Политика

Колькі зарабляюць лукашэнкаўcкія кандыдаты ў дэпутаты ў правінцыі? Іх даходам пазайздросцяць многія

Наша ніва зазірнула ў дэкларацыі чыноўнікаў, якія сабраліся ў народныя абраннікі ад самага бяднейшага райна в Мінскай вобласці.

Кандыдаты ў дэпутаты Бярэзінскага райсавета першымі апублікавалі свае дэкларацыі аб даходах. Можна даведацца, колькі зарабляла кіраўніцтва раёна: чыноўнікі, аграрнікі, прапагандысты, сельсаветчыкі. Звесткі прыведзеныя за 2022 год.

Месячны даход ахвотнікаў стаць дэпутатамі значна перавышае сярэдні заробак у Бярэзінскім раёне, які ў той час з'яўляўся найбеднейшым у Мінскай вобласці. У 2022 годзе там налічвалі работнікам у сярэднім па 1292 рублі штомесяц.

Удакладнім, што ў дэкларацыях кандыдатаў у дэпутаты ўказваецца агульны даход. Гэта значыць, што калі чалавек менавіта ў той перыяд прадаў кватэру ці машыну, то лічба можа быць выглядаць анамальна вялікай.

Старшыня райсавету

Сярэднемесячны даход дзейнага старшыні райсавета камуніста Віктара Лашкоўскага складаў 3 600 рублёў ($1375 па тагачасным курсе).

Лашкоўскі ў дэкларацыі пазначыў, што валодае домам у райцэнтры, а таксама мае два аўтамабілі: ВАЗ 2121 і VOLVO V-60.

Чыноўнікі райвыканкаму

Кіраўнік справамі райвыканкама камуніст Міхаіл Бурцаў задэклараваў даход 2900 рублёў на месяц ($1107). У чыноўніка дом у Беразіне, лецішча ў раёне і аўтамабіль HYUNDAI ATOS.

Намесніца старшыні райвыканкама камуністка Вольга Калячка пазначыла штомесячны даход 2451 рубель ($935). Маёмасцю Калячка не валодае.

Даход кіраўніцы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама камуністкі Алесі Цітовай складаў 2300 рублёў ($878). На яе запісаныя два легкавікі, RENAULT MEGANE SCENIC и MAZDA 323.

Вераніка Джыгера, якая начальствуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, пазначыла, што ў сярэднім атрымлівала 1592 рублі ($608). Даход Джыгеры найменшы сярод чыноўнікаў, якія балатуюцца ў райсавет.

Топ-медыкі

Галоўная доктарка раённай бальніцы, 33-гадовая камуністка Крысціна Крук мела 5800 рублёў на месяц ($2214).

Беспартыйны галоўны доктар раённай санэпідэмстанцыі Вадзім Буйніцкі атрымліваў 2900 рублёў ($1107).

Каб мець такі даход, падначаленым Крук і Буйніцкага трэба працаваць на дзве стаўкі і забыцца, што ў іх ёсць сям’я і дом.

Прапагандыстка і бібліятэкарка

Даход галоўнай рэдактаркі раёнкі «Бярэзінская панарама» Юліі Букель, якую адправіла ў дэпутаты «Белая Русь», складаў 2250 рублёў ($858).

Кіраўніца раённай бібліятэкі камуністка Наталля Маеўская зарабляла па 2880 рублёў (амаль $1100).

Даход Маеўскай яе падначаленыя могуць толькі сасніць. Шараговая бібліятэкарка мае хіба што тысячу рублёў у месяц.

Старшыні сельсаветаў

У райсавет спрабуе прабіцца плойма сельсаветчыкаў з прыкладна аднолькавым даходам. Яны таксама беспартыйныя. Вось найбагайцейшыя з іх.

Старшыня Бярэзінскага сельсавета Аляксандр Балсун зарабляў 2300 рублёў ($879 даляраў).

Старшыня Паплаўскага сельсавету Аляксей Сарнацкі напрацаваў на 2130 рублёў ($813).

Аграрнікі

Найбагацейшыя вылучэнцы ў райсавет — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў (рэфармаваных калгасаў). У іх развіццё ўкладаюцца вялізныя дзяржаўныя інвестыцыі. Аграрнікі вылучаюцца ў райсавет як беспартыйныя.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства «АграМАЗ» Валерый Цэдрык па бярэзінскіх маштабах мясцовы Ракфелер. Ён зарабляў па 4700 рублёў (амаль $1800).

У дырэктаркі акцыянернага таварыства «Пагосцкі» Наталлі Сокал выходзіла 4130 рублёў на месяц ($1575).

Дырэктар таварыства «Брадзец» Аляксандр Крук зарабляў па 4030 рублёў ($1537).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(13)