Кавалеўскі: «Ёсць рызыка, што адносіны паміж Украінай і Лукашэнкам могуць вярнуцца да таго стану, які быў да вайны»

Прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі выступіў са справаздачай перад Каардынацыйнай радай.

— Распрацаваны план дзеянняў па кроках на міжнароднай арэне па абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Беларусі, а таксама падыходы да перагляду адносін з Расіяй. Гэта неабходны крок да падрыхтоўкі геапалітычнага развароту Беларусі, — сказаў Кавалеўскі падчас свайго выступу.

Расійская агрэсія абвастрыла пытанне геапалітычнага выбару, Беларусь не можа сабе дазволіць цесныя адносіны з дзяржавай, якая дзейнічае, каб знішчыць наш суверэнітэт і нашу нацыянальную ідэнтычнасць.

Адносіны з РФ мусяць быць цалкам перагледжаныя з мэтай ліквідацыі залежнасці нашай краіны ад волі Крамля, і вывад расейскіх войск будзе толькі пачаткам гэтага працэсу.

Па словах прадстаўніка АПК, ёсць рамка таго, як менавіта будуць перагледжаны адносіны з РФ пасля дэмакратычных змен у нашай краіне. Гэта прадугледжвае выхад з некаторых пагадненняў, напрыклад, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, некаторых эканамічных пагадненняў, якія могуць шкодзіць суверэнітэту Беларусі. 

Замест адносін з Расіяй Кавалеўскі кажа пра развіццё адносінаў з нашымі еўрапейскімі суседзямі.

Таксама спікер заявіў пра распачаты праект нацыянальнага пашпарту новай Беларусі, які зараз развіваецца. Дакумент мае за мэту пацвердзіць беларускае грамадзянства і служыць яго ўладальнікам праязным дакументам. Узор такога пашпарту можа быць гатовы ў снежні, на дадзены момант распрацаваны графічны дызайн дакумента.

Апроч гэтага, Кавалеўскі паведаміў пра дарожную карту таго, як можна палепшыць адносіны дэмсіл з Украінай.

— Гэты план быў перададзены ўкраінскаму боку на розных узроўнях, у тым ліку прадстаўнікам Офіса прэзідэнта. Ён разглядаецца тым бокам, разам з тым адзначу, што супрацоўніцтва з украінскім бокам адбываецца на самых розных узроўнях.

Гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Украінай сапраўды працягваюць мець месца. Для нас гэта даволі балючая тэма ў тым сэнсе, што мы ўсе разумеем, што ёсць рызыка, ёсць той сцэнар, пры якім адносіны паміж Украінай (пасля перамогі ў тым ліку) і Лукашэнкам могуць вярнуцца да таго стану, які быў да вайны. І нас такая перспектыва турбуе. Мы трымаем гэтае пытанне ў кантактах з украінскімі партнёрамі.

На пытанне пра тое, ці ёсць у беларускіх дэмакратычных сіл зносіны з расійскай апазіцыяй, Кавалеўскі адказаў так:

— Да сённяшняга дня мы не бачылі выразнай пазіцыі расійскіх дэмакратаў да таго, як яны бачаць знешнюю палітыку Расіі пасля дэмакратычных змен. Калі б яны прыйшлі да ўлады, што б гэта азначала да краін-суседзяў. Ці сапраўды яны гатовы адмовіцца ад імперыялізму, ад каланіяльных практык у тых раёнах, з якімі яны з’яўляюцца суседзямі?

Да гэтага мы не бачылі выразнай заявы ад расійскіх дэмакратаў, што яны гатовыя ісці гэтым шляхам і для іх не будзе праблемай, калі Беларусь скажа, што хоча быць у НАТА ці што мы ўсе павальна хочам размаўляць на беларускай мове, ці на якой мове мы б захацелі б размаўляць. Думаю, пакуль мы не пабачым прагрэсу, нашыя адносіны будуць заставацца бессістэмнымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(29)