Беседка
Лілія Суднік

Міхал Анемпадыстаў: “На Беларусі дагэтуль жывуць еўрапейцы”

Аўтар знакамітага “Народнага альбому”, чалавек года, паводле гіт-парада “Тузін гітоў”, Міхал Анемпадыстаў з той генерацыі 40-гадовых творцаў, для якіх уласная творчасць і “беларускае пытанне” існуюць непарыўна. Напярэдадні канцэрта, прысвечанага трохгоддзю музычнага партала “Тузін гітоў” яго вядучы разважае пра карані і сучасны стан беларускай культуры, пра сілу і слабасць айчыннай эліты і пра агульную атмасферу жыцця ў краіне.

— Міхал, думаю, вы згодныя з тым фактам, што Беларусь — сялянская нацыя і, натуральна, тут адпаведная культура. Нам трэба з гэтага камплексаваць?

— Я, конешне, не псіхатэрапеўт, але мне здаецца, што комплексы — гэта шкодная рэч, і іх трэба пазбаўляцца. Асобнаму чалавеку трэба пазбаўляцца комплексаў і цэлай нацыі — таксама.“Сялянскасць” наша праяўляецца ў ментальнальнасці, гэтыя рысы нацыянальнага характару закладзеныя вельмі глыбока. Яны заўсёды будуць прысутнічаць, іх цяжка пазбыцца і, не вядома, ці варта. Але калі мы гаворым пра беларускую культуру, то яе цяжка назваць сялянскай. Бо і першыя тэксты, напісаныя па-беларуску, і першыя спробы самаідэнтыфікацыі — усё гэта рабілася не сялянамі, а шляхтай. Культура наша мае шляхецкія карані і традыцыі. І тут ужо камплексаваць не выпадае, бо гэта традыцыі высокага кшталту.

— Ці можна сказаць, што зараз беларуская культура з’яўляецца касмапалітычнай?

— Хутчэй постсавецкай.

— Таксама, як літоўская, ці культура ўсіх іншых народаў, што ўваходзілі ў СССР?

— Не, у параўнанні з Літвой у нас іншае становішча. Калі мы гаворым пра афіцыйную культуру, то у нас яна набывае дзіўнаватыя гібрыдныя формы, сумесь савецкага афіцыёзу з сучаснай расейскай поп-культурай і псеўдабеларускім фолькам. Сучасная беларуская культурная мадэль не выглядае прывабнай. Яна стылёва неакрэсленая і таму нязручная для самаідэнтыфікацыі. Кажучы прасцей, быць беларусам не надта хочацца, бо не вельмі зразумела, што гэта такое, і на што гэта патрэбна. Паўсюдна і заўсёды інтэлігенцыя, ці калі хочаце, інтэлектуальная эліта, захоўвае і памнажае культурную спадчыну, шукае адказаў на пытанні, хто мы, адкуль і куды ідзем. Гэта супольная дзейнасць. Гэта складаны перманентны працэс. Яго цяжка інспіраваць зверху, але можна падтрымаць.

Ў гэтым і палягае розніца паміж цяперашняй Літвой і Беларуссю, што там гэтыя пытанні ставіліся і ставяцца, і жыхары краіны маюць на іх адказы. Яны ведаюць, хто яны, яны маюць сваю прывабную і пазнавальную культурную мадэль. Гэта вынік калектыўнай творчасці літоўскіх культурных і палітычных элітаў. І калі нехта кажа, што так было заўсёды, што яны, маўляў, балты, а мы славяне, хачу нагадаць, што немалую частку насельніцтва Вільні і Віленскага краю складаюць тамтэйшыя аўтахтоны — беларусы і палякі, а таксама выхадцы з нашых Ашмянаў, Смаргоні і іншых падобных гарадоў і мястэчак. І вось паміж заставацца беларусам, ці стаць літоўцам, яны абіраюць апошняе. Глядзяць там БТ, хваляць Лукашэнку, а дзеці іх ужо гавораць па-літоўску, у крайнім выпадку, па-польску. Мы дагэтуль не стварылі сваёй прывабнай культурнай мадэлі. Нашая праблема у тым, што значная частка інтэлектуальнай эліты альбо адсунутая ад культурнага будаўніцтва, альбо самаізалявалася, здрадзіўшы свайму пакліканню.

— Таму што беларуская эліта слабая?

— Эліта на пустым месцы не ўтвараецца. У Беларусі на працягу 200 гадоў нацыянальная эліта перманентна вынішчалася. Пасля кожнага паўстання ўсе гэтыя вяршкі здымаліся — людзі альбо караліся смерцю, альбо высылаліся ў Сібір, альбо проста пазбаўляліся свайго сацыяльнага статусу, альбо уцякалі на эміграцыю. Так было да рэвалюцыі, і пасля рэвалюцыі працягвалася тое ж самае. Прычым у пазнейшыя часы знішчалася не толькі шляхта, якая традыцыйна захоўвала культурныя і цывілізацыйныя каштоўнасьці, знішчалася народная інтэлігенцыя — настаўнікі, пісьменнікі, сьвятары. Але, так ці інакш, эліта — гэта лепшае ад астатняга па сваім вызначэнні. Заўсёды паміж роўных ёсць лепшыя, і інакш не бывае.

— Лічыцца, што калі ў нейкай краіне на культуру, на мастацтва ёсць уціск з боку ўлады, дык інтэлектуальныя пошукі робяцца больш арыгінальнымі, чым там, дзе ёсць поўная свабода. Вы згодныя з гэтым меркаваннем?

— Я так не думаю. Культура — гэта ўвогуле нешта такое, што змяняецца вельмі павольна і што нельга вырваць з гістарычнага кантэксту. Культура — гэта не тое, што існуе толькі зараз і тут. Яна бясконцая ў мінулым і таксама бясконца працягваецца ў будучыню. Таму ёсць на яе ўціск ў канкрэтны момант, ці не — гэта не так і важна па вялікім рахунку. Для культуры уціск збольшага шкодны, бо ён замінае натуральным эвалюцыйным працэсам. Для мастацтва ўвогуле неабходна, каб у грамадстве адбываліся нейкія змены. Нават калі ўціск будзе, але пры гэтым будзе стагнацыя, — для мастацтва гэта дрэнна. Бо мастацтва не можа эксплуатаваць адны і тыя ж вобразы, тэмы. Калі на працягу дзесяцігоддзяў у краіне нічога не адбываецца, калі ўсё застыла, новыя ідэі і тэмы не могуць з’явіцца. Мастакі і паэты бяруць натхненне і тэмы з паветра, выцягваюць з агульнай аўры. Не бывае так, што ты сядзіш-сядзіш і раптам нешта геніяльнае прыдумаў.

— Ведаю, што вы многа вандруеце па Беларусі. Якой вам пачуваецца агульная атмасфера жыцця, настрой людзей?

— На Беларусі дагэтуль жывуць еўрапейцы. Краіна наша фарміравалася ў еўрапейскім рэчышчы і, нягледзячы на 200 гадоў расейскага панавання і 70 гадоў савецкага, яна засталася еўрапейскай. Мне здаецца, людзі ў нас, прынамсі, выглядаюць як еўрапейцы, і шмат у чым паводзяць сябе як еўрапейцы. Пры ўсіх акалічнасцях нашага жыцьця беларусы не выглядаюць запалоханымі, прыгнечанымі, убогімі і дурнымі. Яны абсалютна нармальныя. І ў той жа час адчуваецца нейкая пасіўнасць. Людзі не вераць, што будучыня будзе, павінна быць, альбо на ўскрайны выпадак, што яна можа быць лепшай, чым сучаснасць. Да такой апатыі людзей падштурхоўвае гістарычны вопыт апошніх 200 гадоў. Усё, што беларусы пачыналі рабіць, на жаль, мела негатыўны вынік. Усе паўстанні былі задушаныя. Спроба пабудаваць сваю дзяржаву на пачатку стагоддзя была таксама няўдалай. Вайна, рэпрэсіі… Ўсё так паўплывала на беларусаў, што яны цяпер лічаць за лепшае нікуды не лезці, не высоўвацца, не прыкладаць намаганняў. Па вялікім рахунку гэта самае разумнае. Гэта дапамагае выжыць, і гэта разумна на ўзроўні адзінкі. Але абсалютна неразумна на ўзроўні супольнасці. Каб супольнасць рухалася наперад, каб у сваёй краіне жыць лепш, людзі павінны часам ахвяраваць уласнымі інтарэсамі. Але для гэтага ў іх павінна быць высокая матывацыя. Каб ахвяраваць прыватным дзеля агульнага, чалавек павінен мысліць катэгорыямі краіны, радзімы, народа. Мець сістэму маральных і культурных каштоўнасцяў. У тым і праблема, што гэтага нам бракуе. Калі няма самаідэнтыфікацыі, калі няма адчування еднасці як нацыі, калі не лічацца за каштоўнасці свае ўласныя традыцыі, свой лад жыцця, дык і няма за што змагацца.

Вось гэтым беларусы і розняцца сёння ад іншых еўрапейцаў. Еўрапейцы вераць у сваю будучыню, яны яе ствараюць, змагаюцца за яе, а беларусы — не. Мы ў адрозьненьні ад іншых, не рухаемся наперад, мы нават на месцы не застаемся, бо гэта немагчыма, — заставацца на месцы. Мы рухаемся назад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)