Филин

Юлія Кот

«Кантэнт, які цяпер робіць «Беларусьфільм», толькі даказвае, што такая студыя наогул не патрэбная»

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі — пра тое, ці з’явіцца ў краіне «таленавітае кіно» пасля змены кіраўніцтва нацыянальнай кінастудыі.

На «Беларусьфільме» адбыліся кадравыя перастаноўкі: Уладзіміра Карачэўскага ў крэсле дырэктара нацыянальнай кінастудыі змяніў Юрый Аляксей, экс-кіраўнік Гродзенскага абласнога кінавідэапракату і ідэолаг са стажам. Новы кіраўнік, якому правіцель даручыў «здымаць таленавітыя карціны пра сучаснасць», сходу прызнаўся ў любові да савецкага кіно і падзяліўся амбіцыйнымі планамі.

Юрый Аляксей сцвярджае, што кіно здымаецца не дзеля забавы, а каб «трансляваць пэўныя погляды і ідэі гледачам». Таму хоча рабіць на «Беларусьфільме» негламурныя серыялы для тэлебачання, пра жыццё і праблемы сапраўдных людзей. А яшчэ — патрыятычныя мультфільмы, у прыватнасці, пра дзяржсімволіку; дзіцячае, маладзёжнае, дакументальнае кіно патрыятычнай скіраванасці.

Дарэчы, новы «ідэалагічны правільны» фільм «На другім беразе», які распавядае пра «цяжкія для беларусаў часы польскай акупацыі», прыйдзе ва ўсе айчынныя кінатэатры ўжо ў верасні, да так званага свята дня народнага адзінства.

Пра тое, што зменіцца на студыі ад перастаноўкі складовых, чаму беларускія ўлады дагэтуль кіруюцца ленінскімі ўстаноўкам пра кіно, і ці стануць ідэалагічныя стужкі запатрабаванымі ў гледачоў, Филин пагутарыў з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім.

Тарас Тарналіцкі. Фота: Еўрарадыё

— Лукашэнка, калі прызначаў новага кіраўніка, якраз цытаваў Леніна, гэту недарэчную фразу пра «галоўнае мастацтва», — зазначае суразмоўца, — таму было прадказальна, што і Аляксей будзе далей трымацца гэтай лініі.

Дый сам Аляксей, нагадвае кінакрытык, — зацяты ідэолаг, які пачаў будаваць кар’еру яшчэ з часоў БПСМ (арганізацыя-папярэднік БРСМу), і знаёмы з тэмай патрыятычнага выхавання нашмат болей, чым з кіно і мастацтвам.

— Ён у гэтай сістэме цалкам чаканы персанаж. Але я не сказаў бы, што Карачэўскага абавязкова павінны былі зняць — пасля 2020-га той старанна паказваў сваю эфектыўнасць, у тым ліку ў ідэалагічным плане. І пры ім адбываліся вялікія змены на кінастудыі: рэпрэсіі, выхад ідэалагічнага кіно (як «Ліст чакання» пра медыкаў, якія не хочуць з’язджаць з краіны), дакументальных фільмаў пра дасягненні Беларусі пры Лукашэнку, пра Вялікую Айчынную і «генацыд беларусаў», таксама летась былі заключаныя дамовы з Генпракуратурай аб стварэнні мультфільмаў пра генацыд…

Таму тое, што прыйшоў на месца Карачэўскага Аляксей, нічога не змяняе, толькі больш умацоўвае гэты вектар працы студыі, які ўжо існуе з канца 2020 года.

«Акцэнтаваная прапаганда пра савецкі перыяд»

— Новы дырэктар плануе больш актыўна выкарыстоўваць для патрыятычнага выхавання анімацыю і дакументалістыку — ці не апошняе, чым рэальна мог ганарыцца «Беларусьфільм». Як мяркуеце, што атрымаецца з ідэі патрыятычных мультфільмаў?

