Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Стаўленне краін свету да вайны Расіі супраць Украіны рознае, часам вельмі далёкае ад адназначнага асуджэння»

Ці варта здзіўляцца, што дэлегацыя афіцыйнага Менску бярэ ўдзел у абмеркаванні правоў чалавека ў Нью-Ёрку.

Намеснік міністра МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч пабываў на гэтым тыдні ў штаб-кватэры ААН. У Нью-Ёрку беларускі дыпламат «растлумачыў практыку аздараўлення ў Беларусі дзяцей з іншых краін, у тым ліку Украіны», а таксама распавядаў пра поспехі ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця, браў удзел у сустрэчы эканамічных камісій ААН, абмяркоўваў супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ і нават «пытанні ўзаемадзеяння ў праваабарончай сферы».

У той жа час міністр замежных спраў Сяргей Алейнік праводзіць сустрэчы на Кубе і ў Нікарагуа: размаўляе пра турызм, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і сумесныя праекты ў розных сферах.

Здавалася б, паколькі беларускія ўлады абвінавачваюць у саўдзеле ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, і гэта можа мець сур’ёзныя наступствы, прыярытэты мусілі быць расстаўленыя інакш: больш важныя пытанні абмяркоўваць на больш сур’ёзным узроўні. Альбо акурат такім размеркаваннем Беларусь прадэманстравала, што лічыць для сябе больш важным? І чаму наогул прадстаўнікоў дзяржавы-суагрэсара запрашаюць у ААН і ЮНІСЕФ, абмяркоўваюць супрацоўніцтва?

Каб разабрацца ў гэтых пытаннях, Филин звярнуўся да палітолага, дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча.

Андрэй Казакевіч

— Такая арганізацыя сустрэч і візітаў не выглядае незвычайнай, — тлумачыць палітолаг. — Удзел у міністэрскім сегменце Форума, а таксама сустрэчы на яго палях насілі пераважна характар інфармавання. Перамоваў і тым больш прыняцця рашэнняў не было на парадку дня, а цэнтральнае месца займалі абмеркаванне бягучых пытанняў.

Трэба зазначыць, у Форуме прынялі удзел усяго 160 нацыянальных дэлегацый і толькі 90 з іх былі прадстаўлены міністрамі ці намеснікамі міністраў.

Удзел Амбразевіча таксама выглядае лагічным, дадае эксперт: менавіта гэты намеснік міністра звычайна прадстаўляе ўлады Беларусі на пляцоўках ААН.

— Трэба ўзгадаць, што да свайго прызначэння намеснікам міністра ён сем год быў пастаянным прадстаўніком пры аддзяленні ААН у Жэневе, а да гэтага тры гады ўзначальваў галоўнае ўпраўленне шматбаковай дыпламатыі МЗС.

— Сярэдзіна 2023 года, другі год вайны, а на пляцоўках ААН з прадстаўнікамі дзяржавы-суагрэсара вядуць гутаркі пра мэты ўстойлівага развіцця і супрацоўніцтва и правы чалавека. Чаму?

— Рэч у тым, што на ўзроўні ААН Беларусі ніколі не прызнавалася дзяржавай-суагрэсарам. Ніводнай рэзалюцыі супраць Расіі і Беларусі, па зразумелых прычынах, на ўзроўні Рады Бяспекі ААН не прымалася, прадстаўніцтва Беларусі ў ААН ніякім чынам не абмяжоўвалася.

Беларусь застаецца членам ААН і мае права працаваць ва ўсіх вызначаных арганізацыяй фарматах. Таму ўдзел беларускай дэлегацыі ў абмеркаванні бягучых спраў, у тым ліку правоў чалавека, не мусіць здзіўляць.

Стаўленне краін свету да вайны Расіі супраць Украіны рознае, часам вельмі далёкае ад адназначнага асуджэння. А пастаяннае прадстаўніцтва Расіі і Кітая ў Радзе бяспекі ААН дазваляе блакаваць найбольш важныя рашэнні па гэтым пытанні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(14)