Филин

Юлія Кот

Класкоўскі: «На вялікую вайну з НАТО, думаю, няма пораху ані ў Лукашэнкі, ані ў Пуціна»

Палітычны аглядальнік — пра чарговы стэндап у выкананні двух правадыроў і пра тое, што засталося па-за кадрам.

Перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу, анансаваныя як працоўная сустрэча, адбыліся ў нядзелю. Малодшы саюзнік прывёз на сустрэчу карту «перакідвання ўзброеных сіл Польшчы да межаў Саюзнай дзяржавы».

А таксама паскардзіўся, што яго пачалі напружваць вагнераўцы, якія «просяцца на Захад», падтрымаў ранейшы пуцінскі наратыў пра тое, што Польшча прэтэндуе на Заходнюю Украіну, паабяцаў «падтрымаць заходняе насельніцтва Украіны, калі яны папросяць», і не забыў нагадаць пра план эканамічнага развіцця — з абавязковай расійскай падтрымкай.

Аднак правакацыйныя заявы, што прагучалі ў публічнай прасторы, хоць і выклікалі пэўную рэакцыю з боку суседніх краін, усё ж нагадвалі тэатралізаваную сцэнку. Тады дзеля чаго спатрэбіўся гэты візіт і што насамрэч абмяркоўвалі правіцелі? Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі падзяліўся з Филином першымі ўражаннямі і высновамі, якія можна зрабіць ужо цяпер.

Аляксандр Класкоўскі

— Натуральна, тое, што паказалі шырокай публіцы — гэта быў такі піяраўскі спектакль, — пагаджаецца эксперт. — Лейтматывам тут гучала з вуснаў Лукашэнкі, што «Вагнер» рвецца на «экскурсію ў Варшаву і Жэшуў». Жэшуў быў згаданы, бо там вялікі аэрадром, гэта хаб для перакідвання заходняй вайсковай тэхнікі ва Украіну.

Але гэта страшылка. Некалькі дзён таму Пуцін ужо «наехаў» на Польшчу, усяляк пагражаў ёй. Тут зразумела, што Маскву проста раздражняе пазіцыя Варшавы, яе паводзіны ў кантэксце вайны ва Украіне. Палякі вельмі шмат ёй дапамагаюць, падстаўляюць плячо, таму вырашана супольнымі намаганнямі напалохаць іх брэндам групоўкі, якой нібыта мора па калена.

Насамрэч гэта танны блеф — як кажуць у пэўных колах, кіданне пантоў. Таму што вагнераўцаў няшмат — хто кажа пра 3,5 тысячы, хто пра 5. Але нават калі іх прыездзе 10 тысяч, паводле некаторых заяў, то ўсё адно гэтага мала для поўнамаштабнай вайсковай аперацыі, наступу на Варшаву або на Жэшуў, або, як кажуць некаторыя маскоўскія спікеры, на прарыў Сувалкскага калідора.

Таму што гэта дэ-факта азначае вайну з краінамі НАТО— ці з Польшчай, ці яшчэ і з Літвой, а ім на дапамогу і іншыя могуць прыйсці. А на такую вайну у двух аўтакратычных рэжымаў няма ні рэсурсаў, ні людзей — у аперацыях такога маштабу павінны быць задзейнічаны дзясяткі, нават сотні тысяч вайскоўцаў.

Вагнераўцаў мала, яны без цяжкой зброі і таму здатныя толькі да гібрыдных правакацый. Такія правакацыі не выключаныя як на ўкраінскай, так і на польскай альбо літоўскай мяжы — але не болей за тое. На вялікую вайну з НАТО, думаю, няма пораху ані ў Лукашэнкі, ані ў Пуціна. Хто гэтым прыгожынскім арлам дасць узбраенне, хто будзе іх падтрымліваць? Міністр абароны Расіі Шайгу і начальнік расійскага генштаба Герасімаў — заклятыя ворагі Прыгожына, і меркаваць, што яны супольна будуць планаваць нейкую аперацыю — гэта са сферы фантастыкі.

Беларускі правіцель, падкрэслівае эксперт, даў зразумець у сваёй заяве, што наўмысна трымае наймітаў у цэнтры Беларусі, пад Асіповічамі, і шчыльна кантралюе іх. Так, Лукашэнка мусіць падгульваць Маскве ў яе страшылках, але насамрэч відавочна не зацікаўлены ўлазіць у вайну з НАТО, бо разумее, якой сакрушальнай можа стаць «ответка». Ды і вагнераўцаў ён сам пабойваецца.

Што засталося пераважна за кадрам? Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што гэта пытанні вайны, але ў іншым кантэксце — як выблытвацца з сітуацыі, калі бліцкрыгу не атрымалася, а расійскія войскі з цяжкасцю стрымліваюць украінскі контрнаступ (пры тым, натуральна, гучаць прапагандысцкія заявы, што ніякага наступу няма, а калі і быў, то ўвесь выдыхнуўся, што спалены тысячы «Леапардаў» і «Брэдлі»).

