«Калі б у сістэмы было больш розуму, то знайшлі б формулу, як ўтрымацца ва ўладзе і не ламаць лёсы сотняў тысяч беларусаў»

Аналітык — пра тое, чаму ва ўладаў не атрымліваецца перакласці адказнасць за санкцыі на «калектыўны Захад» і хто наймацней нашкодзіў будучыні Беларусі.

Інтарэс да Беларусі з боку заходніх дзяржаваў за апошнія паўтара гады відавочна перасунуўся з пытанняў дэмакратыі, палітычных рэпрэсій, свабод і правоў чалавека на пытанне рэгіянальнай бяпескі. Яно актуалізавалася наноў у сувязі з перамяшчэннем ядзернай зброі і перадыслакацыяй ПВК «Вагнер», зазначае аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), экс-супрацоўнік беларускага МЗС Павел Слюнькін.

Павел Слюнькін

— Нават калі паглядзець артыкулы заходніх журналістаў, якія сустракаліся з Лукашэнкам, большасць з іх прысвечаная менавіта тэме вагнераўцаў у Беларусі, — зазначае аналітык у эфіры Еўрарадыё. — І толькі адна журналістка напісала пра тое, што адбываецца ў Беларусі: пра рэпрэсіі, пра тое, як людзі баяцца, як іх катуюць у турмах… Так выглядае беларуская павестка на Захадзе сёння.

Пры тым, разважае Павел Слюнькін, нават самыя жорсткія санкцыі, якія ўводзіліся за гэты час супраць рэжыму, не прывялі да палітычных пераменаў у Беларусі, а ўзровень рэпрэсій нават узмацніўся. Выходзіць, ранейшая схема — выбары - эскалацыя - торг - паляпшэнне — больш не працуе?

— Гэта вельмі адрозніваецца ад ранейшай сітуацыі, калі Захад ішоў на дыялог, бо з боку Мінску паступалі прапановы спыніць рэпрэсіі, нешта дазволіць. Так было, напрыклад, у 2007-2008 гадах, калі ў шапікі дапусцілі «Народную волю» і іншыя газеты, калі вызвалілі людзей, менш затрымлівалі, менш разганялі мітынгі і дазволілі пэўныя ліберальныя змены ў заканадаўстве.

То бок, выбар у чыноўніка з Парыжа, Бруселя, Вашынгтона стаіць такі: увесці абсалютна ўсе санкцыі, якія невядома, ці прывядуць да значнага эфекту (пры гэтым ад санкцый церпіць не толькі дзяржава, супраць якой яны ўводзяцца, але і свае краіны). Ці, разумеючы, што Лукашэнку не пасунуць, спрабаваць з ім дамаўляцца.

Думаю, калі б у 2021 годзе Лукашэнка не рабіў таго, што ён зрабіў — не саджаў самалёт, не пачынаў міграцыйны крызіс — то ў яго былі цалкам нядрэнныя шансы для таго, каб паступова адносіны калі не прывесці да ўмоўнай нормы, як у 2018-2019 годзе, то давесці да стану, калі з ім хаця б размаўляюць і нават амбасадараў прысылаюць.

Але быў выбраны іншы шлях, і гэта цалкам адказнасць Лукашэнкі.

Аналітык не згодны з меркаваннем, быццам Крэмль увесь час дыктаваў беларускаму правіцелю як дзейнічаць: як мінімум, падкрэслівае Павел Слюнькін, у 2020-м быў выбар не фальсіфікаваць выбары, не саджаць апанентаў, не ўжываць гвалт 9-11 жніўня.

— Магчыма, калі б у гэтай сістэмы было больш маралі, больш розуму і цікаўнасці да будучыні краіны, то яны маглі б знайсці формулу, пры якой яны ўтрымаліся б ва ўладзе, але не забіралі жыцці і не ламалі лёсы сотняў тысяч беларусаў. Але яны выбралі гэты шлях.

Тое самае тычыцца і міграцыйнага крызісу, і іншых крокаў: безумоўна, калі ты рвеш адносіны з заходнімі краінамі, то аўтаматычна вымушаны абапірацца на іншы полюс. Таму Лукашэнка павярнуўся да Масквы і рабіў тое, што ад яго чакалі — але казаць пра тое, што яго вымусілі, неяк дзіўна.

Мы можам тлумачыць паводзіны Лукашэнкі, але не апраўдваць яго. А паводзіны цалкам зразумелыя: ён хацеў застацца ва ўладзе, і хоча, і робіць усё, каб гэтага дасягнуць. Гэта галоўная мэта, а ўсё астатняе — пабочныя інструменты і рэчы, якія можна праігнараваць.

А што з настроямі ў атачэнні правіцеля, наколькі верагодны раскол эліт, калі, напрыклад, будзе выдадзены ордэр МКС на арышт Аляксандра Лукашэнкі?

— У раскол эліт я не веру, пакуль няма ўнутрыпалітычнай дэстабілізацыі такога кшталту, якая рабіла б відавочным, што гэты рэжым не ўтрымаецца. Улетку 2020 года ў МЗС нават блізка такога адчування не было: супрацоўнікі не верылі, што пратэсты прывядуць да сыходу Лукашэнкі, што яго ўлада пасыплецца. Інакш бы ў нас ужо гэтай улады не было.

Мая канцэпцыя датычна такіх рэжымаў палягае ў тым, што не раскол элітаў прыводзіць да калапсу рэжыму, а наадварот, раскол элітаў адбываецца з-за калапсу рэжыму. Калі людзі ўнутры разумеюць, што правадыр не ўтрымаецца, гэта правакуе рэакцыю, як снежны ком. І магчыма, у 2020 годзе не хапіла трошкі да гэтага. Але не было адчування, што вось той самы момант, з якога Лукашэнка не выберацца.

Таму разважаць, што ордэр на Лукашэнку нешта справакуе — не, гэта глупства. Нават саўдзел у захопніцкай вайне да гэтага не прывёў, то чаму раскол павінны выклікаць такія юрыдычныя рэчы? Дый Лукашэнка і так не асабліва вандруе па-за межамі Беларусі, каб магчымая выдача ордэру на нешта паўплывала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(26)