Общество

«Мяне будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна». Лукашэнка загадзя прадказаў, як яго ацэняць нашчадкі

Сто гадоў бязь Леніна. Ці варта беларусам быць удзячнымі правадыру бальшавіцкай рэвалюцыі. Пра гэта піша Віктар Багдзевіч на Радыё Свабода.

100 год таму памёр Ленін. Сказаць, што 21 студзеня 1924 году ўся Беларусь смуткавала з нагоды сьмерці правадыра расейскай пралетарскай рэвалюцыі, было б яўным перабольшаньнем.

Прынамсі для паловы тагачаснага беларускага грамадзтва (жыхароў Заходняй Беларусі — грамадзянаў Польшчы) ніякай дзяржаўнай жалобы ў тыя дні, зразумела, не было, а сама гэта сьмерць, пра якую да таго ж за мяжой даведаліся не адразу, мала што азначала.

«Ільліч патрабуе цыяністага калію»

Па вялікім рахунку, беларусам не выпадае быць надта ўдзячнымі Леніну за сваю так званую «сацыялістычную дзяржаўнасьць». Савецкая Беларусь пры Леніну — гэта 6 паветаў колішняй Менскай губэрні: маленькае аўтаномнае ўтварэньне на захадзе СССР плошчай 52,3 тыс. кв. кілямэтраў з насельніцтвам, крыху большым за паўтара мільёна чалавек. Тагачасная БССР пачыналася пад Нясьвіжам і Ракавам, а заканчвалася за Бабруйскам і Барысавам.

Захад Беларусі ў выніку прайгранай бальшавікамі вайны і Рыскага міру 1921 году належаў Польшчы; а ўвесь усход (уключна зь Віцебскам, Магілёвам і Гомлем) яшчэ ў 1919-м Масква, не пытаючыся ў беларусаў, забрала ў склад РСФСР. І ўсе гэтыя фатальныя для беларускай дзяржаўнасьці рашэньні санкцыянаваліся і ажыцьцяўляліся тагачасным савецкім урадам, якім кіраваў тады яшчэ зусім дзеяздольны і бадзёры Ўладзімір Ульянаў.

Мапа БССР у 1920 годзе

1924-ы стаў адметным у гісторыі БССР, але зусім ня сьмерцю правадыра, а ўзбуйненьнем рэспублікі, якое ў выніку шматлікіх настойлівых просьбаў ураду БССР адбылося 3 сакавіка 1924-га. Да Беларусі ад РСФСР тады перайшлі 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў. Такім чынам тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым у два разы, а насельніцтва — амаль утрая.

Калі б не прынятыя тады рашэньні, сёньняшняя ўсходняя мяжа Беларусі пралягала б зусім у іншым месцы. А тры сёньняшнія ўсходнія вобласьці Беларусі, хутчэй за ўсё, былі б памежнымі абласьцямі Расеі, канчаткова зрусыфікаванымі — такімі ж, як Смаленская ці Бранская. І безь ніякіх шанцаў вяртаньня ў склад Беларусі.

Але тая знакавая для Беларусі падзея рыхтавалася і адбывалася ўжо без усялякага ўдзелу і ўплыву Леніна. Пачынаючы з 1922-га, ён цяжка хварэў. Строга кажучы, і стварэньне СССР у канцы 1922-га правадыр ужо не кантраляваў. Апошні дзень працы Леніна ў Крамлі — 12 сьнежня 1922 году (абвяшчэньне СССР адбылося праз два тыдні, 30 сьнежня).

16 сьнежня ў яго здарыўся другі інсульт, з правабаковым паралюшам. 9 сакавіка 1923-га — трэці інсульт, у выніку якога ў Леніна адняло мову.

Пасьля гэтага ён пражыў яшчэ дзевяць месяцаў, але болей ужо не працаваў. Дакумэнтальна пацьверджаны факт: 17 сакавіка Ленін паўторна папрасіў праз Крупскую ў Сталіна моцнай атруты — цыяністага калію.

Сталін у сакрэтнай запісцы членам палітбюро так пераказваў словы Крупскай: «Ня хоча, ня можа далей жыць і патрабуе цыяністага калію, абавязкова».

Думкі пра самагубства наведвалі правадыра ў апошні год жыцьця неаднаразова. Сталін просьбы Леніна ня выканаў.

