Кавалеўскі: «99% поспеху пашпартнага праекту залежаць ад таго, ці будуць яму давяраць беларусы і замежныя ўрады»

Прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі распавёў, на якім этапе зараз распрацоўка пашпарта Новай Беларусі, а таксама пракаментаваў прызначэнне паслом па асаблівых даручэннях ад Украіны Ігара Кізіма.

— Матэрыялы для вырабу дакументаў з’явяцца ў Вільні да 10 сакавіка. Прыкладна тры тыдні пойдзе, каб вырабіць узоры гэтых дакументаў — іх будзе каля 500. Яны будуць патрэбныя, каб мы маглі звярнуцца да нацыянальных урадаў краін з запытам прызнаць яго як міжнародны прымальны дакумент, — кажа Кавалеўскі ў эфіры Еўрарадыё.

Валер Кавалеўскі

— Паралельна мы вырашаем пытанне з фармаваннем каманды, каб пашпартны цэнтр быў вельмі добра тэхнічна абгрунтаваны, каб там працавалі прафесіяналы. Бо прызнанне таксама будзе залежаць ад таго, хто працуе над гэтым праектам. Мы находзімся ў незвычайнай сітуацыі, бо любы пашпартны цэнтр унутраных спраў краін у любы момант можа выдаць новы дакумент, які будзе апрыёры прызнаны. Мы не маем такой раскошы.

Нам трэба рабіць кожны крок вельмі грунтоўна і даказваць, што нам сапраўды можна давяраць — 99% поспеху пашпартнага праекту залежаць ад таго, ці будуць яму давяраць. Ці не будуць баяцца беларусы перадаваць свае персанальныя дадзеныя гэтаму праекту, ці будуць давяраць замежныя ўрады, бо яны задаюцца пытаннем, ці не будуць гэтыя дакументы выдавацца ў чужыя рукі.

Кавалеўскі лічыць, што перспектывы ў праекта пашпарта Новай Беларусі ёсць, але падкрэслівае, што ў яго вельмі высокія рызыкі. Ён адзначае, што орган выдачы пашпарту будзе знаходзіцца ў Літве, але таксама распрацоўваюцца ўмовы для падачы дакументаў на атрыманне пашпарта ў Еўразвязе і паўночнай Амерыцы.

Прадстаўнік па замежных справах таксама пракаментаваў прызначэнне паслом па асаблівых даручэннях ад Украіны Ігара Кізіма.

— Гэта тое, чаго мы чакалі вельмі даўна. Тут я аддаю належнае экспертнай супольнасці Украіны, якая падняла гэта пытанне і зрабіла адмысловы зварот да Офісу Зяленскага з прапановай зрабіць такое прызначэнне. Рэакцыя прыйшла хутка — літаральна праз паўтара-два месяцы.

Мы верым, што патэнцыял нашых адносін вельмі значны. У нас агульная сур‘ёзная праблема, і каб эфектыўна з ёй змагацца, трэба рабіць гэта разам. Мы вельмі шмат рабілі, каб падтрымаць Украіну ў гэты момант. Разам з тым мы бачым, што Украіна таксама выказвала зацікаўленасць у тым, каб Беларусь была дэмакратычнай вольнай краінай.

Але разам з тым патрэбны практычная рухі, дзеянні, каб пацвярджаць, што гэта сапраўды так. Што менавіта тая Беларусь, якая стане вольнай еўрапейскай краінай больш не будзе пагрозай для Украіны. І гэтыя дзеянні, спадзяюся, мы будзем распрацоўваць разам са спадаром Кізімам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(16)