Филин

Яна Сакалова

Лябедзька: Большасці людзей абсалютна пофіг на гэтыя выбары, а для ўлады кошт гэтай кампаніі вельмі высокі

Палітык, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю Филину — пра тое, навошта ўладам заганяць беларусаў на выбары, калі яны могуць намаляваць любую лічбу.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у адзіны дзень галасавання — 25 лютага 2024 года. 21 лістапада Цэнтрвыбаркам правёў першае пасяджэнне, на якім старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў прыватнасці заявіў, што імёны членаў выбарчых камісій не будуць публікавацца.

— Раней мы публікавалі спіс усіх гэтых грамадзян з іх персанальнымі дадзенымі. Але, як гаворыцца, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сістэма. А ў выніку атрымалі булінг, цкаванне гэтых людзей.

Паводле Карпенкі, «гэтая інфармацыя для шараговага выбаршчыка абсалютна не патрэбна, таму як выбаршчык выконвае сваю функцыю, а камісія — сваю, прадугледжаную заканадаўствам».

— Гэта не значыць, што сябры камісіі будуць безназоўным. Калі вы захочаце звярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, калі ў вас ёсць нейкія пытанні і гэтак далей, ён дасць усе неабходныя тлумачэнні, — заявіў старшыня ЦВК.

Ці даведаюцца беларусы пра тое, хто будзе працаваць у выбарчых камісіях і лічыць іх галасы, Филин абмеркаваў з палітыкам Анатолем Лябедзькам.

Анатоль Лябедзька

— Пачнем з прынцыповага адрознення гэтай кампаніі ад папярэдняй. Шэсць папярэдніх парламенцкіх кампаній па іх выніках былі прызнаныя не адпавядаючымі міжнародным стандартам АБСЕ. Ужо да пачатку гэтай кампаніі ёсць падставы гаварыць, што яна нелігітымная, не можа мець прававых легітымных наступстваў як для выбаршчыкаў, так і для міжнароднай супольнасці.

Закрытасць, нетранспарэнтнасць — адна з падстаў, чаму можна так сцвярджаць. Ужо сёння можна сказаць, што гэта не выбары, а лахатрон, падман.

Закрытасць інфармацыі пра тых, хто лічыць галасы, хто вызначае, чый голас лічыць, а чый не ўлічваць, — гэта прамое парушэнне міжнародных абавязкаў, на якія рэжым даўно не звяртае ўвагу.

Натуральна, што ўсіх, каго ўключаюць у склад выбарчых камісій, а гэта дзясяткі тысяч людзей, уцягваюць у здзяйсненне злачынства. І натуральна, што людзі не хочуць ісці, і з кожнай наступнай выбарчай кампаніяй усё цяжэй было мабілізаваць тых, каго ўключалі ў камісію, асабліва пасля таго, як у сацыяльных сетках публікаваліся дадзеныя гэтых людзей і гэта быў такі грамадскі ціск.

Гэта быў дыскамфорт, не камільфо для гэтых людзей, дзе б яны ні былі, нават у атачэнні сваіх родных і блізкіх. Таму як выйсці з гэтай сітуацыі? Закрыць гэтыя спісы.

Ясна, што людзі не будуць афіцыйна звяртацца, хутчэй за ўсё, у падаўляючай большасці, бо апошнім часам мы таксама заўважылі такі трэнд: калі ты па нейкім нязручным для ўлады пытанні звяртаешся публічна, то ў адносінах да цябе адразу спрацоўвае рэпрэсіўны механізм. Да цябе прыходзяць амапаўцы, затрымліваюць, па надуманых падставах садзяць у вязніцу.

Таму Карпенка разумее, што публічных зваротаў не будзе, як першыя дні пасля выбараў 2020 года, калі яшчэ быў такі пад’ём і калі не было гэтых рэпрэсій. Таму, калі кагосьці запрашаюць увайсці ў камісію, ім кажуць: мы вам гарантуем, што вы там ціха прасядзіце, мы вам дамо прэмію грашовую, ніхто вас не будзе хейціць, ніхто на вас не будзе аказваць ціск, і мы зробім усё, каб мінімізаваць прысутнасць вашага прозвішча, асабліва што тычыць публічнай прасторы.

— Мо прасцей было б балаклавы выдаць на ўчастках членам выбарчых камісій?

— Сёння гэта здаецца нечым нерэалізуемым, а праз нейкі час абсалютна магчыма, можаце прыйсці і не ўбачыць нікога, яны могуць проста сядзець за сценкай, будуць стаяць амапавец і губазікавец каля урны, і вам нейкія рукі будуць праз нешта закрытае перадаваць бюлетэнь. Усё можа быць. Беларусь — краіна, якая прымушае людзей пераставаць здзіўляцца.

— А што вы думаеце пра заяву былога кіраўніка ліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука, які вырашыў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, разумеючы, што ў краіне няма свабодных выбараў, галасы ніхто не лічыць, і ўсведамляючы, што за палітычную дзейнасць можна трапіць у турму. Як улады з ім абыдуцца?

— Я Змітру выказаў сваю пазіцыю. Натуральна, што гэта яго выключная кампетэнцыя, кожны прымае самастойныя рашэнні, як адносіцца да выбарчага фарсу, як адбудоўваць сваю стратэгію і тактыку ўзаемаадносін з беларускім рэжымам. Гэта ягоны выбар, але гэта выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным — як прайсці паміж Сцылай і Харыбдай.

