Лябедзька: «Лукашэнка разумее: калі зрабіць ўмовы, каб людзі не баяліся рабіць свой выбар, яго рэжым не здольны выйграць выбары нават у Цюцькавічах»

Апазіцыйны палітык — пра магчымыя сцэнары электаральнай кампаніі 2025 года.

Анатоль Лябедзька

У 2025 годзе не можа ісці размовы пра выбары ў Беларусі, размова можа ісці толькі пра палітычную кампанію, лічыць дырэктар Цэнтру даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

— Лукашэнка, як і ўсе, разумее, што зараз, калі зрабіць абсалютна спрыяльныя ўмовы, каб людзі не баяліся рабіць свой выбар, яго рэжым не здольны выйграць выбары не толькі ў межах краіны, не толькі за пасаду прэзідэнта ці атрымаць большасць у парламенце, але і дзе-небудзь у Цюцькавічах, – адзначыў палітык на канале 6TV Biełaruś. — Каб выйграць сапраўдныя выбары, улада мусіць быць папулярнай і прапаноўваць нейкія ідэі, якія падтрымліваюцца большасцю людзей.

Паглядзіце, што можа сёння прапанаваць беларускі рэжым? Сярод галоўных ідэй першая — вайна, і гэтая ідэя абсалютна непапулярная сярод большасці выбарцаў.

Другая — рэпрэсіі, што зноў жа нават у часткі прыхільнікаў Лукашэнкі ўжо вызывае непрыманне — увесь час займацца гэтым працэсам канвеера, які раскручвае гвалт і рэпрэсіі. Людзям цяжка нават псіхалагічна.

Яшчэ сярод ідэй — прысутнасць вагнераўцаў ці пазбаўленне краіны ад долараў. Якую ідэі ні возьмеш — яна абсалютна непапулярная. У іх у арсенале няма пазітыўнай павесткі. А без пазітыўнай павесткі дня ты ніякія выбары не выйграеш.

Нават лозунг пра мірнае неба над галавой даволі хісткі, калі ты ператвараеш краіну ў ядзерную мішэнь. Гэта ўжо не так прывабна выглядае.

Лябедзька лічыць, што ўдзельнічаць у будучай кампаніі Лукашэнка будзе абавязкова, таму што яму трэба ўзяць рэванш за мінулыя выбары.

— У 2020 годзе ён прайграў не толькі міжнароднай супольнасці, але і ўпершыню вельмі выразна ўнутры краіны, і гэта зафіксавана.

Ён прайграў выбарчую кампанію 2020 года, выбараў не было. І тое засталося ў галаве ў людзей. Яму трэба перагарнуць гэтую старонку, таму для яго кампанія 2025 года будзе вельмі важнай.

Яму трэба будзе зрабіць хаця б адчуванне, што нешта адбываецца, нейкі палітычны двіж, каб атрымаць, на яго погляд, адноўленую легітымнасць, якую ён згубіў. Бо без легітымнасці няма суб’ектнасці, з табой ніхто не размаўляе і ты нікому не цікавы, — тлумачыць палітык.

Ён таксама прыводзіць і некалькі магчымых сцэнароў будучай кампаніі.

— Сцэнар такі палавінчаты: Лукашэнка адчувае, што захоўваць уладу толькі ў сваіх руках выглядае ўжо абсалютна недарэчна, нават для яго атачэння.

І тады можа быць варыянт двух крэслаў: крэсла прэзідэнта і крэсла старшыні Усебеларускага сходу. У адно з іх садзіцца ён, а ў другое — той, хто можа выконваць функцыю галоўнай асобы на нейкі транзітны пераходны перыяд. Магчыма, гэта можа быць той жа Віктар Лукашэнка.

Пры гэтым сцэнары Лукашэнка дзеліцца часткай сваіх паўнамоцтваў, але захоўвае «кантрольны пакет» у сваіх руках.

Калі справы пойдуць зусім дрэнна, а сітуацыя ў свеце мяняецца вельмі хутка, калі нешта адбудзецца і будзе ціск з боку Пуціна і Расіі, як, напрыклад, пасля 2020 года, можа быць і варыянт, калі Лукашэнка ўсё ж губляе свае пасады, але захоўвае за сабой ролю такога ценявога кардынала, які спрабуе ўплываць на тых, хто будзе мець фармальны партфель — пасаду прэзідэнта ці кіраўніка Усебеларускага сходу, — не выключае Лябедзька.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(12)