Общество
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

На свет з’явіўся «Кніганоша»

13 студзеня з’явіўся на свет супольны «твор» Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта літаратурны бюлетэнь «Кніганоша».

Патрэба ў такім бюлетэні наспела даўно. Вядома, як няпроста своечасова даведацца пра новыя кнігі. Выдавецтваў ды выданняў шмат, але да гэтага часу няма адзінай крыніцы інфармацыі пра навінкі беларускамоўнага друку.

Між тым, у Беларусі выходзіць усё больш і больш беларускамоўнай літаратуры. Патрэбу ў стварэнні падобнага “кніжнага” бюлетэня выказвалі і прадстаўнікі розных выдавецтваў, і аўтары, і чытачы.

Кожнае з прадстаўленых у бюлетэні выдавецтваў цікавае і ўнікальнае, мае свой кірунак, сваю адметнасць. Адны друкуюць кнігі па філасофіі, другія — мастацкую літаратуру (творы сучасных аўтараў альбо класікаў), трэція папулярызуюць абсалютна невядомую чытачу гісторыю і культуру беларускага замежжа, а іншыя выдаюць слоўнікі, даведнікі ды кнігі па гісторыі Беларусі.

Бюлетэнь “Кніганоша” будзе распаўсюджвацца па грамадскіх бібліятэках і бібліятэках пры навучальных установах па ўсёй Беларусі.

У першым нумары бюлетэня ў рубрыцы “Аўтограф” чытач знойдзе інтэрв’ю Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, а таксама зможа азнаёміцца з апошнімі кніжнымі навінкамі.

Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады; Уладзімір Сіўчыкаў. Бювар: Маналогі і дыялогі; Капусьцінскі Рышард. Імпэратар. Падарожжы з Герадотам; Гілевіч; Н. Выбраныя творы -- вось толькі некаторыя кнігі, пра якія можна даведацца, прачытаўшы першы нумар “Кніганошы”.

Агулам жа, у першым нумары бюлетэня змешчана інфармацыя больш чым пра 40 кніг.

Спадзяёмся, што “Кніганоша” стане для чытачоў сапраўдным гідам па прасторах беларускамоўнага друку.

Спампаваць першы нумар бюлетэня “Кніганоша”можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)