Общество

Галіна Кудрук

Кобец: Мандат Святланы Ціханоўскай павінен захоўвацца да моманту, пакуль не адбудзецца мірны транзіт улады

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS — пра стол перамоў пасля сканчэнне вайны ва Украіне і важнасць прадстаўленасці беларускай пазіцыі за ім.

Разважаючы ў эфіры Еўрарадыё наконт таго, як Ціханоўская можа спыніць працэс паглынання Беларусі Расіяй, Уладзіслаў Кобец адзначае:

— Думаю, што менавіта планам транзіту. У Беларусі ёсць прэзідэнт-элект. Трэба разумець важнасць гэтага мандата. Яго няма, напрыклад, у расіян, і для рускай апазіцыі, частка якой знаходзіцца ў Еўропе, гэта вялікая праблема. Яны ў тым ліку звяртаюцца да беларусаў, просяць дапамогі. А чым можна дапамагчы?

Уладзіслаў Кобец

Па-першае, прабачце, гэта наканавана лёсам, як калісьці ў Германіі ў час нацызму. Нямецкія грамадзяне, які апынуліся за мяжой, былі таксама пазбаўленыя правоў, таму што Германія вяла вайну з усім цывілізаваным светам. Гэта ваша ноша. У Беларусі ёсць прэзідэнт-элект, дэ-факта структуры. Узмацненне гэтых структур і план транзіту звязаны з вызваленнем Украіны. Ён павінен стаць стратэгічным планам для ўсіх.

Пасля паразы Расіі ва Украіне ў сённяшняй сітуацыі яны няздольныя падтрымліваць рэжым у Беларусі. «Вагнера» там няма, сацыялогія супраць Лукашэнкі. Трэба проста паверыць у свае сілы, калі гэта зробім, — транзіт магчымы. Мы памятаем 16 жніўня 2020-га, калі міліцыя сышла з вуліц, генералы толькі чакалі рашэння Крамля. Якое сёння рашэнне Крамля можа быць для Беларусі, калі яны не могуць вырашыць пытанні ва Украіне?

Уладзіслаў Кобец кажа, што «у першую чаргу разглядаецца план мірнага транзіту», але заўважае — «ён можа мець пэўныя адхіленні ад гэтага характару».

— Таму што, на жаль, рэжым адкрыў скрынку Пандоры. Колькі беларусаў забіта, змардавана, згвалтавана і тое, што адбываецца ў турмах, не давала б ім падставу думаць, што для іх усё лёгка адбудзецца. Утрымаць гнеў можа і не атрымацца.

Перамога Украіны вельмі важная. І ў тым новым свеце, які, нарэшце, будзе ўладкаваны, важным пунктам будзе дэакупацыя Беларусі. Расія не будзе ў стане ўтрымліваць краіну пад акупацыяй. Яна не можа ўтрымаць сёння нават Кляшчэеўку. Урэшце рэшт усе войны сканчаюцца за сталом. За тым сталом, за якім будзе вырашацца, павінна быць беларуская пазіцыя.

Аднак што будзе, калі Украіна ці Захад стануць настойваць на тым, што за сталом павінен сядзець чалавек, які рэальна кантралюе сітуацыю ў Беларусі?

— За сталом павінны сядзець людзі, якія надзелены ўладай. У Беларусі марыянеткавы рэжым, — лічыць Кобец. — Мусаліні не сядзеў за сталом, а вісеў уніз галавой на слупе. Упэўнены, што за сталом павінны сядзець прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнага Савету, тыя, хто і будзе забяспечваць транзіт.

Гэта не значыць, што тыя, хто сядзіць у дзяржапараце, кудысьці знікнуць заўтра. Наадварот, яны могуць стаць часткай гэтага працэсу, тыя, хто не запятнаны ў забойствах і катаваннях. Бо тыя, як кіеўскі «Беркут», збягуць куды-небудзь, калі будзе куды.

Чыноўнікі, які працуюць у дзяржаўным апараце, атрымаюць новыя магчымасці. Уся краіна павінна будзе атрымаць пазітыўную павестку і яны таксама. Шлях жа для забойцаў зразумелы.

Эксперт таксама паразважаў наконт жадання Лукашэнкі замірыцца з Захадам і пра тое, ці гатовыя там перавярнуць старонку.

— Ніводзін палітык на Захадзе не возьме на сябе адказнасць, каб падпісацца пад гэтай авантурай. Гэта балбатня мела сэнс да 2020-га. Яшчэ пасаля яго быў пэўны час штосьці зрабіць, але пайшлі ў кірунку тэрору, забойстваў, падтрымкі рускай агрэсіі ва Украіне.

— Ёсць палітычныя групы, якія заўсёды фінансаваліся Крамлём, ультраправыя, ультралевыя, магчымасцей для іх стала менш, менш грошай стала ў Расіі. Няма падсадкі на газ Еўразвязу, Буча і Ірпень прайшлі па усіх еўрапейскіх каналах, пра выкраданне ўкраінскіх дзяцей таксама ў курсе, ні адзін палітык у здаровым розуме не пойдзе з лозунгам, каб замірыцца.

Што зменіцца для Ціханоўскай ў 2025-м?

— Апошнія выбары не пад акупацыяй адбыліся ў 2020-м. Я не бачу магчымасці правядзенне выбараў пад акупацыяй. Мы лічым, што мандат Святланы Ціханоўскай павінен захоўвацца да моманту, пакуль не адбудзецца мірны транзіт і пакуль гэты мандат не будзе перададзены абранай, новай ўладзе ў Беларусі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)