Казак: «Войска ў Беларусі — беларускае, лукашэнкаўскае ці рускае?»

Спецыяліст па нацыянальнай бяспецы — пра тое, навошта сілавікі заўсёды кажуць пра пагрозы ад НАТА, армію і супрацьстаянне структур паміж сабой.

Аляксандр Казак. Фота з асабістай старонкі Facebook

— Рэжыму патрэбны нейкі аспект, каб згуртаваць сярод сваіх жа вайскоўцаў, міліцыянтаў нейкі аргумент, чаму трэба трэніравацца, слухацца вагнераўцаў і пераймаць іх досвед, — кажа палітолаг Аляксандр Казак у эфіры Еўрарадыё. — Я не думаю, што натаўскія танкі пойдуць на Беларусь, але аспект таго, што трэба згуртаваць вайскоўцаў, ёсць.

Людзі, якія служылі ў войску або спецпадраздзяленнях, распавядаюць прыкладна адно і тое ж. Пра інфармацыйныя гадзіны, дзе кажуць, якія натаўскія войскі страшныя, як яны хочуць заняволіць усіх і знішчыць як толькі могуць. Гэта гаворка не пра рэальныя пагрозы, а для згуртавання вайскоўцаў вакол сябе.

Мы таксама можам згадаць новыя навучальныя праграмы па допыце на англійскай мове, вывучэнне танкавых нямецкіх, амерыканскіх, брытанскіх карпусоў, артылерыйскіх фарміраванняў.

Там было напісана вельмі шмат памылак, і ў першую чаргу, на маю думку, гэта кажа пра недахоп прафесійных кадраў, якія былі б гатовыя з нейкай базай прыходзіць у войска. Не будзем прыхоўваць, што пасля гэтых заняткаў у 10-11 класах пэўная частка маладых хлопцаў пойдзе ў войска.

Палітолаг таксама адказаў на пытанне пра погляды беларускай арміі:

— Войска ў Беларусі — беларускае, лукашэнкаўскае ці рускае? Няма дакладных звестак. Мы можам гэта бачыць толькі па ўскосных прыкметах, якія кажуць, што ёсць ўнутраны падзел і ўнутраная бойка паміж вайсковымі або спецструктурамі, напрыклад ГУБАЗІК і КДБ апошні час паміж сабой змагаюцца.

Я ўпэўнены, што вялікая частка войска сапраўды стаіць за рэжымам, малая частка могуць быць прабеларускімі афіцэрамі, але гэта хутчэй за ўсё адзінкі. І трэцяя частка — тыя, хто сапраўды верыць у адзіную вялікую Русь, у якіх Пуцін — гэта ўсё.

Казак таксама лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца.

— Сістэма разбудаваная так, што яе трэба нечым карміць. Вось Лукашэнка і корміць. Па-другое, у яго зараз няма жадання і патрэбы спыняць рэпрэсіі.

У хвалях рэпрэсій, безумоўна, ёсць канкурэнцыя паміж структурамі. Чатыры гады таму ўсе пужалі адзін аднаго кэдэбэшнікамі. «Родина помнит, родина слышит», маўляў, сядзяць кэдэбэшнікі і кожнага слухаюць.

Потым гэта раптам змянілася: рэпрэсіўную і страшную ініцыятыву страху перахапілі ГУБАЗІКаўцы. Напэўна, ёсць нібыта рэўнасць, злосць, недаацэненасць, і ўсё гэта перакладаецца ў спаборніцтвы паміж сабой. І спыніцца гэта толькі з падзеннем рэжыму Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(11)