Кныровіч: «Выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца, ёсць магчымасць паспець да вызначанай даты»

Дарадца спікера КР — пра травеньскія выбары, гендарныя квоты, «яўку» выбаршчыкаў і канкурэнцыю паміж кандыдатамі не на лукашэнкаўскі ўзор.

У той час, як беларускія ўлады падводзяць вынікі як ніколі прадказальных выбараў у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў, альтэрнатыўная электаральная кампанія пакуль што не вельмі хутка набірае ход. Каардынацыйная Рада ўсё яшчэ не вызначылася з правіламі выбараў у новы склад, хоць папярэдне плануецца, што выбары пройдуць да канца траўня.

Зрэшты, працэс працягваецца і галоўныя спрэчныя моманты вырашаны, гаворыць былы чалец Каардынацыйнай рады, бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч, які склаў свой мандат па заканчэнні ягонага тэрміну, але застаўся дарадцам спікера КР.

Аляксандр Кныровіч

— Так, рашэнні, якія павінны былі быць прынятыя тры месяцы таму, яшчэ не зацверджаныя, а тэрміны ўсё цягнуцца і цягнуцца, — зазначыў Кныровіч у эфіры Еўрарадыё. — Я да гэтага стаўлюся дрэнна і для мяне гэта дзіўна. Бо я прыйшоў з бізнесу, дзе, калі напісана ў паперах: дзейнічае да 8 лютага, 22.00, гэта так і ёсць, і ў 22.01 ужо чырвоны сцяг, што ўсё, час выйшаў.

Але ў беларускай палітычнай культуры, я гляджу, няма такога паняцця, як тэрмін, які не можа быць нікуды пасунуты. Для мяне гэта цалкам дзіўна.

Што да пытання, чаму не абрана канчаткова нейкая сістэма і спадзеваў на самарэгуляванне — ведаеце, ва ўмовах сферычнага каня ў вакууме, натуральна, можна было б разважаць, як магло б быць па-іншаму. Але я не ведаю прыкладаў, калі ў Беларусі самарэгуляванне на 100 чалавек дало б добрыя вынікі. Усё яшчэ патрэбная нейкая кіруючая воля.

У КР, паводле слоў бізнесоўца, была працоўная група, якая акурат спрабавала зблізіць пазіцыі розных палітычных актараў — Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета, партый і аб’яднанняў.

— З майго пункту гледжання, АПК праціснуў Каардынацыйную Раду. Так, будзе адзін голас, а не тры, будуць гендарныя квоты: 40% для ўсіх і 20% — для парамілітарных структур (не пытайце падрабязнасцяў, я не адмысловец у гэтым пытанні і не магу разважаць па ім). Зараз мы ўжо маем сістэму, з якой большасць пагадзілася, і яна была пастаўленая днямі на галасаванне ў КР, каб яе прыняць.

Яшчэ ідзе гаворка аб тым, што шлях НКА будзе ў нейкую асобную палату пры КР, але неяк так пазначана, што ўсё гэта будзе пазней, калі абяруцца новыя дэлегаты. Мяркую, што галоўная спрэчка, дзякуй богу, скончылася, і ёсць магчымасць паспець да вызначанай даты, 25 траўня, правесці гэтыя выбары. Так што яны будуць.

Аляксандр Кныровіч дадае, што лічыць не істотным, хто стане спікерам у КР — галоўнае, каб структура была абранай і дзейнай:

— Для мяне планка — 100 тысяч чалавек, якія прагаласуюць. Калі ў кампаніі возьмуць удзел як выбаршчыкі 100 тысяч чалавек, то не важна, абяруць яны асабіста мяне, ці не, — але ў нас будзе нейкі орган, які будзе мець іншую легітымнасць, чым Святлана Ціханоўская асабіста, і будзе доўга працаваць.

Прынамсі я ўпэўнены, што ў нас будзе і канкурэнцыя, будуць спрэчкі — і яны будуць не такімі, як паміж кандыдатамі ў 68-й акрузе ў Салігорску, дзе гучалі слова ў слова аднолькавыя праграмы. Бачу як мінімум 10 структур, якія ўжо працуюць над гэтымі спісамі, і спадзяюся, што яшчэ наперадзе важныя дэбаты, у тым ліку ў медыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(48)