На “Аршанскай бітве-2006” прысутнічалі Мілінкевіч і міліцыянты
Бардаўскі фэст праводзіцца ў тым гістарычным месцы, дзе 8-га верасьня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь. Імпрэзу наведаў Аляксандар Мілінкевіч.
Нягледзячы на тае, што сіноптыкі прагназавалі дажджы на ўсю мінулую ноч, сёлетні бардаўскі фэст сабраў пад Воршай ня менш як дзьве сотні чалавек. І самымі першымі гасьцей сустракалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыянты з Аршанскага райаддзелу: ужо на пад'езьдзе да бліжэйшай вёскі Гацькаўшчына яны пачыналі спыняць машыны.
Трапіць пад праверку дакумэнтаў давялося ў тым ліку й Ігару Казьмерчаку, старшыні аршанскай Рады моладзевых арганізацый.
(Казьмярчак: ) “Пад'ехалі мы да павароту, нас спыняюць: “Хто такія? Куды едзеце? Вунь ужо АМОН стаіць, чакае на вас!” А потым яны паперапісвалі ўсіх — імёны, імёны па бацьку, прозьвішчы і хатнія адрэсы. Так мы праскочылі першы кардон, а потым бачым — міліцыі й далей хапае. І АМОН прыехаў, і “Спэцназ”. Яны потым у нас пыталіся: "А што тут у вас, арганізацыя нейкая?” “Не, — кажам, — мы самі па сабе. Захацелі ды прыехалі”.
Паніхіда скончылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Якраз тым часам АМОНаўцы павылазілі зь мікрааўтобуса, а міліцыянты пачалі нешта перадаваць па сваіх рацыях ды тэлефонах — аказваецца, яны заўважылі ды пазналі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, які таксама прыехаў на бардаўскі фэст “Аршанская бітва”.
(Мілінкевіч: ) “Слаўная старонка гісторыі нашай! Гісторыі цудоўнай, багатай, мужнай. Гісторыі, якую многія людзі ў краіне ня ведаюць. Дзякуй богу, што ёсьць гэтая моладзь, якая і цэніць, і любіць, і ганарыцца, і распаўсюджвае гэту гісторыю, і ў сэрцы нясе гэтую праўду. Пакуль яны ёсьць — і Беларусь будзе жыць, і гісторыя будзе вядомая наступным пакаленьням”.
Нехта з прысутных папрасіў спадара Мілінкевіча выступіць са сцэны, аднак той адмовіўся, сказаўшы, што прыехаў сустрэцца зь людзямі, перадусім з моладдзю, у неафіцыйнай абстаноўцы. Абстаноўка на імпрэзе сапраўды была неафіцыйнай: пасьля таго, як пачатак яе блаславіў сьвятар Аўтакефальнай Праваслаўнай беларускай царквы айцец Леанід Акаловіч, на сцэну выйшаў бард Андрэй Мельнікаў, а за ім — усе ахвотныя прасьпяваць свае песьні або прачытаць вершы.
Читайте еще
Избранное