Филин

Вікторыя Захарава

Класкоўскі: «Адзіная сумленная стратэгія для праціўнікаў рэжыму сёння — гэта стратэгія жабы ў смятане»

Палітычны аглядальнік — пра крытыку АПК, «драму моманту» і акно магчымасцяў, якое засталося.

Чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, аб стварэнні якога было абвешчана ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь», апублікавалі вынікі першых 100 дзён працы.

У справаздачы гаворыцца, у прыватнасці, пра крокі па выбудоўванні адносін з ключавымі міжнароднымі партнёрамі, падрыхтоўцы ўдзельнікаў «мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці ў Беларусі», працягу міжнароднага ціску на рэжым, падрыхтоўцы транзітнага перыяду, наладжванню стасункаў з беларускімі ініцыятывамі па ўсім свеце і г.д.

Пра агульныя ўражанні і высновы ад справаздачы АПК, хібы, дасягненні і перспектывы далейшай ягонай працы «Филин» пагутарыў з палітычным аглядальнікам праекта Позірк Аляксандрам Класкоўскім.

— Сама справаздача выглядае бюракратычным дакументам і выклікае цэлы шэраг пытанняў, — зазначае эксперт. — Пачнем з таго, што першыя сто дзён працы кабінета былі звязаныя з шэрагам скандалаў, незалежныя медыі ставілі перад камандай Святланы Ціханоўскай вострыя, непрыемныя пытанні. Але ў справаздачы ўсё звялося да фармулёўкі, што, маўляў, была велізарная кампанія дыскрэдытацыі АПК — нібыта акцэнт, зроблены на сілавым сцэнары перамен у Беларусі, выклікаў раздражненне ўладаў і адпаведную дзейнасць спецслужбаў.

Гаворка не пра тое, каб наноў разбіраць па костачках кожны скандал. Але ж нават сама Ціханоўская прызнала, што былі памылкі ў гісторыі з прызначэннем, а потым хуткім сыходам Таццяны Зарэцкай з пасады ў АПК, што каманда дэмакратычнага лідара не праверыла як след кандыдатуру (у прыватнасці яе бізнес) і няправільна рэагавала на скандал.

А тут атрымліваецца, што ўсе тыя пытанні, якія ставілі незалежныя медыі і пра кейс Зарэцкай, і пра пранікненне агента сілавікоў у «Ч*рную кн*гу Беларусі», і пра пагадненне аб неразгалошванні, або NDA, якое многім здалося занадта жорсткім, — зводзяцца нібыта да дзейнасці па дыскрэдытацыі.

То-бок замест прынцыповага падыходу мы бачым жаданне спісаць усё на рахунак ворагаў. Гэта, на мой погляд, непавага да грамадскасці і незалежных медыя. Складнік камунікацыі з імі, з шырокай аўдыторыяй пакуль што кульгае на абедзве нагі, і гэта відавочная праблема для кабінета.

Таксама, на думку Аляксандра Класкоўскага, далёка не ў поўнай ступені кабінету ўдалося рэалізаваць дэклараваную мэту аб’яднання дэмакратычных сіл. АПК «не стаў самастойным феноменам», а ў нейкай ступені застаецца ў цені офіса Ціханоўскай — падзелу функцый, правобразу падзелу ўладаў не адбылося, і тут ёсць над чым працаваць.

«Патэнцыял сілавога сцэнару можа быць правераны толькі на практыцы»

Акрамя таго, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, у справаздачы вельмі нестае канкрэтыкі. Складваецца ўражанне, што аўтары дакумента хочуць як мага даражэй «прадаць» наяўнасць у АПК так званых «сілавых міністраў»:

— Але тут жа падкрэсліваецца, што з меркаванняў сакрэтнасці многае не будзе расказана, і ўсё гэта застаецца рэччу ў сабе. Наколькі, напрыклад, удалося наладзіць адносіны з тым жа палком Каліноўскага, які выглядае асноўнай баявой адзінкай, што ў межах сілавога сцэнару можа рэальна нешта зрабіць? Так, былі рэпартажы пра падрыхтоўку людзей з так званых харугваў, але наколькі яна маштабная і эфектыўная, мы не ведаем. Ці спрацуе план «Перамога», які так рэкламуецца, — таксама ніхто не ведае.