— Насамрэч і раней на кінастудыі ствараліся па-добраму патрыятычныя мультфільмы. Так, была серыя «Аповесць мінулых гадоў», гісторыка-пазнавальная, пра ўзнікненне гербаў беларускіх гарадоў (у 2006-2014 гадах выйшла 8 частак — Ф.). Але тое, што прапануецца зараз, — ужо акцэнтаваная прапаганда, хутчэй не пра гісторыю, а пра савецкі перыяд, які цяпер вельмі часта згадваюць і ўлады, спрабуючы зрабіць саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі.

«Беларусьфільм» займаецца ідэалогіяй з моманту свайго стварэння, заўважае Тарас Тарналіцкі, але цяпер мастацтва на ім становіцца яшчэ меней, а ідэалагічных наратываў — болей. І хоць гэты кірунак чаканы, нічога добрага ён не нясе.

Прыкладам, з сярэдзіны 2010-х, звяртае ўвагу крытык, «Беларусьфільм» пачаў выпускаць мультфільмы пра вайну — раней нават у савецкія часы тэмы Другой сусветнай, ці вайны наогул, у дзіцячай анімацыі не было. Да таго ж агулам пагоршыўся стан дакументалістыкі: тое, што здымалася ў нулявых і дзясятых гадах, не параўнаць з фільмамі, якія выйшлі пасля 2020-га:

— Іх, па шчырасці, нецікава глядзець, нават па працоўнай неабходнасці. Масавага ж гледача тэмы, звязаныя з ідэалагічнымі наратывамі, зусім не прывабліваюць.

— Новы дырэктар упэўнены: «глядач чакае, каб на экранах з’явіліся сапраўдныя людзі, іх рэальныя дасягненні і праблемы». Пра медыкаў такое кіно ўжо знялі, куды далей — рушаць на заводы, да аграрыяў, да беларускіх касманаўтак, паказваць стваральную працу і народнае адзінства?

— У ідэолагаў увогуле дзіўнае разуменне пра «сапраўднае жыццё беларусаў». Тое, што ствараў «Беларусьфільм» апошнім часам у ігравым і дакументальным кіно — зусім не пра сучасныя праблемы, не пра рэчаіснасць. Я ўпэўнены: яны не ведаюць, чаго чакаюць гледачы, бо такіх апытанняў не праводзілася ні самой студыяй, ні дзяржаўнымі сацыялагічнымі агенцыямі.

Яны здымаюць тое, што замаўляе дзяржава, што цікава чыноўнікам ці непасрэдна Лукашэнку. А потым гэта дырэктыўна паказваюць па тэлебачанні, ці ў кінатэатрах , куды адміністрацыйна завозяць школьнікаў, салдат тэрміновай службы — фактычна, падняволеных людзей, якім можна загадаць.

Але звычайныя гледачы на такія стужкі квіткі не купляюць — то бок, гэта цалкам мёртванароджаны кантэнт.

«У сваіх кінатэатрах дагэтуль паказваюць галівудскае кіно ў пірацкім выглядзе»

— Чыноўнікі гавораць пра «культурнае імпартазамяшчэнне». Аднак і ў лепшыя часы «Беларусьфільм» не мог пахваліцца ўдарнай кінавытворчасцю, і часцей прадастаўляў свае пляцоўкі ў арэнду кінематаграфістам з іншых краін. На што разлік цяпер?

— Кінастудыя і сёння спрабуе даваць магчымасць замежным кінематаграфістам здымаць на сваіх пляцоўках, пытанне толькі ў тым, што асабліва ніхто не едзе. Так, былі індыйскія партнёры, нават знялі баявік — але зараз едуць у асноўным кінематаграфісты з постсавецкай прасторы: Узбекістана, Расіі, з аўтарытарных краін, з якімі яшчэ ёсць стасункі ў дзеючага рэжыму. Нават кітайскія кінематаграфісты не асабліва сюды імкнуцца.

Што датычна «імпартазамяшчэння» — на мой погляд, гэта бравада. Як і са звычайным імпартазамяшчэннем. Улады заўжды кажуць, што гэта не баг, а фіча, маўляў, будзем сваю эканоміку развіваць. Але бачна, што не вельмі-то развіваюць, няма магчымасцяў.

Нашы МАЗы гараць у Расіі, і гэта адбываецца якраз праз імпартазамяшчэнне, бо скарачаецца колькасць якасных імпартных дэталяў, а свае горшай якасці.

Тое самае і з кантэнтам. Яны могуць, канешне, казаць: будзем здымаць шмат кіно разам з расіянамі (гэта адбываецца, які праект ні вазьмі — летась быў навагодні фільм «Аліўе», потым «Чорны замак Альшанскі», «На іншым беразе», які спачатку называўся «Мы адзіныя»). Але гэта сведчыць толькі пра тое, што ахвотных не вельмі многа.

Не кажучы пра тое, хто будзе такое кіно глядзець. Чалавек, які мае магчымасць абіраць кантэнт, глядзець гэтыя фільмы па ўласным жаданні не стане. Таму гэта тупіковая стратэгія. Нікога яны не імпартазамесцяць — нават у сваіх кінатэатрах дагэтуль паказваюць галівудскае кіно ў пірацкім выглядзе! Словам, развагі пра «стратэгіі імпартазамяшчэння» гучаць смешна. Гэта раней не працавала, і зараз не спрацуе.

Па вялікім рахунку, здымаць «таленавітае кіно» ўнутры Беларусі няма каму, праз рэпрэсіі, «чысткі», выцісканне нелаяльных рэжысёраў, аператараў, тэхнічных і творчых спецыялістаў з краіны. Хіба што база кінастудыі засталася.

— На мой погляд, студыя — гэта не будынак, гэта людзі. А людзі яшчэ пры Карачэўскім збольшага былі выведзеныя за штат, а іншую частку звольнілі праз рэпрэсіі. Засталіся пэўныя кадры, з якімі можна дамовіцца, але гэта адзінкі, і амаль усе яны звязаныя з РФ.

Сапраўдных майстраў і нават проста рамеснікаў, якія добра ведаюць сваю справу, не вельмі многа. А талентаў увогуле няма. Ніякіх Лені Рыфеншталь ва ўладаў і не існавала.

Да 2020 года яшчэ была магчымасць неяк ангажаваць таленавітых людзей, але гэтыя фільмы паклалі на паліцу (нагадаем, стужкі «Купала» і «Авантуры Пранціша Вырвіча» так і не выйшлі ў пракат — Ф.).

І як працаваць у такой сітуацыі, калі табе робяць замову, а потым дыктуюць, як і што рабіць. Цікава такое толькі дзеля грошай, і тое з рызыкай, што твой фільм не пакажуць.

Таму на студыі, мяркую, засталіся вельмі адчайныя людзі, у якіх няма нейкіх планаў на будучыні. Хоць там былі і маладыя людзі, і сярэдняга веку, якія са сваімі партфоліа маглі б паспрабаваць некуды падацца, але яны баяцца гэта рабіць, трымаючыся за адну працу, можа, прагнуць нейкай стабільнасці ці не маюць магчымасці з’ехаць праз родных.

Хоць, на мой погляд, магчымасці ёсць заўсёды, і калі ты маеш жаданне рэалізаваць свой вопыт, «Беларусьфільм» — не адзіная пляцоўка для працы. А той кантэнт, які там цяпер робяць, толькі даказвае, што такая студыя наогул не патрэбная. Яна не стварае запатрабаваны гледачамі кантэнт, але апрацоўвае патрэбы дзяржавы, улады.

Ці патрэбная такая інстытуцыя, нават мастацкае прадпрыемства, у будучым у дэмакратычнай Беларусі? Мне падаецца, што не. Прынамсі ў такім выглядзе, як сёння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)