Общество

На фестывалі дзяўчына заплакала: «Чаму яны тут, а не на вайне?..»

Алесь Кіркевіч на Будзьма разважае пра жыццё па розныя бакі мяжы і тое, як самазахавацца беларусам.

Улетку 2015-га мой сябар толькі вярнуўся ў Кіеў з Усходу і злавіў дэпрэсію. Не ад перажытага і пабачанага. Але ад таго, што Кіеў жыве фестывалямі, новымі кавярнямі, а ў «качалках» поўна мужыкоў. Калі старэйшы таварыш-украінец патлумачыў, што на Траешчыне пілі і будуць піць заўжды — таго троху адпусціла...

Фестываль абуджаных Tutaka. Фота: Руслан Серадзюк

Гісторыя вечная. Бо паўтараецца штораз, калі недзе катастрофа, а зусім блізка — мірнае жыццё. Два розныя сусветы. Канфлікт непазбежны. Бо там і тут розныя сістэмы каштоўнасцяў, тактыкі выжывання, прыярытэты. «Сусвет вайны» спрабуе мабілізаваць «сусвет міру», пашырыцца за кошт яго. «Сусвет міру» спрабуе... не заўважаць свайго антаганіста.

У беларусаў зараз усё падобна. Але яшчэ больш складана. Год таму на вядомы фестываль у замежжы трапіла дзяўчына, якая толькі-толькі выйшла з-за кратаў на радзіме. Выйшла — эвакуявалася — сябры пацягнулі на фэст. Там — дыджэі, халоднае піва, смех, п’яныя здаровыя мужыкі. Агледзеўшыся, дзяўчына заплакала: «Што яны тут робяць?! Чаму яны тут, а не на вайне?..»

How dare You?! — па абодва бакі мяжы

З сённяшняй Беларусі жыццё ў эміграцыі выглядае як нон-стоп фестываль. Шоу, канцэрты, стэндапы, падарожжы па ўсім свеце, прасэкка і сангрыя. У забароненых каналах ты бачыш, што «за палітвязняў» у Варшаве гуляюць у пін-понг. Або — з усмешкай купаюцца з бел-чырвона-белымі сцягамі ў акіяне. А тут, побач — трэш, сілавікі ў поўнай амуніцыі, палітвязні, лік якіх ужо ніхто не памятае. Суцэльны змрок.

How dare You?! — хочацца крыкнуць услед за Грэтай. За кулісамі, канешне, застаецца рэальнае эмігранцкае жыццё: безграшоўе, разгубленасць, страта ўсяго, што было. Пра такое не прынята пісаць у сацсетках. Фота дабітых здымных кватэр, замест нармальных у Беларусі, не посцяць. Як і фота родных, якіх, магчыма, ніколі не пабачыш.

Жыццё па той бок, у Беларусі, таксама рознае. У Менску надалей працуюць кабакі, кальянныя, клубы. І сядзяць там не толькі «ябацькі» і персанажы «палітыкай-не-цікаўлюся», праўда?

Жыццё працягваецца. Па абодва бакі жалезнай заслоны. І там, і тут людзі спрабуюць выціснуць са свядомасці негатыў і — жыць далей. І там, і тут не ведаюць, што рабіць.

Фестываль абуджаных Tutaka. Фота: Руслан Серадзюк

Псіхіка, каб захавацца, выціскае «вайну» і пакідае коцікаў

Чаму так? Бо ёсць хібнае меркаванне: нейкая падзея, інфармацыя ці эмоцыя выклікаюць асэнсаванне. Асэнсаванне выклікае дзеянне. А яно працуе зусім не так. Асэнсаванне можа накоплівацца, але калі няма «акна магчымасцяў», то нічога не выклікае (апроч фрустрацыі). Кожны паасобку нешта асэнсаваў — і што?

Яно выстрэльвае толькі, калі ёсць канал выхаду энергіі: «акно магчымасцяў». Як было ў 2020-м. Акно закрылася — хлоп! — народ зноўку паехаў на лецішчы і ўзяўся за рэмонты. Бо жыць вечна ў стане напружвання немагчыма. Галава не вытрымае. Стома таксама накапліваецца: чатыры гады пасля 2020-га, два пасля 2022-га... Псіхіка, каб захавацца, проста выдаляе «вайну і тэрор» з сяброў у фэйсбуку. Каб засталіся горы, мора і коцікі. Бо і так фігова.

Украіна, па вялікім рахунку, сутыкаецца з падобнымі выклікамі. Інакш не было б свежага скандалу з дзецьмі Клічко на адвязнай вечарынцы ў Гамбургу. Або віруснай навіны пра тое, што ўкраінцы штодня выдаткоўвацюь 400 млн грывень на анлайн-казіно...

Беларуская сітуацыя, безумоўна, лягчэйшая, чым сітуацыя ваюючай краіны. Але і больш складаная. Бо няма фронту, дзе адбываецца барацьба. Варыянт унутры краіны: спаліць «Табакерку» і атрымаць 15 год турмы. Варыянт за мяжой: паехаць у ПКК. Але абодва, незалежна ад профіту — індывідуальныя, а не масавыя. Асабістае рашэнне ніяк не ўплывае на агульную сітуацыю.

Тактыкі эфектыўных калектыўных дзеянняў адсутнічаюць

Няма ніякага ўцямнага алгарытму, каб усім нешта рабіць, а пасля сказаць «этот день мы приближали как могли». Размова менавіта пра калектыўнае дзеянне. І гэта таксама праблема тых, хто ўзяўся за нацыянальнае лідарства, але не можа нарадзіць умоўных «10 пунктаў для перамогі». Менавіта для перамогі, а не для «ўдзелу ў працэсе», бо працэс можа ісці бясконца.

Патэнцыял і запас пасіянарнасці беларусаў па-ранейшаму застаецца вялікім. І ў замежжы, і «на зямлі». Але адсутнасць уцямнага алгарытму і акна магчымасцяў правакуе абарончую рэакцыю псіхікі. Гэта чакана і не ёсць нейкай нацыянальнай рысай характару.

Узгадайце лёсы «белай эміграцыі» 1920-30-х. З іх уплывамі, грашыма, сувязямі, баявым досведам... Тыя самыя парыжскія кабакі, безграшоўе, сваркі, хімерныя праекты і ўнутраныя падзелы. Той самы ланцужок: эмацыйная накручанасць — фрустрацыя — самазахаванне і жыццё для сябе. Бо не было «акна магчымасцяў» і ўцямнага алгарытму, што ж рабіць.

Зусім іншы прыклад: у Галівудзе падчас Другой Сусветнай здымалі кіно, танчылі і спявалі. Амерыканцам гэта не перашкаджала ваяваць і перамагаць. Але яны мелі сваю краіну за плячыма ды — канкрэтны фронт працы. У Беларусаў ані таго, ані другога зараз няма.

У тэксце, як вы маглі пераканацца, адказы на экзістэнцыйныя пытанні таксама адсутнічаюць. Як мінімум, гэта спроба патлумачыць, чаму знаходзімся там, дзе знаходзімся.

Скончыць хочацца цытатай вядомага даследчыка псіхалогіі паводзінаў у канцлагеры.

Прайграюць тыя, хто думае, што ўсё скончыцца заўтра. Або не скончыцца ніколі. Перамагаюць тыя, хто ставіць задачы на штодзень і іх выконвае.

А там, далей... Que sera, sera.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(11)