Кацярына Ваданосава: «Мы не забываемся пра тое, што напаткала нас, наш народ. Пра тое, што нам да гэтага часу баліць»

Ці знашлі творчыя людзі сабе ў эміграцыі?

Аляксандра Канафальская і Кацярына Ваданосава. Фота: скрыншот з эфіру Еўрарадыё

Мастачка Аляксандра Канафальская, а таксама паэтка і спявачка Кацярына Ваданосава, якія 29 верасня дадуць канцэрт у Варшаве, расказалі, ці знайшлі сабе месца ў эміграцыі.

— Хочацца верыць, што так. Адразу, як прыехала, мне пашанцавала: пазнаёмілася з суседкай полькай, а яна арганізатар канцэртаў. І праз паўгады яна зладзіла мой канцэрт, на які прыйшло 500 палякаў. Гэта дзіўна і неверагодна! Тут наадварот больш магчымасцей для творчага чалавека, — кажа Аляксандра ў эфіры Еўрарадыё. — З другога боку, застаецца сум і боль па радзіме. Тым больш, што там засталіся бацькі, жывёлы — у мяне 15 уратаваных сабак. Але Беларусь — яна ў цябе, у сэрцы. Таму гэта дае сілы.

Таксама тут ты маеш пэўную свабоду ў параўнанні з цяперашняй Беларуссю, каб гаварыць, маляваць, спяваць. Гэта дае сілы не спыняцца, а наадварот больш і больш крочыць наперад, штосьці рабіць для агульнай перамогі.

— Безумоўна, мы на канцэрце даем людзям магчымасць і адпачыць таксама. Але мы не забываемся пра тое, што напаткала нас, наш народ. Пра тое, што нам да гэтага часу баліць, — дадае Кацярына Ваданосава. — І, напэўна, ніколі не перастане балець. Мы бярэм на сябе адказнасць прымушаць людзей задумвацца, узгадваць, не здавацца і не страчваць надзеі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(12)