Вось як выглядае гэта дабрадзейства. Калі ў чалавека і ў нацыі адбіраюць самую неабходную рэч, калі людзям забараняюць самім вырашаць, што ім рабіць, калі ім ляцець у космас ці не ляцець, як ім расходаваць свой уласны нацыянальны бюджэт — мы гэтым усім не распараджаемся.
Курс: «Нам патрэбная наша свабода — ніякія палёты ў космас гэтага і блізка не кампенсуюць»
Пісьменніца Святлана Курс — пра тое, як адрозніць сапраўдны гонар за сваю нацыю ад прапагандысцкага.
— Нам няма за што быць удзячнымі тым, хто знішчае нашу краіну, нашу беларускасць і падтрымлівае гэты людаедскі рэжым. Гэта занадта высокая цана за палёты ў космас, — выказалася Святлана Курс аб рэакцыі прапаганды на палёт беларускі ў космас на Радыё Свабода. — Нам такія падарункі з панскага пляча не патрэбныя.
Нам трэба аддаць нашу свабоду. Як параўнаў адзін мой сябар: узялі Дзюймовачку, абламалі ёй ручкі і ножкі, пасадзілі ў гаршчок, паліваюць вадзічкай, маўляў, расці, Дзюймовачка, вялікая і моцная.
Гэтым распараджаюцца Расія і Лукашэнка. Таму такія дары не патрэбны. Нам патрэбныя нашы ўласныя «ручкі і ножкі», наш уласны бюджэт, наша свабода і наша здольнасць самім вырашаць свой лёс. Ніякія палёты ў космас гэтага і блізка не кампенсуюць.
Што нам толку з таго, што нехта паляцеў у космас? Памятаеце, як Лукашэнка сказаў пра гэты палёт, быццам толькі цяпер мы з лапцей пяройдзем на нармальны абутак.
А мы сябе ў лапцях і не адчуваем. Я, напрыклад, сябе абсалютна ў лапцях ніколі не адчувала, таму што я спадчынніца вялікай культуры і вялікай гісторыі — княства Літоўскага, Беларусі, якая ў 1918 годзе здабыла сабе свабоду крывёй.
І мне не трэба для таго, каб адчуць сябе ў «дарагіх ботах», а не ў лапцях, ляцець у космас.
Думаю, што многім людзям, якія маюць здаровую самаацэнку і гонар за сябе і за сваю культуру і цывілізацыю, не трэба ляцець у космас альбо дамагацца спартовых поспехаў на ўвесь свет, каб ганарыцца сваёй краінай, сваім народам, сваім нараджэннем, сваёй мовай, культурай і г.д.
Гэта нармальнае пачуццё здаровага чалавека, які ўдзячны месцу, дзе ён наразіўся і дзе нарадзіліся яго продкі.
Пачуццё гордасці — гэта такая штука, якую не падробіш. Гэта эмоцыя. А калі такой эмоцыі няма, значыць, людзей моцна пакрыўдзілі.
Непакрыўджаных людзей у Беларусі вельмі мала, шчаслівых людзей у Беларусі вельмі мала.
Я перакананая, што і мы, і адэпты таго рэжыму ўздыхнуць з палёгкай, калі нармалізуецца нездаровая сітуацыя, якая зараз у нашай краіне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное