, усё ж не мог пагадзіцца з тым, што «мой адрес — Советский Союз». Насельнікі імперыі настолькі адрозніваліся ладам жыцця, менталітэтам, звычаямі, што ў маім уяўленні ніяк не атрымлівалася адзінага цэлага — савецкага народа, да якога усіх прыпісвала ідэалогія. На першым месцы была родная зямля, свой народ, пра іх думаў і пісаў.

Відаць, адчуванне Айчыны, якое кожны чалавек набывае з малаком маці, з яшчэ большай сілаю ўліваецца ў чуйнае да нацыянальнай крэўнасці сэрца паэта. Так задумана і здзяйсняецца Вышэйшай Воляю.

Якраз з гэтай прычыны, калі Савецкі Саюз распаўся, у маёй душы не было страху і разгубленасці. Нарэшце беларусы сталі грамадзянамі не велізарнага, расплыўчатага ўтварэння, а незалежнай, кампактнай, утульнай і мілай сэрцу Айчыны. Верылася, што народнай сям’ёю мы пабудуем на роднай зямлі дэмакратычную дзяржаву і прыстойнае жыццё, адродзім нацыянальныя святыні.

На жаль, так не атрымліваецца. Беларусь для значнай часткі жыхароў была і застаецца тэрыторыяй працаўладкавання, сталоўкай і спальным месцам. Не больш таго...

У доўгім пошуку нацыянальнай ідэі кіраўнік краіны нарэшце заявіў, што яе асновай павінны стаць патрыятызм і гістарычная спадчына. Але тут маецца нестыкоўка. Патрыятызм выхоўваецца на грунце роднай мовы і культуры. А рэжым шпаркімі тэмпамі працягвае русіфікацыю грамадства. У Мінску з 230 школ і гімназій толькі 14 (паводле афіцыйных звестак) вядуць навучанне на беларускай мове, у абласных цэнтрах і гэтага няма. З захаваннем гістарычнай спадчыны таксама ўзнікаюць праблемы, у выніку абыякавых і нават дзікунскіх адносін да яе многія каштоўнасці назаўсёды страчаны.

За жыццё я пераканаўся, што спецыяльна выхоўваць патрыятызм лекцыямі бессэнсоўна. Ёсць фактары, якія ўплываюць на ўзнікненне высакароднага пачуцця без аніякага націску: народныя казкі, легенды, класічная і сучасная літаратура, краязнаўства, наведванне музеяў.

Падтрымку сваім думкам знайшоў у нядаўнім артыкуле У. Якабсона «Кое-что о патриотизме»: «...Необходимо воспитывать умных, образованных и, главное, порядочных людей, и они непременно будут патриотами. А специальное «патриотическое воспитание», о котором сейчас столько говорят и пишут и которое даже пытаются реализовать, способно, по своей неизбежной примитивности и бездарности, порождать только лицемеров и шовинистов. Ибо оно требует приукрашивания всего прошлого и нынешнего, безмерного преувеличения успехов и побед и замалчивания или преуменьшения неудач и поражений, требует, попросту говоря, вранья».

Думкі кіраўніка Беларусі круцяцца ля халяўных расійскіх газа і нафты, ля замежных пазык, без якіх нельга ўтрымаць уладу. Прадметам гандлю стала і незалежнасць краіны.

Электарат, знясілены выжываннем, заклапочаны немагчымасцю адужаць высокія цэны на прадукты, тавары, камунальныя паслугі, лекі. Але гэта — справы паўсядзённыя і зменлівыя, сёння — пуста, а заўтра — густа.

У быцці нацый ёсць больш значныя, вышэйшыя, вечныя каштоўнасці. Гэта нацыянальная культура і адукацыя, якія вырастаюць на глебе роднай мовы. Яны ствараюць інтэлектуальны ўзровень, шматвектарныя магчымасці сённяшняга і будучага грамадства, уплываюць на эканамічнае, навуковае і духоўнае развіццё краін з перспектывай на многія стагоддзі.

Дарэчы, той жа публіцыст У. Якабсон слушна піша: «Национальная идея у всех народов/.../ может быть только одна и та же: никого не грабя и никого не эксплуатируя, не виня другие страны и народы в своих собственных неудачах, ошибках, глупостях и преступлениях (а они есть в любой реальной истории), трудом своего ума и своих рук создать в своей стране достойную человека жизнь, помогать в этом другим народам и внести максимально возможный вклад в сокровищницу мировой культуры».

Тое, што беларускі рэжым так доўга шукае нацыянальную ідэю, наводзіць на крамольную думку — за мітуснёй хаваецца «страшны сакрэт». Яна даўно знойдзена, але адкрыта гаварыць пра «вялікую ўдачу» афіцыйна забаронена. Рэаліі паказваюць, што нацыянальнай ідэяй у Беларусі стала лаяльнасць да ўлады, халуйства ў самым шырокім сэнсе гэтага ганебнага слова. Але з такім арыенцірам недалёка да новай бяды.

Фізічна, хоць з катастрафічнымі стратамі (рэвалюцыі, войны, бежанства, перыяды голаду, рэпрэсіі, Чарнобыль, сучасны дэмаграфічны спад), ды неяк мы яшчэ выжываем. А што чакае беларусаў наперадзе — як этнічную, культурную і духоўную адзінку?

Марна шукаць тое, што даўно існуе і можна знайсці ў любой бібліятэцы. Уладзе трэба не займацца дэмагогіяй, пахвальбой і гандлем самым святым, а здзяйсняць запаветы сапраўдных змагароў за незалежнасць Айчыны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)