Ластоўскі: «Проста дзеля таго, каб быў цывілізаваны культурны ландшафт Мінска, гэты помнік трэба будзе прыбраць»
Чаму ўсталяванне помніка Неўскаму ў Мінску — гэта пазначэнне культурнага і палітычнага дамінаванні Расіі?
У Мінску на скрыжаванні Нававіленскай і Старавіленскай вуліц устанавілі помнік князю Аляксандру Неўскаму. Ідэя яго ўстаноўкі ў сталіцы Беларусі належыць расійскаму паслу Барысу Грызлову. Яе падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, а Мінгарвыканкам выдзеліў месца.
— Мы бачым, што фактычна зноў ідзе пазначэнне меж не Расійскай імперыі, як было ў канцы 19 стагоддзя, а «рускага міра». І вось помнікам Неўскага яны пазначаюць культурнае і палітычнае дамінаванне Расіі. Гэта такія маркеры таго, што тут Русь, Расія, — каментуе ўсталяванне помніку Неўскаму ў Мінску гісторык і сацыёлаг Аляксей Ластоўскі ў інтэрв’ю Свабода Premium.
Мы бачым, што гэта выклікала скандал у Казахстане (там таксама сёлета быў усталяваны помнік Неўскаму — С.) і ў Беларусі таксама абмяркоўваецца, чаму пастаўлены гэты помнік. Такой дыскусіі не было, калі такі помнік ставілі ў Віцебску, бо там гэта была ініцыятыва мясцовых ўладаў і прывязвалася да лакальнай гісторыі.
Тут мы бачым канкрэтна, што гэта была ініцыятыва з боку Расіі і падтрымана яна беларускай праваслаўнай царквой, якая ў нас шчыльна арыентавана на канцэпцыі «рускага міра».
Гісторык адзначае, што ўсталяванне помнікаў — гэта адзін з інструментаў для прапаганды, паколькі яны звычайна ставяцца на відных месцах, з’яўляюцца маштабнымі і прыцягваюць вока.
— Але сацыёлагі сцвярджаюць, што помнікі жывыя толькі калі яны ўключаны ў нейкі рытуал, цырымоніі, якія маюць нейкае калектыўнае вымярэнне. Напрыклад, ускласці кветкі і т.п.
Вось зараз мы заўважылі з’яўленне гэтага помніка, гэта стала нагодай для дыскусій. Далей, калі ён проста стаіць каля расійскай амбасады і раз на год туды будуць прыходзіць супрацоўнікі амбасады, то, канешне, ўплыў помніка на свядомасць людзей будзе вельмі абмежаваны.
Але тут цікава, што ён злучаны менавіта з інтарэсамі прасоўвання расійскага культурнага і палітычнага ўплыву, і што ў з’яўленні гэтага помніка таксама зацікаўлена і беларуская праваслаўная царква. Таму, можа быць, што ён будзе ўключаны ў рытуалы, звязаныя з гэтымі інтарэсамі. Пакуль што не можам сказаць, якая дакладна роля ў гэтага помніка будзе ў будучыні, але ён можа быць выкарыстаны менавіта такім чынам.
Ластоўскі таксама паразважаў пра будучыню гэтага помніка. Прынамсі, калі ў Беларусі адбудуцца перамены.
— Тут пытанне, ці мае помнік нейкую гістарычную і культурную вартасць. Паколькі гістарычна ён пастаўлены толькі зараз, нейкае дачыненне да найноўшай гісторыі ён практычна не мае, толькі як сведчанне таго, што ў свой час у нас тут панавалі расіяне.
А культурна гэта, канешне, халтура, бо гэта помнік вельмі нізкай эстэтычнай вартасці. І тут, безумоўна, проста дзеля таго, каб быў цывілізаваны культурны ландшафт Мінска, гэты помнік трэба будзе прыбраць.
Я прыхільнік таго, што помнікі знішчаць не варта, але трэба з іх ствараць своеасаблівыя музеі на адкрытым паветры, дзе можна было б прасачыць, як развівалася манументальная прапаганда, таму што гэта таксама нейкае сведчанне гісторыі і палітычных падзей.
Гэта павінна захоўвацца, але і мець нейкую тлумачальную рамку, каб людзі разумелі, чаму і для чаго помнік быў створаны. Падобныя паркі скульптур ёсць у Будапешце, Літве. Мне падаецца, што гэта досыць прывабная мадэль, якую мы потым можам выкарыстаць у Беларусі, — заключае Аляксей Ластоўскі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное