Крысціна Дробыш: «Мне казалі: дзевачка, хто ты такая? Цябе сальюць»

Былая акторка Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш распавяла, як яе вербавалі ў эскорт Лукашэнкі.

— Харасмент — было. Усякае было. У кіно, прынамсі беларускім, такога да халеры, – распавяла Дробыш у інтэрв’ю каналу Жыццё-маліна. – Я ведала гісторыі, што ёсць рэжысёр, у якога ёсць пэўны рэстаран у Мінску, столік, за якім змяняюцца акторкі. Не асуджаю, такое ёсць і ёсць паўсюль.

Крысціна Дробыш. Фота са старонкі Купалаўцаў у Фэйсбуку

У мяне была сітуацыя, калі я здымалася і была відаць мая татуіроўка, за што я заўсёды атрымлівала трындзюлей. У нейкі момант рэжысёр адвёў мяне, прыціснуў да сценкі і сказаў: «А ты знаешь, что у меня тоже есть татуировка? Вот там вот. И я тебе могу показать».

У мяне ёсць гісторыя харасменту круцей, чым з рэжысёрамі. Я марыла толькі пра Купалаўскі, сама туды напрасілася. Калі я трапіла ў тэатр, адразу атрымала ролю у вялікім спектаклі. Гэта было шчасце. Праходзіць некаторы час, быў мо тыдзень да прэм’еры, а гэта самы гарачы час, калі ранкам і вечарам вы рэпетуеце.

У нейкі момант мяне выклікалі ў кабінет дырэктара і сказалі: «Ты заўтра прыйдзі, апраніся прыстойненька, каблучкі, можа, надзень».

Я абсалютна наіўна апранаю сукенку, нейкія абцасы, прыходжу у прыёмную дырэктара, мне наліваюць каву. Прадчуванне нейкае было, што штосьці адбываецца. Мяне запрашаюць у кабінет, заходзіць жанчына ў шыкоўным футры, з пахам парфума, ад якога можа пачацца мігрэнь. Яна садзіцца побач, ведае, як мяне зваць, але сама не прадстаўляецца. Яна пытаецца, як мне працуецца ў тэатры, што я рэпетую. Я на ўсё гэта адказваю.

Яна пытае: «А что ты делаешь в воскресенье?». Я адказваю, што ў мяне прагон. Яна пытаецца, а ці можна адмяніць. Адказваю, што не, гэта зусім блізка да прэм’еры.

Выходжу з кабінету, пытаю ў сакратаркі, хто гэта. Яна спытала: «Ты што, не ведаеш? Гэта Пяткевіч». (Наталля Пяткевіч — прэс-сакратарка Лукашэнкі ў 2001-2004 г.г., з 2004 па 2010 — намесніца, потым — першая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі — С.). І ў мяне пазл складваецца.

— Цябе вербавалі ў эскорт Лукашэнкі?

— Так, яна прыйшла па мяне. Яна ведала, як мяне зваць. Я іду ў грымёрку, дастаю тэлефон і думаю: я ўсё так зразумела, мне зараз не падалося? Я пачынаю гугліць і разумею, што не падалося, гэта была Пяткевіч, на той момант правая рука Лукашенкі. У мяне пачынаецца лютая гістэрыка, я прыйшла да чалавека, які казаў мне прыйсці, я крычала і казала, што не буду гэтага рабіць.

Быў страшна наіўны маналог пра тое, што «дзевачка, хто ты такая». Што мяне сальюць. Хай зліваюць, я туды не пайду. Я разумею, што па сутнасці мне тады прапаноўвалі, ну…«дарогу». Але, чорт вазьмі, не.

Мяне супакойвалі не адну гадзіну, пасля мне сказалі, што мяне выратавалі фразай: «Паглядзіце, яна зусім маладзенькая, яе яшчэ трасе». Хто мяне выратаваў і ці было гэта сапраўды так — я не ведаю.

Акторка таксама распавяла пра свой погляд на беларускую культуру і беларускую мову.

— Калі ў мяне ўключаецца радыкальная Хрысціна, я хачу беларускую мову на лацінке, каб усе размаўлялі на беларускай. Мы не можам пайсці і вызваліць палітвязняў.

Не можам пайсці зрынуць Лукашэнку, перавярнуць усю сістэму, якая застанецца пасля яго — гэта вельмі шмат працы. Але мы можам зрабіць нешта маленькае — хаця б проста часам гаварыць па-беларуску, чытаць на ёй. Гэта тая малая рэч, якую ты можаш зрабіць сам.

Ніхто не прыйдзе і не скажа «вучы беларускую мову» — гэта не трэніроўка ў спартзале, а твая асабістая адказнасць. Ты можаш павесіць бчб-сцяг, а што далей?

Мне калісьці пакінулі камент кшталту «як вы надаелі з культурай, давайце спачатку разбяромся з гэтымі пытаннямі, а потым будзем займацца культурай». Не, нам няма чым будзе займацца потым, бо яе не будзе. Акей, давайце зрынем гэта ўсё, забудзем. Пройдзе гадоў 15 і мы прыйдзем будаваць Беларусь. На чым? — задаецца пытанне Дробыш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)