З аднаго боку, калі ты хочаш заставацца сумленным, то мусіш называць рэчы сваімі імёнамі. Ты пра гэта мусіш напісаць у сваёй перадвыбарчай праграме, калі цябе яшчэ, праўда, зарэгіструюць, сказаць у публічнай прасторы, на сустрэчах з людзьмі, што напрыклад, Беларусь — гэта калонія, гэта канцлагер, што дзясяткі тысяч людзей па надуманых падставах сёння знаходзяцца ў турмах. Яны не злачынцы.

Ты мусіш сказаць, што ў Беларусі ніхто не лічыць галасы, у краіне няма ніякіх выбараў, а тое, што адбываецца, — гэта лахатрон. Ты мусіш ясна заявіць, што Расія — гэта агрэсар, які ўварваўся на тэрыторыю незалежнай Украіны, а беларускі рэжым так ці інакш гэтаму садзейнічае. Вось гэта справядлівая і сумленная пазіцыя кандыдата ў дэпутаты.

А калі ты гэта гаворыш — падпісваеш сам сабе прысуд, што ты накіроўваешся ў лепшым выпадку на Акрэсціна, у горшым — у беларускую калонію. Гэта адзін сцэнар.

Другі сцэнар: ты нічога гэтага не гаворыш, абазначаеш сваю прысутнасць, але тады ты становішся героем тэлевізійнага сюжэта, калі Азаронак ці нехта з прапагандыстаў кажа: глядзіце, якія яны, беглыя, што кажуць пра нашыя самыя лепшыя сумленныя выбары.

Але ці ўдзельнічалі б у кампаніі кіраўнікі нядаўна існуючых апазіцыйных партый? Калі яны ўдзельнічаюць, значыць, гэта ёсць выбары, значыць, хлусіць АБСЕ, значыць, цябе могуць проста скарыстаць у чыста прапагандысцкіх мэтах.

І ў першым сцэнары, і ў другім варыянце развіцця падзей гэта выглядае абсалютна дрэнна. Для таго ж Змітра Кучука ў першую чаргу. Альбо гэта будзе каштаваць яму свабоды, альбо будзе несці рэпутацыйныя выдаткі для яго. Гэта пытанне для такіх персон, якія маюць крэдытную гісторыю.

Я, напрыклад, не супраць, калі нехта з людзей, якія не ўдзельнічалі ў палітыцы, захоча паглядзець, а дзе гэтыя чырвоныя сцяжкі расстаўленыя. Але гэта не з’яўляецца трэндам, трэкам, нейкай падзеяй. Гэта проста нейкае даследаванне, пасля якога чалавек можа напісаць у сацыяльных сетках: я паспрабаваў прайсці у пасялковы савет — і вось што атрымалася. Гэта можа быць эксперымент.

Але б я раіў (выбар робіць кожны сам, падкрэслю) для людзей, якія заўважныя ў палітычнай прасторы Беларусі, не ўдзельнічаць, таму што я перажываю за вашую свабоду і не хачу, каб вас выкарысталі прапагандысты.

— Павел Латушка мяркуе, што большасць беларусаў не будзе добраахвотна ўдзельнічаць у імітацыі выбараў. Навошта ўладам прымушаць людзей ісці на выбары, калі яны могуць намаляваць любую лічбу?

— Калі казаць па-народнаму, большасці людзей на самой справе абсалютна пофіг на гэтыя выбары, і калі б у іх быў выбар не ўдзельнічаць, яны б гэта і зрабілі. Для ўлады кошт гэтай кампаніі вельмі высокі.

Што адбылося ў 2020 годзе? Упершыню так званыя выбары мелі не толькі адсутнасць міжнароднай легітымнасці, але і ўнутранай. Папярэднія кампаніі было фіфці-фіфці — можна было спрачацца. Не было так ясна зразумела і апанентам рэжыму, і прыхільнікам, што Лукашэнка прайграў.

І вось гэтая адсутнасць унутранай легітымнасці — гэта вялікая праблема для іх, гэта бяда, нацыянальная катастрофа. І зараз яны паспрабуюць зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб павялічыць адсоткі ўнутранай легітымнасці.

Я думаю, што гэта невыканальная задача, але яны будуць за гэта змагацца, і таму будуць ствараць ўражанні для сваіх прыхільнікаў і таго, што называюць палітолагі палітычным балотам, што насамрэч была кампанія, была нейкая альтэрнатыва, што былі нейкія магчымасці назваць тое, што адбывалася, выбарамі, і яўка ў гэтай сітуацыі — адзін з такіх паказчыкаў таго, што гэта былі выбары.

Ніхто ж не будзе рабіць сюжэты на БТ, як людзей будуць прымушаць. Таму прымус будзе.

Думаю, існуе кансэнсус сярод палітычных актараў, што мусяць рабіць людзі ў Беларусі ў гэтай сітуацыі, калі яны па тых ці іншых чынніках аказаліся на выбарчым участку. Зрабі наступнае: выкарыстай опцыю супраць усіх, прагаласуй, бо там дакладна не будзе тваіх кандыдатаў, не будзе альтэрнатыўных гэтаму рэжыму кандыдатаў.

Гэта будзе лахатрон з удзелам кандыдатаў, якія пройдуць праз узгадненне ў сілавых структурах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(22)