Каронавірус: Цэх мінскага завода імя Вавілава ідзе ў адпачынак
Адміністрацыя прадпрыемства пацьвердзіла Радыё Свабода факт заражэньня адной з супрацоўніц.
На менскім заводзе імя Вавілава на тыдзень у водпуск адпраўлены гальванічны цэх. У ім працуе да 100 чалавек. Прычына — у адной з працаўніц цэху знайшлі каранавірус.
Гэтую інфармацыю, якую ў аўторак 31 сакавіка Свабодзе на ўмовах ананімнасьці перадала крыніца з прадпрыемства, сёньня пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу. З карэспандэнтам Свабоды пагадзіўся сустрэцца намесьнік генэральнага дырэктара заводу імя Вавілава Вячаслаў Кузьняцоў.
Вячаслаў Кузьняцоў пацьвердзіў зьвесткі пра выпадак захворваньня на каранавірус, спаслаўшыся на дадзеныя санітарнай службы Першамайскага раёну.
— У панядзелак у другой палове дня пазванілі з санстанцыі і сказалі, што ў нашай працаўніцы знойдзены каранавірус, тэст даў станоўчы вынік. У аўторак мы праверылі ўсіх працаўнікоў цэху, ім замяралі тэмпэратуру.
Прыкмет іншых захворваньняў ня выявілі, але з мэтай прафіляктыкі прапанавалі працаўнікам цэху да канца тыдня пабыць на хатнім рэжыме. З захаваньнем дзьвюх трэціх заробку. То бок гэты цэх, № 13, сапраўды не працуе, але ўсё прадпрыемства працягвае працаваць, як раней. У цэху № 13 праведзеныя патрэбныя санітарныя захады, — паведаміў Вячаслаў Кузьняцоў.
Што вядома пра працаўніцу заводу імя Вавілава, якая захварэла на каранавірус?
Паводле намесьніка гендырэктара заводу спадара Кузьняцова, працаўніца, якая захварэла на каранавірус, цяпер у шпіталі:
— Яе стан стабільны. Нашыя мэдыкі штодня зь ёй зьвязваюцца, пагаршэньняў няма.
Як магла захварэць працаўніца заводу, Вячаслаў Кузьняцоў зьвестак ня мае:
— Да таго, як нам стала вядома пра яе хваробу, яна была на бальнічным. Ведаем, што нядаўна за мяжу яна не выяжджала.
Пра ўзрост хворай Вячаслаў Кузьняцоў сказаў: «Скажу гэтак, набліжаецца да перадпэнсійнага».
На менскім мэханічным заводзе імя Вавілава працуе каля 2,5 тысячы чалавек. На прахадной, празь якую праходзяць на працу і працаўнікі суседняга заводу «Пэленг», вартаўнікі ўжо сядзяць у мэдычных масках.
Некалькі чалавек у масках выходзілі з прадпрыемства, калі на прахадной афармлялі пропуск для карэспандэнта Свабоды.
— Я сама зь іншага цэху, але ведаю, што ёсьць выпадак каранавірусу на гальваніцы. Так, але мы працуем, — сказала жанчына, якая сябе не назвала.
Што будзе далей з 13-м цэхам?
Паводле намесьніка гендырэктара заводу імя Вавілава Вячаслава Кузьняцова, пытаньне, ці запрацуе гальванічны цэх праз тыдзень, будзе вырашацца на пачатку будучага тыдня.
— Шмат залежыць ад сумежнікаў у Расеі. Яны якраз таксама тыдзень не працуюць, таму мы можам сабе дазволіць адправіць гальваніку ў адпачынак, а як будзе далей, паглядзім, — сказаў спадар Кузьняцоў. Зь ягоных словаў, ён падтрымлівае кантакт зь некаторымі працаўнікамі 13-га цэху, якія цяпер на хатнім карантыне. «Кажуць, у іх стан здароўя нармальны, просяцца на працу», — сказаў Вячаслаў Кузьняцоў.
У 13-м цэху заводу Вавілава, які адпраўлены ў адпачынак, працуе да 100 чалавек.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное