Филин

Юлія Кот

Магда: «Тое, што будзе адбывацца ў Беларусі пад назвай «выбары», можа так ці інакш падштурхнуць Захад да пачатку дыялогу з рознымі сіламі»

Палітолаг — пра тое, што дапаможа выстаяць у барацьбе з агульным ворагам.

Днямі ва Украіне адбылася падзея, якая мусіла стаць знакавай для беларусаў — канферэнцыя «Шлях да волі», зладжаная Палком Каліноўскага, мела на мэце аб’яднаць розныя арганізацыі дэмакратычных сілаў. Але ж прыняты па выніках канферэнцыі мемарандум і зварот да народаў свету не звялі ўсіх у адзінае цэлае, і тым больш далёка да выпрацоўкі агульнай стратэгіі вызвалення Беларусі.

Але, магчыма, так падаецца збоку, а ўдзельнікі самой канферэнцыі ўсё ж дасягнулі важных дамоўленасцяў і зрабілі задзел для будучай працы? Филин папрасіў падзяліцца ўражаннямі дырэктара Інстытута сусветнай палітыкі Яўгена Магду.

Яўген Магда

— Пра канферэнцыю — перадусім добра, што яна прайшла, — зазначае палітолаг, — бо, па шчырасці, ужо здавалася, што нічога такога наогул не будзе, але Полк Каліноўскага арганізаваў гэтае мерапрыемства няблага. Быў вытрыманы і прынцып рознабаковасці, прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу арганізацый, а не толькі ўласна ваяры.

Вядома ж, хацелася б, каб мемарандум, які ў прынцыпе нікога ні да чога не абавязваў, прадугледжваў толькі стварэнне пляцоўкі для далейшага абмеркавання, падпісалі ўсе, і такая пляцоўка пад сімвалічнай назвай «Шлях да волі» была створаная. Аднак іншыя палітыкі, якія не належаць да палка Каліноўскага, вырашылі па-свойму — і гэта іх права.

Добра, што гэтая канферэнцыя была зладжаная ў Кіеве, і фактычна беларускія дэмакратычныя сілы свой стратэгічны дыялог пачалі ва Украіне. Мяркую, на гэта і быў разлік ПКК: што канферэнцыя пройдзе раней, чым візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША і потым стратэгічны дыялог з Еўрасаюзам.

Яўген Магда параўноўвае падзею ў пэўным сэнсе з медычным аглядам: прадстаўнікі розных цэнтраў уплыву дэмсілаў мелі магчымасць сабрацца разам, абмеркаваць хвалюючыя пытанні, знайсці агульную мову, і наадварот, высветліць супярэчнасці — і былі прыкладна ў роўных умовах.

— Гэта элемент дэмакратыі, і гэта добра, — мяркуе палітолаг. — Бо трэба разумець: крэдыт даверу да беларускіх дэмсілаў не гумовы, і 2024-2025 гады стануць дастаткова сур’ёзным выклікам для іх.

Тое, што будзе адбывацца ў Беларусі пад назвай «выбары», можа так ці інакш падштурхнуць Захад да пачатку дыялогу з рознымі сіламі — і перадусім з тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі (а апазіцыянеры, як мы разумеем, пераважна па-за яе межамі).

Калі падсумоўваць агульнае ўражанне — мне спадабалася канферэнцыя. Спадабалася тое, што прагучала багата шчырых словаў. На жаль, украінская ўлада дагэтуль не мае выразнай пазіцыі адносна Беларусі — спадзяюся, яна таксама будзе выпрацаваная. Я ж, са свайго боку, працягну надалей рабіць усё, каб мы разам пераадолелі шлях у тысячу крокаў. І думаю, што на шляху да волі гэтых крокаў было зроблена ўжо нямала.

Між тым, і ва Украіне прыканцы другога году вайны пытанне ўзаемных разборак стаіць рубам: унутрыпалітычныя канфлікты абвастраюцца, ходзяць чуткі пра раскол паміж палітычным і ваенным кіраўніцтвам, а наперадзе — зіма і чарговыя ўдары расейскіх войскаў па ўкраінскай інфраструктуры… Ці магчыма ў бягучых умовах кансалідавацца супраць агульнага ворага, адклаўшы ўнутраныя канфлікты на потым?

— Унутрыпалітычная сітуацыя ва Украіне дастаткова складаная, — зазначае Яўген Магда. — Шырокамаштабнае ўварванне доўжыцца ўжо больш як 21 месяц, і ягоныя вынікі цяжкія для Украіны. Але Украіна выстаяла, і на тое не трэба забывацца.

Перш, чым даваць ацэнку цяперашняй сітуацыі, трэба згадаць, што перад 24 лютага 2022 года нас усе хавалі — казалі, што мы не выстаім, што дзяржава разваліцца пасля першага ўдару. І ўсё ж, паўтаруся, Украіна выстаяла.

Але насамрэч ёсць пэўныя праблемы. Украіна — краіна дэмакратычная, і шмат якія рэчы ў ёй рабіць больш складана, чым у аўтарытарнай дзяржаве кшталту Расіі, якая пераводзіць сваю эканоміку на ваенныя рэйкі. Ва Украіне з гэтым узнікае больш праблем, і гэта, безумоўна, нядобра.

Часам улада хоча абысціся без непапулярных рашэнняў, але на сённяшні момант, мяркую, мы будзем глядзець на тое, што нам патрэбнае адзінства — рэальнае і практычнае.

І калі казаць пра пошукі такога адзінства, то, на маю думку, перадусім гэта сумесная заява ці сумеснае фота Валерыя Залужнага і Уладзіміра Зяленскага як галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі і прэзідэнта Украіны.

Бо чуткі і канспіралагічныя тэорыі, якія ўзнікаюць наўкол іх стасункаў, сталі ўжо вельмі дэструктыўнымі, пра іх піша заходняя прэса, і яны фармуюць пэўныя інфармацыйныя рамкі, і гэта дрэнна.

Нам патрэбная кансалідацыя, патрэбная еднасць. Калі ўлада не можа альбо не хоча стварыць урад нацыянальнай еднасці, то ёй трэба дэманстраваць адзінства іншым чынам, як яна можа — праз сумесныя фота, сумесныя заявы і г.д. Гэта, на маю думку, цалкам магчыма і прынясе плён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(24)