Ленін як «аўтар і архітэктар сучаснай Украіны»

Сапраўднае стаўленьне Пуціна да асобы Леніна стала найбольш відавочным 21 лютага 2022 году, падчас апошняга перад уварваньнем ва Ўкраіну тэлезвароту расейскага прэзыдэнта. Імя Леніна ў гэтым выступе гучала неаднаразова — і выключна ў нэгатыўнай, асуджальнай, у чымсьці нават прыніжальнай танальнасьці.

«Гэты працэс (пашырэньня Украіны. — В.Б.) пачаўся практычна адразу пасьля рэвалюцыі 1917 году, прычым Ленін і ягоныя паплечнікі рабілі гэта вельмі грубым у адносінах да самой Расеі спосабам — за кошт аддзяленьня, адрываньня ад яе часткі яе ўласных гістарычных тэрыторый».

«З пункту гледжаньня гістарычнага лёсу Расеі, яе народаў, ленінскія прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва выявіліся ня проста памылкай, гэта было значна горш, чым памылка, і пасьля развалу СССР у 1991 годзе гэта стала абсалютна відавочна»;

«У выніку бальшавіцкай палітыкі і ўзьнікла Савецкая Ўкраіна, якую і ў нашы дні ёсьць усе падставы назваць Украінай імя Ўладзіміра Ільліча Леніна. Ён яе аўтар і архітэктар. Гэта цалкам пацьвярджаецца архіўнымі дакумэнтамі, уключаючы і ленінскія дырэктывы наконт Данбасу, які літаральна ўціснулі ў склад Украіны».

Іншымі словамі, гістарычнае абгрунтаваньне ўзброенай агрэсіі супраць Украіны Пуцін збудаваў калі ня цалкам, то ў значнай ступені на пераліку тых рашэньняў Леніна ў нацыянальнай палітыцы, якія ён, Пуцін, лічыць фатальнымі памылкамі і пралікамі — бомбай запаволенага дзеяньня, закладзенай пралетарскім правадыром пад Расейскай імпэрыяй. І бомба гэтая выбухнула ня толькі ў 1991-м, але і ў 2014-м, і ў 2022-м. Прычым у двух апошніх выпадках кнот падпаліў сам Пуцін.

Тое, што новая крамлёўская ўлада ставіцца да асобы Леніна без усялякага піетэту, відаць было і раней. Пры Пуціну ў ваколіцах крамлёўскага мура адзін за другім паўставалі велічныя манумэнты ў гонар тых гістарычных асобаў, якіх ён, відавочна, па-сапраўднаму шануе і на каго раўняецца — расейскіх імпэратараў-заваёўнікаў Пятра І, Аляксандра І, Аляксандра ІІ...

А вось бронзавы Ільліч, які з 1967 году задуменна сядзеў на тле блакітных елак на тэрыторыі Крамля, неяк непрыкметна і без усялякага шуму зьнік. Знайшоўся потым далёка ад цэнтра Масквы, у падмаскоўных Горках. І гэта добра паказвае, як у рэальнасьці ацэньваецца сёньняшнімі ўладамі Расеі гістарычная роля Леніна.

«Мне да Леніна і Сталіна яшчэ тупаць і тупаць»

Лукашэнка ў апошнія гады (і асабліва пасьля пуцінскіх гістарычных экскурсаў 2022 году) да гэтай тэмы асабліва не зьвяртаецца. Магчыма, таму, што не адважваецца супярэчыць Пуціну. Бо ў папярэднія дзесяцігодзьдзі на тэму гістарычных заслуг і палітычных талентаў Леніна ды Сталіна ён выказваўся ахвотна і часта. І не бянтэжыўся, што ягоныя ацэнкі не супадаюць з ацэнкамі Крамля.

Напрыклад, 1 кастрычніка 2010 году, сустракаючыся з спэцыяльна зьвезенымі ў Менск расейскімі журналістамі, Лукашэнка нават выстаўляўся несупадзеньнем поглядаў з афіцыйным Крамлём (які, што праўда, фармальна тады ўзначальваў Мядзьведзеў):

«Я абсалютна не прытрымліваюся думкі, як у афіцыйнай Расеі, што Сталін вораг, а Ленін — злачынца. Не, ні ў якім разе. Дай нам Бог такіх мысьляроў, як Ленін, цяпер. Гэта была глыба...»

Прыкладна такія ж камплімэнтарныя ацэнкі гэтым двум камуністычным правадырам ён выдаў праз два гады, у кастрычніку 2012-га, і зноў жа перад прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ:

«Гэта нашы былі кіраўнікі. Ленін стварыў дзяржаву, Сталін яе ўмацаваў... Мне да іх яшчэ тупаць і тупаць. Перад імі стаялі такія задачы... І ня трэба дзяўбці нашых кіраўнікоў, якія цяпер не жывуць».

Цікава, што, адштурхоўваючыся ад палітычных біяграфій і асабістага лёсу Леніна і Сталіна, Лукашэнка падчас тых дзьвюх сустрэч з расейскімі журналістамі спрабаваў спрагназаваць уласную будучыню — прадказаць, якім чынам празь некалькі дзесяцігодзьдзяў нашчадкі будуць ацэньваць яго самога. Вось што ён прадбачыў у кастрычніку 2010-га:

«Пачакайце, гадоў праз 30 паглядзім, што пра наш пэрыяд скажуць у Расеі, Беларусі і гэтак далей. Знойдуць столькі паскудзтваў: і колькі журналістаў загінула, і якая дэмакратыя была, і колькі забілі і на Паўночным Каўказе, і ў Беларусі, і ў Смаленскай вобласьці і гэтак далей. Таму ня трэба сьпяшацца. Я з гэтых пазыцый гэта ўсё ацэньваю».

Зь яшчэ больш разгорнутымі прароцтвамі ён выступіў праз два гады, у кастрычніку 2012-га:

«Міне яшчэ паўстагодзьдзя, як жа нас будуць ацэньваць, мяне? Калі пачнуць падтрымліваць тэндэнцыю, як на Захадзе, дык я горшы за Сталіна: хадзіў па вуліцах, хапаў людзей, зьядаў іх, асабліва жанчын... Будуць дэманізаваць, як Сталіна і Леніна».

Тады, 11 гадоў таму, гэта прамаўлялася як іранічнае пацьвельваньне, пакепліваньне зь лібэральнай апазыцыі і ейнай крытыкі ў ягоны адрас, як абсурд, які нібыта ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю. І сапраўды, палітвязьнем тады ў Беларусі быў хіба што адзін Мікола Статкевіч, а ўдзельнікаў вулічных пратэстаў калі і затрымлівалі, то максымум на некалькі дзён, бяз гвалту і біцьця.

Сёньня тыя словы Лукашэнкі («хадзіў па вуліцах, хапаў людзей, зьядаў іх...») набылі зусім іншыя значэньне і сэнс. Бо для тысяч і тысяч людзей усё адбываецца менавіта так (ці амаль так), як тое ім было агучана: іронія і сьцёб ператварыліся ў жорсткую і страшную рэчаіснасьць сёньняшняй Беларусі, у прароцтва, якое самазбываецца.

Дэвальвацыя брэнду «Ленін»

Лічыцца, што Беларусь ці не адзіная з рэспублік колішняга СССР, якая ў выніку палітыкі Лукашэнкі захавала ўсе помнікі Леніна. Гэта не зусім так. А калі глядзець на лічбы, то і зусім ня так. У БССР колькасьць помнікаў Леніну перавышала 600. Цяпер яна вагаецца ў межах 400 і паступова зьніжаецца. Куды падзеліся больш за 200? Спарахнелі, разваліліся, апынуліся на тэрыторыі закінутых вайсковых частак альбо збанкрутавалых прадпрыемстваў і калгасаў...

Пераважна гэта тычыцца скульптур, якія з прычыны браку грошай вырабляліся з танных і недаўгавечных матэрыялаў — гіпсу ці бэтону. Цэнтралізаванага загаду на іхнае зьнішчэньне, вядома, ніхто не аддаваў. Яны проста ня вытрымалі выпрабаваньня часам, бо і не былі разьлічаныя на стагодзьдзі.

Захоўваюцца пакуль што амаль усе бронзавыя і гранітныя скульптуры, усталяваныя ў буйных гарадах — абласных і раённых цэнтрах, а таксама ў Менску. Некаторыя зь іх — помнікі мастацтва і відавочна вартыя таго, каб застацца на памяць нашчадкам як сымбалі мінулай эпохі — хоць, пэўна, ня ў знакавых месцах, не на цэнтральных плошчах перад урадавымі будынкамі.

