«На базе Палка Каліноўскага закладаецца падмурак беларускага нацыянальнага войска»

Кіраўнікі палка — пра аб’яднанне ўсіх дэмакратычных сіл.

Вадзім Кабанчук і Дзяніс Прохараў

— Фактычна ў нас спрацоўвае рэжым бумерангу, таму што асноўная частка байцоў Палка Каліноўскага — гэта не прафесійныя вайскоўцы, а людзі з пратэстаў 2020 года, — адзначыў намеснік камандзіра Палка Вадзім Кабанчук на Свабода Premium падчас сваёй паездкі па краінах Еўропы. — Ёсць былыя палітвязні, таксама ёсць ваяры, якія прыехалі ва Украіну яшчэ ў 2014-2015 годзе.

Зразумела, што ў Палку людзі знаходзяцца ў такім падвоеным стрэсе, таму што вайна — сама па сабе стрэс, плюс тое, што мы адарваныя ад сваіх родных, ад сваёй краіны. Часам людзям бывае складана гэта ўсё пераносіць.

Але ж працэс не спыняецца, да нас прыязджаюць і далучаюцца.

Можна казаць, што на базе Палка Каліноўскага закладаецца падмурак беларускага нацыянальнага войска.

Бо мы бачым, як у нашым рэгіёне ідзе паступовая эскалацыя, гучаць заявы і пагрозы аб выкарыстанні ядзернай зброі. Гэта вельмі моцна павышае рызыку распаўсюду вайны на тэрыторыю Беларусі.

Тым больш Лукашэнка сам прызнаваўся, што ў вайсковым плане не кантралюе дзеянні РФ.

Фактычна, гэта азначае акупацыю, хоць на аблвыканкамах пакуль і няма трыкалораў.

Кабанчук нагадаў, што беларуская нацыя не аднойчы перажывала змрочныя часы ў сваёй гісторыі, не адзін раз праз нашу краіну праходзілі войны, але беларусы ўвесь час падымаліся і выжывалі. І зараз, як ніколі, лічыць ваяр, нам патрэбная кансалідацыя, каб падняцца ізноў. 

Камандзір Палка Дзяніс Прохараў таксама ўпэўнены, што для таго, каб беларусы маглі вызваліць сваю краіну, трэба аб’яднаць намаганні ўжо зараз.

— Чаму нам гэта патрэбна? Прымаючы зараз удзел у барацьбе з Расійскай імперыяй на тэрыторыі Украіны, мы атрымліваем велізарны досвед. Гэта вельмі каштоўна.

Пытанне вайны не вырашыцца само па сабе. Усе павінны разумець — ніхто, акрамя нас з вамі, не вырашыць гэтае пытанне. Дамоўленасці з Расіяй не пройдуць, бо ўжо быў досвед АТО з так званай «замарожанай фазай», і гэта прывяло да таго, што вораг проста накапіў моцы і пачаў поўнамаштабны наступ.  

Таму мы не можам зноў дапусціць «фазу замарозкі». Зразумела, што Расія не дазволіць проста так стаць Беларусі вольнай.

Зараз мы бярэм накірунак на агульнае аб’яднанне ўсіх сіл, якія ёсць. …Мы таксама хочам сказаць усім, што гатовыя аб’яднацца і запрашаем усіх. Надышоў час, каб стаць вялікім адзінствам.  

І хоць пакуль нашы адносіны са Святланай Георгіеўнай (Ціханоўскай – С) цяжка назваць працоўнымі, але мы маем стасункі і, я спадзяюся, што ў будучыні зробім вялікі агульны кулак, які будзе працаваць у пэўным накірунку, — сказаў камандзір Палка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(31)