Курс на “ціхія выбары”

Дзяржаўныя медыя ствараюць карцінку «ціхіх выбараў», пераносячы ўвагу беларускіх грамадзян з праблемы неабходнасці зрабіць выбар на «мирный созидательный труд». Да такой высновы прыйшлі маніторцы БАЖ.

Аналіз ахоплівае перыяд з 23 жніўня па 5 верасня г.г. У гэты перыяд камісіі рэгістравалі прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, кандыдаты распачалі выбарчую агітацыю, выступы шэрагу кандыдатаў з’явіліся ў вызначаны ЦВК час ў дзяржаўных СМІ.

Асноўныя вынікі і некаторыя высновы

Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія фармальна ўвайшла ў самую актыўную фазу, характар яе асвятлення ў дзяржаўных СМІ істотна не змяніўся. Яны па-ранейшаму акцэнтуюць сваю ўвагу на арганізацыі ды тэхнічных аспектах выбарчага працэсу (дзейнасці ЦВК), а не на агітацыйнай кампаніі. Сімптаматычна, што на зварот Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) аб правядзенні перадвыбарчых дэбатаў адказ кіраўніцтва дзяржрадыё быў адмоўны.

Варта яшчэ раз нагадаць, што выступы кандыдатаў па тэлебачанні ў Мінску і іншых вялікіх гарадах прыпадаюць на час з 17.30 да 18.30. Гэта азначае, што большасць працуючых выбарцаў, якія ў гэты час знаходзяцца па дарозе з працы альбо робяць закупы, не могуць з імі азнаёміцца. Істотным чынам абмяжоўваюць камунікацыю з выбарцамі і надзвычай малыя сродкі, выдаткаваныя кандыдатам на выраб агітацыйных матэрыялаў.

У сваю чаргу, спецыяльна прысвечаныя выбарам праграмы, што ўжо з’явіліся ў эфіры, не акцэнтуюць увагу тэлегледачоў на тым, што галоўны сэнс выбарчай кампаніі - выбар паміж рознымі праграмамі дзейнасці, палітычнымі платформамі ды рознымі сацыяльнымі і палітычнымі сцэнарамі развіцця беларускага грамадства, а не арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы, якія, відавочна, мусяць ажыццяўляць ЦВК і мясцовыя ўлады.

Так, перадача “От выборов до выборов” (Тэлеканал “Лад” , ТРК г. Гомель) працягласцю больш за паўгадзіны ўяўляе сабою вялікі рэпартаж пра адзін з раёнаў Гомельшчыны. Перадача ад 26 жніўня 2008 г., напрыклад, прысвечана Лоеўскаму раёну. Вядучая ў прамым эфіры паведамляе: “Включите громче динамики, жители Лоевского района… Вы увидите знакомые лица, улицы и дома – о вас, о вашей жизни сегодня в нашей программе. Если вы еще не все знаете о соседях, коллегах по работе, сейчас вы много о них узнаете”.

Пра выбары нагадвае толькі ролік “От выборов до выборов” (на пачатку, у сярэдзіне і напрыканцы праграмы). Вось тэкст ролiка: “От выборов до выборов. Четыре года созидательного труда. Рост благосостояния населения. Уверенный курс в будущее. Районы Гомельщины подводят итоги в утреннем эфире телеканала «Лад»”.

Перанясенне ўвагі тэлегледачоў з праблемы выбару (паміж рознымі палітычнымі і сацыяльнымі перспектывамі) на “мирный созидательный труд”, на інтэрвію з мясцовымі кіраўнікамі, на дасягнутыя імі поспехі ёсць фактычна адным з прыёмаў праграмавання вынікаў галасавання на карысць толькі аднаго боку (кандыдатаў ад улады).

У дзяржаўных медыя па-ранейшаму дамінуе спрошчаная схема рэпрэзентацыі ўдзельнікаў выбарчага працэсу, калі галоўнымі дзеючымі асобамі застаюцца Прэзідэнт і ЦВК. На іх долю (параўнальна з іншымі суб’ектамі) прыпадае ад 60 да 99% плошчы і часу ў залежнасці ад сродку масавай інфармацыі.

