Общество
Галіна НЕСЦЯРЧЫК, «Завтра твоей страны»

“На беларускай мове размаўляюць 95 адсоткаў беларусаў”

26 кастрычніка Грамадскае аб’яднаннне “Таварыства беларускай мовы” плануе правесці чарговы X з’езд. Якім чынам ТБМ збіраецца ўплываць на новы склад беларускага парламенту, каб дабіцца перагляду Закона аб мовах, у чым сутнасць звароту да насельніцтва напярэдадні перапісу, распавядае старшыня аб’яднання Алег ТРУСАЎ.

-- Журналісты ўжо абмяркоўваюць пытанне, ці адбудзецца змена кіраўніцтва вашай арганізацыі…

-- Пакуль канкурэнтаў у мяне няма. Хто ж захоча мець такі клопат: шукаць, напрыклад, штомесяц тысячу еўра, каб існавала арганізацыя? Прэзідэнт падпісаў указ аб павелічэнні ў 10 разоў памеру арэнднай платы для грамадскіх арганізацый, якія не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, і мы вымушаныя плаціць. Іначай нас закрыюць: скасаванне юрыдычнага адрасу ланцугом цягне за сабой і скасаванне аб’яднання. Мяне ўжо крытыкавалі за метады, да якіх я вымушаны прыбягаць у пошуках грошай. Называлі шантажыстам, калі ТБМ агучыла прозвішчы вядомых апазіцыянераў, якія адмовіліся ўнесці ахвяраванні.

Арэнда, між іншым, -- гэта асноўныя нашыя выдаткі. Яшчэ тэлефон, Інтэрнет, выдаем за свой кошт газету “Наша слова”, капейкі ідуць на заробкі супрацоўнікам. Я, напрыклад, заробак увогуле не атрымліваю. Жыву з таго, што выкладаю ва ўніверсітэце.

-- Акрамя арганізацыйных пытанняў, што яшчэ будзе вырашацца на з’ездзе?

-- Перш-наперш, трэба выпрацаваць зварот да грамадзян, каб людзі рыхтаваліся да перапісу насельніцтва і ведалі, як адказваць на некаторыя пытанні: напрыклад, што іх родная мова – беларуская і размаўляюць яны дома па-беларуску. Дзесяць гадоў таму мы таксама прымалі адпаведны зварот і выйгралі той перапіс.

-- Што значыць “выйгралі”?

-- Улады сцвярджалі, што ў краіне ніхто па-беларуску не размаўляе, вучоныя распавядалі па тэлебачанні пра нейкую статыстыку, што роднай мовай у Беларусі карыстаецца не болей за 5 адсоткаў насельніцтва. Увогуле толькі беларускія чыноўнікі маглі дадумацца да таго, каб унесці ў спіс пытанняў перапісу і такое: “Якой мовай вы карыстаецеся дома?” Нават у савецкія часы такога пытання не існавала… І яны рыхтавалі электарат да таго, як трэба адказваць, нездарма агучвалі лічбы. Але ж, дзякуючы нашым намаганням, іх задума правалілася. 37 адсоткаў спраўдзілі, што размаўляюць дома па-беларуску, дарэчы, паўмільёна з іх былі не беларусы, а палякі, літоўцы, габрэі…

-- Але ж, мне падаецца, лічба насамрэч штучная...

-- Пытанне мовы ў Беларусі ўжо 300 гадоў штучнае і палітычна завостранае. І не трэба быць наіўнымі. Калі мы хочам выжыць і не згубіць Беларусь на мапе свету, мы павінны пра гэта людзям казаць. Асабліва гэта тычыцца дэмакратаў, якія ў кожным сваім выступе сцвярджаюць, што пякуцца пра будучае Беларусі. А што насамрэч атрымліваецца?! Сябры АГП удзельнічалі ў апошняй выбарчай кампаніі ў парламент, спецвыпускі выдавалі -- ні слова па-беларуску. Між тым, ад пытання “Якой мовай вы карыстаецеся дома?” шмат што залежыць: колькі беларускіх выданняў захаваць, колькі выдаць слоўнікаў і г.д.

-- Дарэчы, існуе меркаванне, што дзяржава да ТБМ прыслухоўваецца, з вашымі заўвагамі лічыцца. Гэта насамрэч так?

-- Кожнае пытанне ТБМ вырашае, прыбягаючы да ліставання з чынавенствам. Нават калі на дзяржаўным узроўні прымаюцца такія рашэнні, што, здавалася б, адмяніць іх нельга, мы не складаем рукі і не кажам, што гэта немагчыма, а бамбардзіруем лістамі Мінгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта, усе дзяржаўныя ўстановы, ад якіх залежыць вырашэнне той ці іншай справы. Можам і лаяцца з чыноўнікамі, можам і падзякаваць за добрую справу.

На будучым з’ездзе, напрыклад, плануецца прыняць зварот да Палаты прадстаўнікоў новага склікання з патрабаваннем унесці адпаведныя змены ў Закон аб мовах і выкінуць гэтыя “ці” і “альбо”, якія даюць магчымасць чыноўнікам ніколі не карыстацца беларускай мовай – ні штодня, ні ў справаводстве. Гэтыя агаворкі прывялі да таго, што дзяржаўныя ўстановы не маюць беларускамоўных бланкаў.

Мы завальвалі лістамі папярэдні парламент, не пакінем у спакоі і новы. Я, напрыклад, думаю “даціснуць” дэпутата Уладзіміра Здановіча, вядомага сваёй крытыкай рэфарматараў сярэдняй школы. Ён добра размаўляе па-беларуску, настаўнік па адукацыі. Здановіч быў дэпутатам 3-га склікання і мы ўжо тады звярталіся да яго асабіста з просьбай ініцыяваць пытанне на сэсіі парламента аб унясенні зменаў у Закон аб мовах. Ён тады даслаў адпіску, што, маўляў, сыходзіць з дэпутатства і прапанаваў звяртацца да новых народных выбраннікаў 4-га склікання. Але ж Здановіч зноў балатаваўся ў дэпутаты і зноў абраны ў парламент. Літаральна заўтра дашлю яму віншаванні і буду зноў слаць лісты наконт змяненняў у Закон аб мовах. Няхай хлопец вылазіць з кустоў і пачынае працаваць…

-- Але ж ці ж гэта магчыма з дапамогай лістоў перайначыць сітуацыю, якая склалася з беларускай мовай?

-- Вось нядаўна мы зрабілі немагчымае – вярнулі ва ўсе універсітэты курс беларускай прафесійнай лексікі… Вуліца Сапегі ёсць ужо нават у Пружанах, не толькі ў вялікіх гарадах…

Мы прымусілі ўлады выдаць унікальны каляндар “Родны край” на 2009 год. У мінулым годзе дзяржава не выдала ніводнага беларускамоўнага каляндара! Амаль год мы збіралі подпісы, перасылалі звароты ў прэзідэнцкую адміністрацыю, у Міністэрства інфармацыі. І яны надрукавалі каляндар. Яго ўжо можна набыць у кнігарнях. Прычым, дзяржава ўзяла на сябе ўсе выдаткі. Сабекошт календара склаў 7 тысяч, а набыць у краме яго можна крышку болей чым за 2 тысячы. І гэта ёсць нашыя канкрэтныя справы. Будзем мы – будуць беларускамоўныя выданні, шыльды на вуліцах і ў крамах, будзе рэклама транслявацца па-беларуску.

-- Толькі ці загавораць беларусы на матчынай мове?

-- Калі параўнаць цяперашнюю сітуацыю з той, якая склалася на пачатку 1990-х, на хвалі адраджэння, то, магу сказаць, што зараз яна лепшая. Больш людзей размаўляе на роднай мове, асабліва моладзь. Гэта становіцца модным, прэстыжным. Напачатку 1990-х беларуская мова асацыявалася з вёскай, а апошнія гады перавярнулі гэтыя ўяўленні. Сёння адценне сялянскасці з беларускай мовы знікла. Гэта ўжо мова адукаваных, інтэлігентных людзей. І менавіта такое стаўленне да мовы схіляе людзей да таго, каб на ёй размаўляць. Заўважце, з кожным годам усё болей выпускнікоў школ трымаюць тэсты не па рускай, а па беларускай мове.

-- Ці можаце вы адказаць дакладна, колькі беларусаў карыстаецца роднай мовай? 37 адсоткаў, як сведчыць апошні перапіс, ці больш? А, можа, меней?

-- 95 адсоткаў, ўлічваючы і розныя варыянты “трасянкі”. Рускай літаратурнай мовай карыстаецца не болей за 5 адсоткаў жыхароў Беларусі.

Я адсочваю сітуацыю з мовай і па сваіх студэнтах. Кожны год я выкладаю ў першакурснікаў і кожны раз прыходзіць моладзь, у якой узровень валадоння мовай лепшы, чымсьці ў папярэдніх курсаў. Я памятаю, як мучыўся са студэнтамі 10 гадоў таму, калі яны не маглі па-беларуску ні пісаць, ні адказваць. У тыя ж 1990-е гады студэнты пратэставалі супраць выкладання на беларускай мове. А зараз самі просяць, каб лекцыі чыталіся па-беларуску. Я параўноўваю сённяшнюю сітуацыю з травой пад асфальтам. Яна расце, патроху, цмяна, але як толькі атрымаецца яе вызваліць з-пад гэтага асфальту, то ўздымецца па пояс…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)