Общество

Юлія Кот

«Кніга чырвоная з белымі літаркамі — гэта ўжо экстрэмізм, пачынаюць скандал»

Як мінімум 133 дзеячы культуры ў зняволенні, трое памерлі за кратамі, лік рэпрэсаваных ідзе на тысячы. Беларускі ПЭН працягвае збіраць парушэнні правоў чалавека ў сферы культуры.

Днямі ён прадставіў вынікі даследавання па сітуацыі і тэндэнцыях рэпрэсій у 2022-2023 гадах. «Салідарнасць» узяла ўдзел у прэзентацыі — расказваем пра самае важнае.

— Беларускі ПЭН ужо чатыры гады вядзе статыстыку парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, — зазначае старшыня арганізацыі Таццяна Нядбай, — як з адкрытых крыніц, так і з непасрэднай камунікацыі. Перадусім з літаратарамі, бо гэта наша асноўная супольнасць, але намагаемся быць на сувязі і з прадстаўнікамі іншых супольнасцяў у культурным сектары.

ПЭН правёў 42 экспертныя інтэрв’ю з прадстаўнікамі сферы — літаратарамі і выдаўцамі, мастакамі і фатографамі, музыкамі, прадстаўнікамі тэатра і кіно, краязнаўцамі і прадстаўнікамі музейнай справы, арт-менеджарамі, даследчыкамі, журналістамі, навукоўцамі. Практычна ўсе яны да сёння знаходзяцца ў Беларусі.

Рэспандэнты зазначылі агульнае пагаршэнне сітуацыі за апошнія паўтары гады, адсутнасць развіцця і знішчэнне цэлых пластоў беларускай культуры.

Як трапна заўважылі некаторыя  з адмыслоўцаў, «мы ў глыбокай яме» і цяпер тут «аранжавы ўзровень небяспекі, пакуль яшчэ не чырвоны».

На дадзены момант закрытая большасць культурных арганізацый, працягваецца ліквідацыя прыватных выдавецтваў, знішчаюцца альтэрнатыўныя адукацыйныя праекты, абмежаваны доступ нелаяльных дезячаў культуры да гледача, узмацняецца як цэнзура з боку дзяржавы і праўладных актывістаў, так і самацэнзура.

Ва ўсіх сектарах культуры актыўна прасоўваюцца тэмы Вялікай Айчыннай вайны і «генацыду беларускага народа», адносна бяспечнымі лічацца народныя традыцыі і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; нацыянальная ідэнтычнасць — хісткі выбар, вайна ва Украіне, як і многія іншыя тэмы — табу.

Скрыншот з прэзентацыі

У цяперашніх умовах факты ціску і парушэнняў ўсё менш апублічваюцца.Тым не менш, прадстаўнікі беларускага ПЭНу  толькі за студзень-чэрвень 2023 года зафіксавалі 925 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека.

— Дзякуючы даследаванню мы выявілі 105 новых кейсаў схаваных рэпрэсій, — гаворыць  Таццяна Нядбай. — Пры гэтым мы разумеем, што гэта не сталы працэнт, а толькі сітуацыя на бягучы момант: чым больш апытваем людзей, тым больш новых выпадкаў парушэнняў выяўляюцца.

Закрыццё прыватных выдавецтваў, прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» нават кніг беларускіх класікаў (за паўгода 18 кніг трапілі ў гэты спіс) дало несуцяшальныя вынікі для беларускай літаратуры. Аўтарам друкавацца ў Беларусі практычна няма дзе, чытачам у «Белкнізе» (а гэта, нагадаем, найбуйнейшая сетка кнігарняў, манапаліст) набыць няма чаго, бо беларускі сегмент гвалтоўна прарэджаны, і на паліцах адсутнічае большасць знакавых аўтараў.

Дрэнна з кнігамі на гістарычную тэматыку — акрамя твораў пра ВАВ і прапагандысцкую тэматыку, затое як ніколі шмат расійскіх выданняў. Таксама існуюць забароны і на распаўсюд кніг пэўных літаратараў у бібліятэках, згадку і, па некаторых звестках, нават цытаванне іх у  дзяржмедыя.

Акрамя таго, расказвае Таццяна Нядбай, у кнігарні і бібліятэкі прыходзяць правяральнікі — прычым не толькі з Мінкульта, але і з «органаў»:

— Як расказаў адзін з нашых рэспандэнтаў, «вельмі палка рэагуюць: кніга чырвоная з белымі літаркамі — гэта ўжо экстрэмізм, пачынаюць скандал».

Аналагічная сітуацыя — шматузроўневая цэнзура, спісы і пераслед «недобранадзейных» творцаў, выцісканне з прафесіі і з краіны — назіраецца ў мастацтве, музыцы, тэатры і кіно, музейнай справе, ахове спадчыны. Беларускія масткі канстатуюць: тыя, хто застаўся ў краіне, перайшлі з рэжыму чакання ў «рэжым маўчання».

Творчыя саюзы трапляюць пад ціск уладаў, якія імкнуцца пераключыць іх на ідэалагічныя задачы, складаюць характарыстыкі на кожнага старшыню саюза, могуць выключыць альбо прыпыніць сяброўства недстаткова лаяльных мастакоў. Пры гэтым чыноўнікі стараюцца дзейнічаць, не пакідаючы слядоў — забароны падаюцца як «рэкамендацыі» і перадаюцца вусна, па тэлефоне.

Незалежны тэатр, музыкі, кінапрадзюсары, аарт-менеджары — усё гэта засталося ў мінулай рэальнасці да 2020 года. Цяпер рэчаіснасць іншая: хвалі «чыстак» у культурніцкіх установах, рост колькасці бюракратычных перашкод з боку Мінкульта і іншых дзяржструктур, праверкі спецслужбамі, цяжкасці з правядзеннем мерапрыемстваў любога ўзроўню, немагчымасць заставацца ў прафесіі — па сутнасці, культура, як у савецкія часы, сыходзіць у падпольны фармат.

— Пасля 2020 года ўлады паставілі перад сабой маніякальную задачу: пакараць усіх, хто ўдзельнічаў у мірным пратэсце, — падсумоўвауе Таццяна Нядбай. — Адказваючы на пытанне, як змяняецца сітуацыя з рэпрэсіямі, рэспандэнты казалі пра рост іх колькасці і ўзмацненне жорсткасці.

Скрын прэзентацыі

Дзяржаўныя інстытуцыі культуры ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты, дзе патрабуюць усё больш лаяльнасці, квітнеюць даносы, складаюцца «спісы недобранадзейных».

Акрамя таго, як мінімум кожны трэці закранаў у размове тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую — гэта адчуваецца ў кожным сектары, ад тэатра і кіно да дзяржаўных СМІ і гарадскога асяроддзя.

Праз усе гэтыя чыннікі многія дзячы культуры вымушана знікаюць з публічнай прасторы — і агулам падаецца, што ў Беларусі нічога жывога ўжо не засталося. Але гэта не так, падкрэслівае Таццяна Нядбай: многія працягваюць працаваць, хай ананімна альбо «ў стол» — а ПЭН працягвае адсочваць сітуацыю, бо кожны факт парушэння правоў важны для будучыні, калі паўстане пытанне аднаўлення справядлівасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(13)