Як і ў папярэдні перыяд, дзяржаўныя медыя асвятлялі працу назіральнікаў ад СНД і заходніх назіральнікаў. На іх сукупна прыпадала ад 8 да 27% часу (гл: адпаведна графікі “Наши новости» (ОНТ) і “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал беларускага радыё).

Разам з тым, дзяржаўныя медыя яшчэ больш выразна акрэслілі сваё стаўленне да назіральнікаў. Надзвычай красамоўнымі з’яўляюцца тут артыкулы “В своем глазу бревна не замечают?” і “Начните “демократию” с себя” (“Гомельская праўда”, 02.09.2008 і 04.09. 2008).

Першы артыкул утрымлівае, напрыклад, такую выснову: “Так что все замечания и предложения, сделанные в отчетах БДИПЧ ОБСЕ, - лишь очередной политический заказ по дискредитации нашего действующего избирательного законодательства. И объективного мониторинга нынешней важной для страны и нас, белорусских граждан, политической кампании ждать не приходится. До тех пор, пока ангажированные эксперты не прекратят использовать удобные для них двойные стандарты”.

Абодва артыкулы падпісаны журналістам Аляксеем Нікалаенкам, прозвішча якога ў штаце газеты не значыцца. Факт выкарыстання псеўданіму яшчэ больш выразна паказвае на тое, што пазіцыя газеты з’яўляецца афіцыйна-прапагандысцкай (а канкрэтныя асобы, відаць, саромеюцца падпісаць матэрыял сваім прозвішчам).

Дзейнасць назіральнікаў ад СНД дзяржаўныя СМІ ацэньваюць пазітыўна. Тыя, у сваю чаргу, пазітыўна ацэньваюць дзейнасць ЦВК ды мясцовых уладаў па арганізацыі выбараў. Як заявіў С. Лебедзеў, кіраўнік місіі назіральнікаў СНД, “идет плановая спокойная подготовка выборов в парламент Беларуси, и то, что мы сейчас видели, говорит о том, что местные власти и руководители избирательных комиссий ответственно подходят к избирательному процессу, делают все необходимое, чтобы выборы были демократичные, чтобы были учтены все пожелания наблюдателей, и чтобы были соблюдены права избирателей").

Па-за дзейнасцю пяці названых суб’ектаў (прэзідэнт, ЦВК, мясцовыя ўлады, назіральнікі ад СНД і заходнія назіральнікі) вага астатніх удзельнікаў выбарчага працэсу ў дзяржаўных медыя блізкая да нуля. Напрыклад, ананімнай апазіцыі і ананімным палітычным партыям праграма“Наши новости” (ОНТ) адвяла ўсяго 2,7% часу параўнальна з астатнімі суб’ектамі выбарчай кампаніі. А газеты “Советская Белоруссия (“Беларусь сегодня”) і “Рэспубліка” на гэты раз увогуле не заўважылі палітычныя партыі і не пісалі пра іх - ні пазітыўна, ні адмоўна.

Дадзеныя гэтага перыяду пацвярджаюць папярэднюю выснову адносна таго, што фармат асвятлення выбарчай кампаніі дзяржаўнымі медыя скіраваны на мінімізацыю палітычнай барацьбы паміж рознымі палітычнымі сіламі (“ціхія выбары”), на няўдзел у гэтай барацьбе выбарцаў ды на маргіналізацыю альтэрнатыўных праграм (тым самым і альтэрнатыўных мажлівасцяў) развіцця беларускага грамадства. Такі фармат асвятлення вядзе да добра вядомай з савецкіх часоў сітуацыі, калі значная колькасць выбарцаў робіць свой выбар на карысць таго ці іншага кандыдата ў дзень галасавання на падставе кароткай афіцыйнай інфармацыі, пададзенай выбарчай камісіяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)