Общество

Колькі каштуе фота сілавікоў, якія затрымліваюць людзей

Спойлер: ад 12 да 25 сутак.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае», Іллю Люльковіча затрымалі ў пераходзе на Пушкінскай, калі ён фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі. Пратакол на яго склалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Па рашэнні суддзі Фрунзенскага раёна Алены Бушавай Ілля будзе адбываць 15-сутачны арышт.

***

23-гадовы Дзмітрый Бухта 25 сакавіка ішоў па праспекце каля ЦУМа, калі ўбачыў затрыманні. Хлопец вырашыў гэта сфатаграфаваць, пасля чаго пачаў спускацца ў метро. Але, мабыць, гэта заўважылі супрацоўнікі і вырашылі яго затрымаць.

У Заводскім РУУС на Дзмітрыя склалі адразу два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП, а суддзя Мурашка пакарала яго 25-сутачным арыштам.

***

32-гадовую Антаніну Храпко затрымалі, калі яна ішла ў слухаўках па праспекце Незалежнасці. Дзяўчына дастала тэлефон, каб выбудаваць маршрут на карце.

Супрацоўнікі падумалі, што яна іх фатаграфуе. Да дзяўчыны падышлі каля шасці супрацоўнікаў у чорным, праверылі яе тэлефон, але там не было іх фотаздымкаў. Дзяўчыну ўсё роўна завялі ў аўтазак.

У Першамайскім РУУСе, акрамя пратакола за ўдзел у масавых мерапрыемствах, на Антаніну склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам пры затрыманні.

Суддзя Святлана Чараповіч прысудзіла Антаніне па двух пратаколах 14 сутак.

***

Таксама за «фота» на Дзень Волі ў судзе Першамайскага раёна судзілі сёння 58-гадовага Сяргея Цітова. За жаданне сфатаграфаваць аўтазакі суддзя Анастасія Ляйкоўская арыштавала яго на 12 сутак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(44)