Дэвальвацыя імя Леніна і памяці пра яго адбываецца ўжо цяпер, хоць у Беларусі гэта пакуль ня так прыкметна, як у суседніх эўрапейскіх краінах. Бо, хоць статуі застаюцца на ранейшых месцах, а колішняй пашаны, павагі, пакланеньня той асобе, якую лічылі «геніем усіх часоў і народаў», больш няма.

У малодшых пакаленьняў часам няма нават элемэнтарных ведаў пра тую эпоху і тых асобаў, якія яе ўвасаблялі. І цяпер гэта толькі пытаньне часу, калі ўсьлед за зьнікненьнем пашаны зьнікнуць і помнікі.

Адбудзецца гэта, відавочна, неўзабаве пасьля сыходу Пуціна і Лукашэнкі. Сапраўднае стаўленьне Пуціна да асобы Леніна відавочнае і цяпер. «Ленінападу» ў Расеі не назіраецца найперш таму, што Ленін там усё яшчэ застаецца адным з сымбаляў расейскай (савецкай) імпэрыі. Менавіта таму Масква так балюча ўспрымала і ўспрымае зрынаньне ленінскіх статуй у краінах Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу.

Расцэньваецца гэта ў Крамлі найперш не як замах на камуністычную ідэалёгію, а як зрынаньне сымбалю расейскага імпэрскага дамінаваньня.

Раней, да бальшавіцкай рэвалюцыі, такімі «верставымі слупамі імпэрыі» звычайна станавіліся праваслаўныя саборы, якія імпэрскі рэжым гвалтам будаваў у цэнтрах захопленых тэрыторый, часта зусім не праваслаўных (вядомыя прыклады — узьведзеныя царызмам саборы РПЦ у Хэльсынкі, Варшаве, Таліне, Рызе, Вільні). Пазьней, пры атэістычным савецкім рэжыме, гэту ролю пачалі выконваць ленінскія статуі.

«Ленін думаў і пра Капыль»

Калісьці ў БССР камуністычныя ўлады прыкладалі немалыя намаганьні дзеля таго, каб знайсьці хоць якія ленінскія сьляды на тэрыторыі Беларусі. Высілкі збольшага былі марнымі: высьветлілася, што Ленін мэтанакіравана ў Беларусь не прыяжджаў ні разу: пабываў тут аднойчы толькі праездам, калі на цягніку ехаў у вымушаную палітэміграцыю ў Эўропу ў ліпені 1900 году. І беларускімі нацыянальнымі справамі, папраўдзе, ніколі асабліва не цікавіўся.

Самую ўдалую для тагачаснай камуністычнай прапаганды формулу падказаў тады камуністычным уладам таленавіты паэт Генадзь Бураўкін сваёй паэмай «Ленін думае пра Беларусь».

Мастацкія дадумваньні, абагульненьні і фантазіі Бураўкіна наконт Леніна ў Беларусі сёньня выглядаюць каньюнктурнымі і сьмешнымі. Ды і паэму тую цяпер ніхто не чытае і мала хто памятае. І сам Генадзь Мікалаевіч, наколькі я памятаю, у свае апошнія гады калі і згадваў яе, то з іранічнай усьмешкай. Як ні дзіўна, прыхаваную іронію і паблажлівае прадбачаньне пры ўважлівым чытаньні можна знайсьці і ў тэксьце паэмы:

Можа, зморшчыцца строгі гісторык:

«Факты выбраў на свой капыл.

Гэтак нехта напіша скора —

Ленін думаў і пра Капыль».

Як у ваду глядзеў Генадзь Бураўкін...

Невядома, ці думаў калі-небудзь Ленін пра Капыль, а вось тое, што Капыль думае пра Леніна — гэта дакладна. У гэтым беларускім райцэнтры помнік Леніна ў 2021 годзе вырашылі перанесьці ў менш пачэснае месца — з цэнтральнай плошчы ў сквэр перад дзіцячай школай мастацтваў.

Такім жа шляхам пайшлі і ў многіх іншых беларускіх гарадах. І наўрад ці новыя месцы разьмяшчэньня бронзавых Ленінаў апошнія ў іхнай пакручастай гісторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(16)