— Для Масквы было б някепска зараз знайсці варыянт замірэння — на яе ўмовах, каб не адкочвацца на межы да 24 лютага 2022 года, — заўважае эксперт. — І невыпадкова Лукашэнка ў якасці рупара Крамля раз-пораз закідае вуды пра замірэнне. Хоць беларускі правіцель і сам не прагне глыбей ўлазіць у гэту вайну, яму непрыемна мець ярлык суагрэсара і не хочацца атрымаць ордэр у Гаагу, таму і прапануе, маўляў, давайце ўсё гэта спынім. Іншая рэч, што ад Лукашэнкі тут мала што залежыць.

Думаю, за кулісамі два гэтыя правадыры акурат разважалі, як у вайскова-палітычным плане выблытвацца з цяперашняй сітуацыі, калі кінулі авантурны выклік усяму развітаму дэмакратычнаму свету. Гэта першы трэк іхніх перамоў.

Другі — эканамічны. Лукашэнка карыстаецца любой нагодай, нават негатыўнай, каб атрымаць пэўны гешэфт. Вось і цяпер кажа: а давайце распрацуем супольны план, як нам выжываць ва ўмовах заходніх санкцый з апорай на ўласныя сілы, прапануе гэткае чучхэ на дваіх.

Ягоная любімая кружэлка, што гучыць раз за разам,— Савецкі Саюз жыў жа ва ўмовах ізаляцыі, у варожым атачэнні — і нічога, усё выраблялася. Але, па-першае, сказаўшы «а», ён не кажа «б» і забывае згадаць, што Савецкі Саюз урэшце разваліўся, не вытрымаўшы канкурэнцыі з ЗША і ўсім заходнім светам, а па-другое, ён не ўлічвае, што цяпер іншая эпоха, значна болей тэхналагічная — і ва ўмовах санкцый тэхналагічны разрыў будзе павялічвацца.

Натуральна, што «Інтэграл» не пераплюне тайваньскіх вытворцаў мікрасхем, дзеля гэтага няма ніякіх рэсурсаў. Але на сёння тыя ж беларускія мікрасхемы за малінку ідуць у Расію, бо расійцам лепей купляць іх у Мінску, чым выкалупваць з імпартных пральных машын. Лукашэнка карыстаецца магчымасцю атрымаць пад маркай імпартазамяшчэння нейкія нішы на расійскім рынку, рэсурсы, льготы. І Пуцін, які раней было што падціскаў гэтыя апетыты, прыкручваў газавы вентыль і шантажаваў, цяпер як ніколі шчодры.

— У цяперашнім візіце ўражвае ягоная хуткасць. Калі падчас саміту НАТО Лукашэнка цэлы тыдзень інспектаваў палі і фермы, то зараз адклаў усе справы і ў выходны дзень паляцеў на перамовы. На вашу думку, ці варта чакаць такіх жа хуткіх наступстваў, ці тое, да чаго дамовіліся правадыры, выплыве не адразу і незаўважна?

— Тут цяжка прагназаваць, бо палітыка Крамля непрадказальная. Мы ўбачылі за апошнія паўтара года, што расійскае кіраўніцтва здольнае на абсалютна нерацыянальныя рашэнні, паколькі знаходзіцца ў палоне імперскай логікі, ідэалагічных стэрэатыпаў.

Іншая рэч, што рэсурсы і імпэт у Пуціна, думаю, ужо не тыя. Мяцеж Прыгожына, хоць і быў хутка купіраваны, падобна, збіў пыху з крамлёўскага валадара— і той выглядае даволі збянтэжана, блякла апошнім часам. Нават тое, што ён вымушаны быў пасля бунту прыняць прыгожынцаў у Крамлі, шмат пра што кажа.

Таму я не лічу, што за гэтымі піцерскімі заявамі будуць рэальныя крокі — ну не пойдзе заўтра «Вагнер» наступам на Кіеў, не пачне прарываць Сувалкскі калідор. Збольшага, мяркую, усё застанецца як ёсць.

Праўда, застаецца яшчэ інтрыгоўнае пытанне ядзернай зброі ў Беларусі. Аднак, хоць затоеныя пагрозы яе прымянення гучаць, наўрад ці Пуцін вырашыць заўтра ўдарыць з Беларусі па Украіне ці Польшчы, як ён прыгразіў некалькі дзён таму, «всеми имеющимися средствами».

Але не выключаю, што неўзабаве гэту зброю могуць прадэманстраваць. Бо шмат гучыць галасоў, быццам нічога насамрэч не завезлі і ўсё гэта «танныя панты». Паводле логікі пацаноў, якой і Пуцін, і Лукашэнка часта кіруюцца, трэба прад’явіць нешта ў натуры. І такога кшталту дэманстрацыі могуць быць.

А вось сімптомаў падрыхтоўкі шырокамаштабнай вайсковай аперацыі з удзелам вагнераўцаў, прынамсі на сённяшні дзень, няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(31)