Патэнцыял сілавога сцэнару, які распрацоўваецца ў межах АПК, можа быць правераны толькі на практыцы, але калі гэты дзень настане, невядома. Таму доўгі час, спасылаючыся на сакрэтнасць, можна казаць, што праца ідзе, мы напагатове, — але ці паверыць гэтаму шырокая грамадскасць?

З аднаго боку, заўважае аналітык, незалежная сацыялогія паказвае, што запыт на сілавы сцэнар вельмі ўзмацніўся сярод перакананых праціўнікаў рэжыму пасля таго, як стала зразумела, што мірныя пратэсты не спрацавалі. А з другога боку, праз нейкі час непазбежнае расчараванне:

— За сто дзён не ўдалося нешта рэальна зрабіць, і праз дзвесце — вельмі малаімаверна, што гэтая «армія Андэрса», як патэтычна казаў хто-кольвек, пойдзе пераможным маршам на Мінск. І значыць, многія з тых, хто цяпер загарэўся ідэяй сілавога сцэнару, расчаруюцца ў ім.

І другі аспект — як гэту перспектыву ўспрымае вялікі слой так званага электаральнага балота, умоўна нейтральнага? Мне здаецца, на гэтым полі вялікія шансы згуляць паспяхова мае якраз рэжым, ягоная прапаганда, таму што беларусы баяцца ўсялякай вайны — а тут у вачах многіх устае прывід вайны грамадзянскай.

Як мінімум кабінет мусіць лепей тлумачыць, што з яго гледзішча сілавы сцэнар не разглядаецца як панацэя, што ён можа быць нейкім элементам змены ўлады ў сітуацыі татальнага крызісу. Пакуль гэтых нюансаў, прапрацоўкі піяраўскіх момантаў апазіцыйным штабам відавочна нестае.

На жаль, даводзіцца канстатаваць, што структуры праціўнікаў рэжыму ў пэўнай ступені паўтараюць заганы самога рэжыму ў тым, што тычыцца завышанай сакрэтнасці, сыходу ад вострых пытанняў, заяў, што крытыка — гэта найперш падкопы ворагаў.

«Тут трэба казаць пра драму моманту»

Пры ўсім тым, падкрэслівае эксперт, не выпадае толькі крытыкаваць АПК за нязробленае — бо ён не ў стане скочыць вышэй за пояс. Задачы сфармуляваныя амбіцыйныя — аднаўленне законнасці ў Беларусі і абарона яе незалежнасці, — але пытанне ў тым, наколькі яны рэалістычныя ў сённяшніх умовах.

— Што, напрыклад, можа зрабіць кабінет у плане абароны незалежнасці Беларусі ў сітуацыі, калі тут расійскія генералы пачуваюцца як гаспадары — і не выключана, што заўтра Крэмль увогуле выкруціць Лукашэнку рукі ды прымусіць уступіць сваімі войскамі ў вайну. Якія б заявы ні выдаваў кабінет, але гарантаваць, што не будзе фатальнага для Беларусі развіцця падзей, ён не можа.

Напэўна, тут трэба казаць пра драму моманту. Натуральна, дэмакратычныя сілы, выціснутыя ў эміграцыю, мусяць дэклараваць нейкія важныя мэты, ды ці ёсць у іх сродкі і магчымасці, каб змяніць сітуацыю, калі супраць лома няма прыёму?

Разам з тым варта адзначыць і поспехі АПК — на думку Аляксандра Класкоўскага, найбольшыя яны ў галіне міжнародных сувязяў.

— Хоць фактычна Ціханоўская і да стварэння кабінета трыумфальна ездзіла па дэмакратычных краінах, сустракалася з лідарамі, прасоўвала беларускае пытанне — і вельмі важна, што ва ўмовах вайны ва Украіне яно ўсё ж такі не знікла з міжнароднага парадку дня.

Хаця і тут ёсць «але». Іншым разам поспехі перавялічваюцца. Вось у траўні Ціханоўская была ў Чэхіі, яе каманда рапартавала, што вырашаныя ледзь ці не ўсе вострыя пытанні, звязаныя ў тым ліку з легалізацыяй палітычных мігрантаў, з навучаннем студэнтаў-беларусаў, — а праз тыдзень чэшскія ўлады прымаюць жорсткі закон, які фактычна блакуе гэтыя магчымасці. Атрымліваецца, з ёй ветліва пагутарылі, раскланяліся, а ўсё адно працягнулі сваю лінію.

