Общество
Таццяна Птушка, фота Андрэя Рогача

Копыльскія «цары» з факеламі прайшліся па хатах сялян (фотарэпартаж)

На шчодры вечар 13 студзеня ў вёску Семежава Копыльскага раёна завітаў дырэктар парыжскага прадстаўніцтва японскай газеты «Asani shimbun» Кунісуэ Норіто. Японец прыехаў, каб на свае вочы пабачыць унікальны абрад «Цары», які існуе з XVIII стагоддзя. Абрад ўтрымлівае ў сабе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы. Ён характэрны толькі для гэтай вёскі.

Напрыканцы мінулага года гэты абрад быў уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.

Нязвыклы да пятнаццаціградусных маразоў японец прыехаў у беларускую вёску, апрануты ў скураное паліто. Мясцовыя жыхары пашкадавалі госця з краіны ўзыходзячага сонца і далі яму кажух, каб не змерз падчас паходу калядоўшчыкаў па вёсцы.

На працягу некалькіх гадзін японскі журналіст разам з працэсіяй цароў наведваў дамы сялян. Удзельнікі абраду — маладыя мужчыны і юнакі, апранутыя ў спецыяльныя касцюмы, разыгрывалі драму «Цар Максіміліан».

Гаспадары сустракалі калядоўшчыкаў хлебам-соллю і шчодра адорвалі іх пірагамі, салам і грашыма. У адной з хат пачастунак чакаў і японскага госця, якому гасцінная гаспадыня паднесла мяшэчак гарбузоў і пальцам пханую каўбасу.

Калі сцямнела, «цары» запалілі факелы, і гэта надало абраду незвычайную відовішчнасць.

— Мне вельмі спадабаўся гэты абрад і тое, што ў ім прымаюць удзел маладыя людзі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага з карэспандэнтам «Салідарнасці» Кунісуэ Норіто. — У тых абрадах, што я бачыў раней, у асноўным удзельнічаюць старыя бабулі і дзядулі, і з цягам часу гэтыя традыцыі паміраюць. Я вельмі рады, што менавіта тут, у вёсцы Семежава, я пабачыў абрад, які будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)