Казак: «Лукашэнка пачаў дыстанцыявацца ад грамадскіх спраў на карысць мілітарызацыі»

Палітолаг, эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак — пра праверкі баявой гатоўнасці беларускай арміі і чым яна можа адказаць НАТА, а таксама тлумачэнне слоў Зяленскага пра «дыпламатычную акупацыю Беларусі»

— Падобныя праверкі баявой гатоўнасці — гэта насамрэч абсалютна нармальна, — кажа Аляксандр Казак у эфіры Еўрарадыё. — Але давайце глядзець на маштаб таго, што будзе адбывацца. І вось гэта можа нас крыху непакоіць.

Мы можам звяртацца да інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі гаюн», які трапна выкладае ўсе вайсковыя часткі, аддзяленні, брыгады, якія будуць удзельнічаць у гэтай праверцы.

Аляксандр Казак. Фота з асабістай старонкі Facebook

Мне падаецца, што гэтыя дзеянні Лукашэнкі і яго рэжыму звязаны з выказваннямі пра тое, што Францыя і іншыя краіны Захаду думаюць пра тое, каб закінуць свае войскі на тэрыторыю Украіны.

Таму, лічыць эксперт, рэжыму трэба чымсьці адказваць, і не столькі для знешняга слухача, колькі для ўнутранага.

— Я думаю, што Захад ужо дайшоў да той кандыцыі нерваў і разумення Расіі як пагрозы, што гатовы не выказваць заклапочанасць, а ўжо нашмат больш. І гэта правільна.

Аналітыкі сутыкаліся з тым, што, магчыма, расстаноўка войск НАТА будзе ўздоўж мяжы з Беларуссю, каб разгрузіць узброеныя сілы Украіны і перакіраваць на больш запатрабаваныя кірункі. Але мы ведаем, што па старой традыцыі, якая цягнецца амаль 30 год, гэта будзе яшчэ адна падстава, каб рэжым пачаў візгатаць: «Ай-яй-яй, навокал лязгаюць гусеніцамі НАТАўскія танкі».

У Казака спыталі, чым беларуская армія ў выпадку, калі НАТА нападзе на Беларусь (на гэтых пагрозах часта спекулюе рэжым — С.), зможа адказаць.

— Я абсалютна ўпэўнены, што нічога падобнага здарыцца не можа. Але чым можа адказаць Беларусь? Тут ёсць вельмі стары анекдот: калі на нас нападзе вораг, мы плац прыбярэм, ложкі засцелім і бульбы ім натрэм. Ну вось амаль тое самае і будзе.

Беларускае войска не тое, каб прыстасаванае да разумення і вядзення баявых дзеянняў, прынамсі ў межах вучэнняў хоць неяк набліжаных да рэальных.

Эксперт па нацыянальнай бяспецы таксама растлумачыў заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Беларусь дыпламатычна акупавана Расеяй, а беларускім сілавым блокам кіруе Пуцін.

— Тут гаворка пра палітычную акупацыю, пра моцнае ўкараненне расійскай думкі і расійскага палітычнага наратыву ўнутры Беларусі.

То бок па сутнасці Беларусь сама можа вырашаць, каго і дзе прэсаваць, весці сваю эканоміку і гаспадарку, але ў гучных палітычных рашэннях усё павінна быць скаардынавана так альбо інакш з Расеяй.

Але трэба не забываць, што заявы Зяленскага маюць свае падставы часам не столькі факталагічныя, а ў межах палітыкі, якая неабходна для Украіны і яе наратыву. Гэта нармальна, так дзейнічаюць шмат краін.

Напэўна, у Зяленскага ёсць інфармацыя і падставы, каб казаць, што сілавым блокам Беларусі кіруе Пуцін. Але разам з тым я магу сказаць, што не тое, каб з ім пагаджуся. І самы банальны, просты аргумент на гэта можа быць пытанне, чаму тады беларускія войскі не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны?

Так, карысталіся тэрыторыяй, тэхнікай, інфраструктурай, але не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны.

Я пераканы ў тым, што ёсць пэўныя людзі, часткі, якія сапраўды адданыя больш Пуціну, а не Лукашэнку. Але, хутчэй за ўсё, гэта вынікае з неразумення сапраўднай інфармацыі і таго, што адбываецца ўнутры расійскага войска. Увесь гэты «ура-патрыятызм» вельмі хутка скончваецца на тым, як яны бачаць, як іх сябру адрывае руку, нагу, галаву.

На дадзеным этапе, дадае Казак, ён не мяркуе, што ёсць моцныя падставы і факты таго, што можа дайсці да атакі краін Балтыі. Канешне, калі гэта ўсё ж такі адбудзецца з тэрыторыі Беларусі, то прылятаць будзе і па Беларусі.

— Трэба таксама падкрэсліць, што Лукашэнка зараз нібы мяняе сваё амплуа. Ён пачаў дыстанцыявацца ад грамадскіх спраў: медыцыны, гаспадаркі, эканомікі і іншага на карысць мілітарызацыі. Лукашэнка зараз займаецца кіраваннем войска, рэфармацыяй у ім. Магчыма гэта страх, магчыма, каб паказаць Пуціну: глядзі, мы займаемся, мы робім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(7)