Таксама ёсць пытанні і пра санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі. Ціханоўская і яе атачэнне заклікаюць узмацняць санкцыі. Але, па-першае, ці надта прыслухоўваюцца цяпер да гэтага на Захадзе? Там палітыкі мусяць азірацца на электарат, які не ў захапленні ад росту інфляцыі, дарагоўлі энерганосьбітаў. Так што эмацыйныя заклікі павісаюць у паветры.

А па-другое, ці спрыяюць санкцыі таму, каб рэжым узняў лапкі ўгору і пачаў выпускаць палітзняволеных, адкручваць гайкі? Мне здаецца, пакуль што ўсё ідзе ў адваротным кірунку. І яшчэ момант: незалежная сацыялогія сведчыць, што большасць беларусаў — за тое, каб санкцыі былі знятыя. Можна, канечне, наракаць на несвядомасць абывацеляў, але факт тое, што ў гэтым пытанні рыторыка апазіцыйных лідараў і настроі грамадства вельмі дысануюць.

Да таго ж у пэўнай ступені пад уплывам санкцый рэжым яшчэ больш збліжаецца з Расіяй і ахвяруе кавалкамі суверэнітэту. Таму пытанне ўзмацнення санкцый выглядае не так проста і адназначна, як пра тое гавораць некаторыя палымяныя выступоўцы з каманды Ціханоўскай, над усім гэтым трэба разважаць болей глыбока і комплексна.

«Стратэгія жабы ў смятане»

Значная частка праблем у дэмакратычным асяроддзі, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, назапасілася праз форс-мажорныя абставіны:

— Калі апазіцыя, грамадскія актывісты, незалежныя медыя выціснутыя ў эміграцыю, непазбежна пачынаюцца звадкі, разборкі паміж сабой. Гэта, на жаль, бяда ўсіх эмігранцкіх асяродкаў. Пры тым усе гэтыя буры ў шклянцы вады, думаю, збольшага праходзяць незаўважанымі ў самім беларускім грамадстве, бо сёння там пануюць іншыя настроі і іншыя праблемы клапоцяць людзей.

У гэтым сённяшняя драма ўсіх тых, хто кінуў пальчатку рэжыму і быў вымушаны з’ехаць за мяжу, ратуючыся ад турмы, ад пераследу. Ва ўмовах жорсткай дыктатуры, насаджэння татальнага страху ў грамадстве яго на сённяшні дзень немагчыма разварушыць, арганізаваць страйкі, пратэсты, іншыя формы дзеянняў, якія маглі б пахіснуць рэжым.

А з іншага боку — у тых, хто прэтэндуе на лідарства ў дэмакратычным руху, выбару няма: трэба дэклараваць нейкія радыкальныя, прынцыповыя мэты, а калі праходзіць пэўны час і яны не рэалізуюцца, то непазбежная крытыка, бо грамадства заўжды ўскладае на палітычны авангард завышаныя чаканні.

Свае першыя сто дзён АПК сустракае ў арэоле крытыкі. Насамрэч цуду адбыцца і не магло — не тая сітуацыя. Ад Ціханоўскай і яе каманды патрабуюць нейкай чароўнай стратэгіі, каб заўтра ці праз месяц зваліць рэжым, але, магчыма, на сёння яе папросту няма.

Праводзячы гістарычныя паралелі, Аляксандр Класкоўскі зазначае, што цяпер у Беларусі ідзе фаза контррэвалюцыі:

— Так у Расійскай імперыі, куды некалі ўваходзілі і беларускія землі, пасля паразы рэвалюцыі 1905 года, у 1907-м, ні Ленін, ні Пляханаў, ні Троцкі не маглі прапанаваць цудадзейны сцэнар звяржэння царызму. Але гэта адбылося нечакана нават для таго ж Леніна ў 1917-м, калі бушавала імперыялістычная вайна і супярэчнасці ўнутры імперыі дасягнулі свайго піку.

Таму многае залежыць ад стыхійнага развіцця падзей, у нашым выпадку — ад сюжэту вайны ва Украіне. А ён вельмі цяжкі і на сённяшні дзень непрадказальны.

Што ў такіх абставінах можна рабіць, каб наблізіць перамены ў Беларусі? На маю думку, адзіная сумленная стратэгія — стратэгія жабы ў смятане, як я яе называю: трэба не здавацца, варушыцца — мо і пашэнціць збіць масла. Важна пры гэтым па магчымасці пазбягаць памылак, вучыцца на іх і быць максімальна адкрытымі і шчырымі, каб не нагадваць у некаторых выпадках паводзіны ўладаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)