Политика
Анастасія Зелянкова

Кандыдаты ад БНФ не хочуць выконваць рашэнне партыі пра зняцце з выбараў, кіраўніцтва — пераглядаць сваю пазіцыю

Кандыдаты ад Партыі БНФ, якія балатуюцца ў парламент, накіравалі зварот кіраўніцтву, у якім аспрэчваюць рашэнне партыі пра зняцце з выбарчай гонкі. Гэты зварот яны перадалі 8 верасня на пасяджэнні Управы асабіста ў рукі кіраўніка партыі. Тым не менш Лявон Баршчэўскі адмаўляе, што атрымліваў такі дакумент, і кажа, што рашэнне партыі канчатковае і наўрад ці будзе пераглядацца.

— На пасяджэнні Управы БНФ гэты зварот быў перададзены кіраўніцтву партыі, — паведаміў “Салідарнасці” намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч. — Пад ім стаяць прозвішчы 15 кандыдатаў —вылучэнцаў ад Партыі БНФ з 19, якія ёсць у спісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Аднак насамрэч тых, хто збіраецца праводзіць агітацыйную кампанію на ўсіх яе этапах, значна болей.

Па словах Юрася Губарэвіча, рашэнне Сойму партыі БНФ пра зняцце сваіх кандыдатаў было прынята без уліку думкі тых, хто рэальна задзейнічаны ў выбарчай кампаніі, то бок саміх кандыдатаў і іх каманд.

— На той момант большасць кандыдатаў выказвалася менавіта за ўдзел ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі, — адзначае Юрась Губарэвіч. — Рашэнне Сойму было ад пачатку супярэчлівае. Наступныя падзеі, а менавіта тое, што пазіцыя Партыі БНФ па гэтым пытанні не была падтрымана АДС, а таксам тое, што гэтае рашэнне партыі не дасягнула пастаўленых мэтаў паўплываць на ўладу і змяніць умовы правядзення выбарчай кампаніі, — усё гэта прывяло да таго, што кандыдаты вырашылі звярнуцца да кіраўніцтва партыі з прапановай адмяніць рашэнне сойму.

Сярод тых, чые прозвішчы пазначаныя пад зваротам, значацца Сяргей Антусевіч, Вадзім Саранчукоў, Іван Шэга, Станіслаў Суднік (Гродзенская вобласць), Зміцер Шыманскі, Юрась Губарэвіч, Уладзімір Казека, Віталь Каратыш (Брасцкая), Мікалай Ляшчун (Мінская), Алесь Міхалевіч (Мінск), Алесь Чыгір, Андрэй Юркоў, Ягор Кастусёў (Магілёўская), Леанід Аўтухоў і Яраслаў Берніковіч (Віцебская).

Са свайго боку кіраўнік партыі Лявон Баршчэўскі адмаўляе, што атрымліваў гэты зварот.

— Дакументу такога няма. Гэта фальшыўка, — паведаміў “Салідарнасці” Лявон Баршчэўскі. — Ніякага дакумента з подпісамі ва Управу не паступала. Былі нейкія прыватныя размовы, абяцанні. Але ніхто ніякага дакументу не падпісваў і такого звароту няма.

— Мы перадалі дакумент асабіста ў рукі Баршчэўскага, — запэўнівае Юрась Губарэвіч. — Рэакцыя кіраўніцтва досыць дзіўная. Баршчэўскі адмаўляе, што такі зварот існуе на той падставе, што пад зваротам не стаяць уласнаручныя подпісы. Зразумела, аб’ехаць усю Беларусь, каб сабраць подпісы, за некалькі дзён проста немагчыма. Аднак я мог бы параіць кіраўніцтву патэлефанаваць кожнаму з кандыдатаў, і даведацца пра іх пазіцыю. Упэўнены, што яны не адмовяцца ад таго, што падтрымалі дадзены зварот, і пацвердзяць, што збіраюцца ўдзельнічаць у кампаніі да дня галасавання.

— 20 верасня Сойм партыі будзе разглядаць усе звароты, якія нам паступалі, і прымаць адпаведныя рашэнні, — адзначыў Лявон Баршчэўскі. — Аднак, яшчэ раз паўтаруся: такога звароту няма. У любым выпадку не думаю, што рашэнне пра зняцце кандыдатаў будзе перагледжана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)