Леся Руднік: «Словы Бяляцкага гучаць як заклік, як дэманстрацыя таго, што ўладам самім было б выгадна стварыць перадумовы для нейкага дыялогу»

Даследчыца Цэнтра новых ідэй, палітолаг Леся Руднік — пра апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе і заклік да перамоваў.

— Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць, — казаў Алесь Бяляцкі ў сваім апошнім слове на судзе над ім і паплечнікамі-праваабаронцамі.

Да каго звяртаўся лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, разважае даследчыца Цэнтра новых ідэй Леся Руднік у інтэрв'ю «Св*бода Premium».

Леся Руднік

— Гэта, бадай, адзіная цытата, па якой мы можам здагадацца, што Бяляцкі насамрэч звяртаўся не толькі да ўладаў. Пры гэтым не варта ігнараваць, што 99% таго, што сказаў Бяляцкі, усё ж такі тычыцца ўладаў наўпрост. Мы чуем заклікі аб спыненні рэпрэсій, вызваленні палітзняволеных, і, канешне, у гэтым радку мы таксама бачым крыху ўтоеную апеляцыю да дэмакратычных сіл.

Пры гэтым я не бачу, каб гэта была прэтэнзія да дэмсіл, хутчэй за ўсё, гэта такое натхненне ці пажаданне таго, каб, калі што, дэмакратычныя сілы не адмаўляліся ад магчымасці дыялогу і, можа быць, крышачку змякчылі свае пазіцыі, калі гэты дыялог будзе.

— Я таксама не думаю, што Бяляцкі бачыць дэмакратычныя сілы як тых актараў, якія ўпіраюцца і не жадаюць дыялогу, — дадае Руднік. — Вядома, што Святлана Ціханоўская ўзгадвала пра дыялог, не супраць яго і іншыя дэмсілы. Тут пытанне, на якіх умовах і якім чынам, але гэта ўсё дэталі. Глабальная канцэпцыя дыялогу з’яўляецца такім кансэнсусам паміж дэмсіламі, бо іншага выйсця няма.

Можна чакаць перамогі, а можна штосьці рабіць. Ніхто не кажа пра прынцыповыя саступкі пазіцыі, але размаўляць прыйдзецца. Падкрэслю, што Бяляцкі казаў, што перадумовай для дыялогу з’яўляецца вызваленне палітвязняў.

Для мяне словы Бяляцкага гучаць як заклік, як дэманстрацыя таго, што ўладам самім было б выгадна стварыць перадумовы для нейкага дыялогу, таму што ім не становіцца лепей ад таго, што беларусы з’язджаюць за мяжу, і што іх усё болей ненавідзяць тыя, хто падтрымліваў пратэст.

Ім таксама не становіцца лепей, што паўсюль, нягледзячы на спробу задушыць незалежнае інфармацыйнае поле, з’яўляюцца крытычныя матэрыялы, у пэўным сэнсе радыкалізуецца бок, які не падтрымаў улады ў 2020 годзе.

Таму, калі б разумныя дарадцы Лукашэнкі, калі такія ёсць, маглі б папрацаваць лепей, яны б патлумачылі, што вызваленне палітзняволеных можа стаць выгадным крокам і для рэжыму ў нейкім сэнсе, калі ён зацікаўлены ў тым, каб не губляць людзей, менш глыбока заходзіць у эканамічны крызіс і самім зрабіць крок для прымірэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(11)